Дата пачатку:
паміж 1559 і 1562 гг. Нясвіж, г., Мінская вобласць
Дата заканчэння:
1572
Кароткая даведка:
першая на Беларусі друкарня, якая карысталася кірылаўскімі шрыфтамі
Назвы на іншых мовах:
Несвижская типография (руская);
1551 сімвал
Даведка
Першая на тэрыторыі Беларусі друкарня, якая карысталася кірылічным шрыфтам, была заснавана ў Нясвіжы. Ініцыятарам яе стварэння і фундатарам стаў М. Радзівіл Чорны. У арганізацыі друкарні ўдзельнічаў нясвіжскі староста М. Кавячынскі і кальвінісцкі прапаведнік Л. Крышкоўскі. Ідэйным кіраўніком у першыя гады існавання быў беларускі гуманіст, асветнік, рэлігійны дзеяч, філосаф, гісторык і паэт С. Будны. У 1562 г. ён выдаў у друкарні свае творы – «Катэхізіс» (першая кніга на беларускай мове) і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не збярогся). Напісаны ў форме пытанняў і адказаў «Катэхізіс» прызначаўся шырокім колам беларускага насельніцтва. Перад тэкстам былі змешчаны прысвячэнне Радзівілам і прадмова, дзе аўтар раіў князям вывучаць не толькі замежныя мовы, але і славянскую, на якой размаўлялі продкі. Выгляд кнігі, яе фармат, малюнак шрыфту, паліграфічнае размяшчэнне тэкстаў на старонках, тэхніка друку сведчаць пра свядомае імкненне С. Буднага развіваць друкарскія традыцыі Скарыны. У канцы 1562 г. у Нясвіж быў запрошаны Д. Ланчыцкі – адзін з самых вядомых друкароў таго часу. З 1563 па 1571 г. ён надрукаваў 11 выданняў, у асноўным творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Нясвіжская друкарня спыніла дзейнасць па загадзе М. К. Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне – «Біблія» (пераклад на польскую мову быў зроблены С. Будным) – дадрукавалі ў 1572 г. у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. У гэтым жа годзе друкарню выкупіў магнат Я. Кішка, які перанёс абсталяванне ў Лоск.