Дата пачатку: 2-я пал. XІІІ ст. Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка: горад у Віцебскай вобласці, цэнтр Гарадоцкага раёна
Назвы на іншых мовах: Городок (руская);
Гарадок – горад у Віцебскай вобласці, цэнтр Гарадоцкага раёна. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Віцебска, у 2 км ад чыгуначнай станцыі Гарадок на лініі Віцебск – Невель (Расія). Аўтадарогамі злучаны з Віцебскам і Езярышчам. Размешчаны на рацэ Гаражанка (прыток ракі Обаль).
Першае ўпамінанне паселішча ў летапісе адносіцца да 1128 г. з нагоды ваеннага паходу кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча ў Полацкую зямлю. У другой палове XIII ст. згадваецца як “Гарадок каля Полацка” ў сувязі з бітвай палачан з літоўскімі войскамі на чале з князем Мінгайлам, у ходзе якой Гарадок быў разбураны. У пачатку XVII ст. з’яўляўся мястэчкам у Віцебскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і знаходзіўся ў дзяржаўнай уласнасці.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Гарадок быў далучаны да Расійскай імперыі. У 1777 г. атрымаў статус горада і стаў цэнтрам Гарадоцкага павета спачатку Полацкай, з 1796 г. – Беларускай, з 1802 г. – Віцебскай губерняў. У 1834 г. у Гарадку заснавана аднакласнае павятовае прыходскае вучылішча. У 1839 г. быў уведзены ў эксплуатацыю ўчастак Бабруйскай шашы Гарадок – Віцебск, у горадзе з’явілася паштовая станцыя. У 1875 г. працавалі мужчынскае народнае вучылішча і жаночая пачатковая школа. Навучанне было платным, але па рашэнні педсаветаў школ дзеці з бяднейшых сялянскіх сем’яў ад платы вызваляліся. У чэрвені 1889 г. адкрыта павятовая двухкласная царкоўнапрыходская школа. У гэтым жа годзе была ўзведзена капліца, пры ёй дзейнічаў іконна-кніжны склад, які забяспечваў бібліятэкі прыходскіх цэркваў. Кнігі рэлігійна-духоўнага зместу выдаваліся жыхарам бясплатна. У 1905 г. у горадзе пражывала 6480 жыхароў, дзейнічалі 2 царквы (драўляная і мураваная), 2 каталіцкія капліцы, 10 яўрэйскіх малітоўных дамоў. Працавалі паравы млын, бальніца, аптэка, бібліятэка. Значнае развіццё атрымала вытворчасць керамікі. Падзеяй для горада і павета стала заснаванне ў 1908 г. рамеснай школы (адной з першых у губерні). У 1915 г. у час Першай сусветнай вайны з Дзвінска (цяпер Даўгаўпілс, Латвія) у Гарадок была эвакуіравана настаўніцкая семінарыя.
У 1917 г. Гарадок увайшоў у РСФСР, з сакавіка 1924 г. – у БССР, 17 ліпеня 1924 г. стаў цэнтрам Гарадоцкага раёна Віцебскай акругі. У 1928 г. у горадзе дзейнічалі ГЭС, конезавод, шавецкая прамыслова-кааператыўная арцель “Гігант”, панчошная арцель “Чырвоны кастрычнік”. У 1939 г. працавалі райпрамкамбінат, маслазавод, машынна-трактарная майстэрня, тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі і інш. 20 лютага 1938 г. Гарадок быў уключаны ў склад Віцебскай вобласці.
10 ліпеня 1941 г. горад быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія амаль поўнасцю яго разбурылі. У Гарадку і раёне акупанты бязлітасна знішчылі 5084 чалавек, у тым ліку ў створаным лагеры смерці 2,5 тыс. Месцам масавага забойства людзей было ўрочышча Вераб’ёвы горы, якое знаходзілася ў 2 км ад Гарадка. Ён вызвалены 24 снежня 1943 г. войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Гарадоцкай наступальнай аперацыі. Пасля вайны горад быў адбудаваны, узнавілі работу прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы.
У цяперашні час у Гарадку працуюць вытворчае КУП “Прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак”, рэспубліканскае казённае прадпрыемства “Цэнтр утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэння”, КУП “Гарадоцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм”, лясгас і інш. Дзейнічаюць аграрна-тэхнічны каледж, 2 сярэднія школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом культуры, цэнтральная раённая і дзіцячая бібліятэкі, Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці, раённы краязнаўчы музей, бальніца, кінатэатр. Фізкультурна-аздараўленчую і спартыўна-масавую работу праводзіць раённы фізкультурна-спартыўны клуб “Гарадок”. Выдаецца раённая газета “Гарадоцкі веснік”. У горадзе знаходзяцца праваслаўны храм святога апостала Андрэя Першазваннага (перабудаваны з будынка паштовай станцыі XIX ст.), Троіцкая царква (пабудавана ў 1999 г. на аснове будынка царкоўнапрыходскай школы 1903 г.), касцёл, мемарыяльны комплекс “Бессмяротнасць” на вайсковых могілках, магіла ахвяр фашызму. Устаноўлены помнік “Вызваленне” ў гонар савецкіх танкістаў, воінаў-вызваліцеляў.
Гарадок – радзіма Герояў Савецкага Саюза А. П. Сабалеўскага і І. А. Круміня.
У 2006 г. горад атрымаў сучасны герб – выява льва ў залатым полі барочнага шчыта.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
