Дата пачатку: канец XV ст. Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Кароткая даведка: аграгарадок у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці
Лыскава – аграгарадок у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца за 43 км на паўночны ўсход ад Пружан, 132 км ад Брэста, 40 км ад чыгуначнай станцыі Ваўкавыск на лініі Баранавічы – Свіслач.
Населены пункт Лыскава мае даўняе паходжанне. Упершыню паселішча ўзгадваецца ў 1504 г. у Літоўскай метрыцы Вялікага Княства Літоўскага пад назвай Ваўкавыскія Лыскаўцы. Згодна з паданнем першыя жыхары высеклі ў пушчы невялікую плошчу – “лысіну”, дзе і пабудавалі свае дамы. Адсюль і пайшла назва. У 1527 г. Віцебскі ваявода Мацей Клочка стаў фундатарам драўлянага касцёла. Пасля яго смерці ў 1543 г. удава Кацярына Глябовіч перадала Лыскава каралеве Боне Сфорцы. У XVI ст. Лыскава мела статус велікакняжацкага ўладання і ўваходзіла ў Ваўкавыскі павет Навагрудскага ваяводства. З 1690 г. уладальнікамі Лыскава сталі прадстаўнікі рода Быхаўцаў. У той час тут налічвалася 33 двары. У 1751 г. Ян Быхавец, маршалак ваўкавыскі, запрасіў ордэн місіянераў, якому аддалі ўзведзены ў 1763–1785 гг. цагляны касцёл Святой Троіцы. Побач з ім быў заснаваны кляштар, пры якім дзейнічалі шасцікласная гімназія, шпіталь і бібліятэка. У другой палове XVIII ст. побач з касцёлам быў пабудаваны жылы корпус і яшчэ адзін касцёл у гонар Святога сэрца Ісуса, які ў народзе называлі “чырвоным”. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Лыскава ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі і было аднесена ў Ваўкавыскі павет Гродзенскай губерні.
У 1841 г. манастыр быў закрыты, касцёл стаў прыходскім, у 1866 г. пераўтвораны ў праваслаўную царкву. На працягу 1883–1884 гг. яна аднаўлялася пасля пажару пад кіраўніцтвам архітэктара П. Залатарова.
Згодна з 1-м Перапісам Расійскай Імперыі (1897) у Лыскаве налічвалася 868 жыхароў, 110 двароў, царква, сінагога, 2 млыны, 21 крама, 4 карчмы і рэгулярна праводзіліся 3 кірмашы. У ХІХ – пачатку ХХ ст. вёска Лыскава стала лічыцца мястэчкам, колькасць жыхароў якога дасягнула 1617 чалавек. У час Першай сусветнай вайны, з 1915 да восені 1918 г., мястэчка было акупіравана нямецкімі кайзераўскімі войскамі.
З 1 студзеня 1919 г. Лыскава стала адносіцца да ССРБ, а пасля лютага 1919 г. – да Літоўска-Беларускай ССР. З вясны 1919 г. мястэчка знаходзілася пад кантролем польскіх войск, які працягваўся фактычна да 1921 г. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лыскава ўваходзіла ў склад Польшчы ў статусе цэнтра Гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводства. На 1921 г. у мястэчку налічвалася 899 жыхароў, а царква зноў стала касцёлам. У 1930-я гг. тут жыло каля 2000 чалавек, меліся школа, мясцовая ўправа, акружная паліцыя, 6 пастаялых двароў, 14 гандлёвых лавак, 2 касцёлы, манастыр, драўляная царква, сінагога, 2 разы ў месяц праводзіліся кірмашы. У пачатку 1930-х гг. была ўзведзена адзіная ў Беларусі ў закарпацкім стылі царква (у гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы).
Восенню 1939 г. Лыскава ўвайшло ў склад БССР, 15.01.1940 г. атрымала статус вёскі Ружынскага раёна Брэсцкай вобласці, з 12.10.1940 г. стала цэнтрам сельсавета.
У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны вёска была акупіравана фашысцкімі захопнікамі, якія пачалі праводзіць у дачыненні да мясцовага насельніцтва палітыку генацыду, у першую чаргу ў адносінах да мясцовых яўрэяў. 2 лістапада 1942 г. каля 700 жыхароў гэтай нацыянальнасці былі прымусова вывезены з Лыскава ў Ваўкавыск, адкуль адпраўлены ў канцлагер Трэблінка. У выніку злачынстваў акупантаў у Лыскава было растраляна 650 яўрэяў, у сакавіку 1944 г. – 535 жыхароў і спалена 90 двароў. Ад захопнікаў вёска была вызвалена летам 1944 г. У памяць аб воінах, якія загінулі пры яе вызваленні, на брацкай магіле ў цэнтры вёскі ўзведзены манумент.
У 1948 г. у Лыскаве была арганізавана сельскагаспадарчая арцель імя Г. М. Малянкова, у 1960-я гг. пабудавана школа з цэглы разбуранага “чырвонага” касцёла, у 1976 г. у ваколіцах вёскі праведзена меліярацыя. У 1970-я гг. у Лыскаве пражывала звыш 600 жыхароў, а ў пачатку 2000-х гг. – 400 жыхароў і налічвалася 200 двароў.
У снежні 2006 г. вёска Лыскава ўвайшла ў склад Зеляневіцкага сельсавета, 8 кастрычніка 2010 г. яна атрымала статус аграгарадка. Для яго жыхароў працуюць дзіцячы сад, амбулаторыя агульнай практыкі, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў, дом культуры, бібліятэка, тры крамы, сталовая, пункт бытавога абслугоўвання, рамонтна-механічныя майстэрні, ААТ “Радзіма”, ветэрынарны пункт, лясніцтва, пажарны пост.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
