Дата пачатку: 1382
Кароткая даведка: горад у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці
Назвы на іншых мовах: Давид-Городок (руская);
Давыд-Гарадок – горад у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, прыстань на р. Гарыні. Знаходзіцца за 35 км на паўночны ўсход ад Століна, 41 км ад чыгуначнай станцыі Гарынь на лініі Лунінец – Сарны (Украіна).
Паводле археалагічных звестак (даследаванні археолагаў Р. Якімовіча ў 1937–1938 гг. і П. Лысенкі ў 1967 г.), Давыд-Гарадок узнік яшчэ ў пачатку ХІІ ст. Мяркуюць, што заснавальнікам быў валынскі князь Давыд Ігаравіч. У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1382 г. як горад, цэнтр удзельнага Давыд-Гарадоцкага княства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Спачатку называўся Гарадком, на мяжы XIV–XV стст. ад аднаго з уладальнікаў, князя Давыда Дзмітрыевіча, атрымаў сучасную назву. У канцы XV – пачатку XVI ст. Давыд-Гарадок належаў князям Яраславічам, з 1522 г. – каралеве Боне Сфорца, з 1558 г. – магнатам Радзівілам. З 1586 г. горад знаходзіўся ў складзе Клецкай ардынацыі роду Радзівілаў. У кастрычніку 1648 г. у час антыфеадальнай вайны (1648–1651) пачалося выступленне сялян і гараджан супраць феадальнага прыгнёту, якое ўзначаліў войт Давыд-Гарадка І. Багдашэвіч. Паўстанне хутка пашыралася і ахапіла ўсю Давыд-Гарадоцкую воласць і суседнюю частку Пінскага павета. Сяляне грамілі маёнткі магнатаў, шляхты, духавенства, знішчалі дакументы на правы іх уладанняў, забіралі збожжа, жывёлу і інш. Паўстанне працягвалася больш за два гады, пасля чаго было жорстка падаўлена. У 1655 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) горад захапілі і спалілі рускія войскі стольніка Д. Валконскага.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. горад далучаны да Расійскай імперыі як цэнтр Давыд-Гарадоцкага павета Мінскай губерні, у 1796 г. стаў мястэчкам у складзе Мазырскага павета. У 1836 г. мясцовыя жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан, што паспрыяла яго эканамічнаму развіццю. Пачала дзейнічаць суднаверф, пашырыліся гандлёвыя сувязі з Вільняй, Варшавай, гарадамі Валыні і Бесарабіі. Згодна з перапісам 1897 г. у Давыд-Гарадку пражывала 7815 жыхароў. Працавалі 2 царквы, 3 малітоўныя дамы, народнае вучылішча, аптэка, праводзіўся штотыднёвы кірмаш. Насельніцтва мястэчка займалася дробным гандлем, сельскай гаспадаркай, сплавам лесу, шавецкім і дрэваапрацоўчым промысламі. Некаторыя жыхары працавалі на верфі па вытворчасці непаравых суднаў, служылі лоцманамі на караблях.
У лютым – снежні 1918 г. Давыд-Гарадок займалі германскія, у 1919–1920 гг. – польскія войскі. У 1921 г. паводле Рыжскага мірнага дагавора ён адышоў да Польшчы. У гэтым жа годзе стаў мястэчкам Лунінецкага павета Палескага ваяводства. У 1939 г. увайшоў у БССР, з 15 студзеня 1940 г. атрымаў статус горада і стаў цэнтрам раёна Пінскай вобласці. У гэты час тут дзейнічалі леса- і маслазаводы, 2 млыны, электрастанцыя, 3 сямігадовыя школы, кінатэатр і інш.
У час Вялікай Айчыннай вайны 7 ліпеня 1941 г. Давыд-Гарадок быў захоплены нямецка-фашысцкімі войскамі, якія знішчылі ў горадзе 402 жыхароў. У гады акупацыі дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобныя атрады. У ліпені і кастрычніку 1943 г. партызаны атакавалі размешчаны ў горадзе буйны гітлераўскі гарнізон, знішчылі варожыя адміністрацыйныя будынкі, узарвалі масты праз раку Гарынь, захапілі зброю, склады з харчаваннем і амуніцыяй. 9 ліпеня 1944 г. Давыд-Гарадок вызвалены войскамі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на Лунінецка-Пінскім напрамку. У Давыд-Гарадку знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2010 г. побач з горадам ва ўрочышчы Хіноўск адкрыты мемарыяльны комплекс, прысвечаны ахвярам фашызму (аўтар праекта Л. М. Левін).
Пасля вайны горад пачаў паступова аднаўляцца, наладжвалі работу прадпрыемствы, адкрываліся культурна-асветніцкія ўстановы. 8 студзеня 1954 г. Давыд-Гарадок уключаны ў склад Брэсцкай вобласці, 19 студзеня 1961 г. увайшоў у Столінскі раён.
У 1997 г. горад атрымаў сучасны герб – у чорным полі французскага шчыта выявы блакітнай ракі з залатым суднам, нагружаным таварамі, і сярэбранай прыстані з дзвюма вежамі.
У цяперашні час у Давыд-Гарадку працуюць 2 сярэднія школы, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, бібліятэка, музей гісторыі горада, гасцініца, бальніца. Дзейнічаюць электрамеханічны завод, хлебазавод, лясгас і інш. Штогод у студзені праходзіць народны карнавал – рэгіянальнае свята зімовых абрадаў “Конікі”. Захаваліся помнікі архітэктуры і археалогіі: Георгіеўская царква (другая палова XVII ст.), царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай (1913), гарадзішча XII–XIV ст.
Давыд-Гарадок з’яўляецца радзімай вучонага, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара А. М. Самсона, пісьменніка, кінасцэнарыста, драматурга, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Г. В. Марчука, паэта Л. В. Дранько-Майсюка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
