Дата пачатку:
13.12.1943 Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць
Дата заканчэння:
31.12.1943 Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту у Вялікую Айчынную вайну
Назвы на іншых мовах:
Городокская операция (руская); Городокская операция 1943 (руская); Городокская операция 1943 г. (руская);
2205 сімвалаў
Даведка
Вызваленне Віцебшчыны пачалося з Гарадоцкага раёна ў кастрычніку 1943 г. Савецкія войскі авалодалі населенымі пунктамі Марчанскага, Руднянскага, Газьбінскага сельсаветаў, аднак у сярэдзіне лістапада наступленне было спынена. На лініі фронту ўтварыўся вялікі выступ, у аснове якога знаходзіўся раённы цэнтр Віцебскай вобласці г. Гарадок. Каб не дапусціць акружэння войск, якія прасунуліся на некалькі кіламетраў у глыбіню нямецкай абароны, штабам 1 га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы генерал арміі І.Х. Баграмян) быў распрацаваны план Гарадоцкай наступальнай аперацыі. Яе мэтай з’яўлялася ліквідацыя выступу, вызваленне Гарадка і далейшае наступленне ў напрамку Віцебска. Галоўная роля ў ажыццяўленні аперацыі адводзілася войскам 11 й гвардзейскай арміі (камандуючы генерал лейтэнант К.М. Галіцкі і 4 й ударнай (генерал-лейтэнант В.І. Швяцоў).
Гарадоцкая аперацыя пачалася 13 снежня 1943 г. Пасля масіраванай артылерыйскай падрыхтоўкі байцы 11 й гвардзейскай арміі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў наступленне. Яны ўварваліся ў траншэі першай лініі абароны праціўніка, аднак моцны агонь спыніў іх атаку. Наступленне 4 й ударнай арміі было больш паспяховым: байцы прарвалі галоўную паласу нямецкай абароны і прасунуліся на 5 км наперад. На наступны дзень у бой уступіла авіяцыя, якая бамбіла агнявыя пазіцыі і рэзервы ворага. У выніку за пяць дзён савецкія войскі акружылі і знішчылі групоўку праціўніка ў паўночна заходняй частцы гарадоцкага выступу. Адначасова з ліквідацыяй нямецкіх войск 23 снежня пачалося наступленне на Гарадок. У баях удзельнічалі байцы 83 й, 26 й, 11 й і 5 й гвардзейскіх дывізій. Пераадолеўшы па лёдзе рэчышча р. Гараджанкі, воіны Чырвонай арміі ўварваліся на паўночную ўскраіну горада. З дапамогай артылерыйскага і мінамётнага агню, а таксама танкавага дэсанта праціўнік быў знішчаны.
24 снежня 1943 г. Гарадок быў вызвалены. Рэшткі нямецкага гарнізона адступілі ў паўднёвым напрамку ў бок Віцебска. У выніку Гарадоцкай аперацыі фронт прасунуўся на 60 км. Былі разгромлены шэсць пяхотных дывізій і адна танкавая, ліквідаваны гарадоцкі выступ, вызвалена тэрыторыя раёна ад нямецка фашысцкіх захопнікаў і створаны ўмовы для наступлення на Віцебск.