Катэхізіс – рэлігійная кніга, у якой асновы хрысціянскага веравучэння выкладзены ў форме пытанняў і адказаў. Першапачаткова азначала вуснае настаўленне асоб перад прыняццем хрышчэння пры пераходзе ў хрысціянства. З XVI ст. кніга стала навучальным дапаможнікам, мэтай якога было агульнае рэлігійнае навучанне вернікаў. Пачатак такім выданням паклаў М. Лютэр, які ў 1529 г. надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 г. у Ватыкане быў выдадзены «Рымскі катэхізіс», дзе выкладалася каталіцкая дактрына: сімвал веры, таінствы, дэкалог (10 запаведзяў), галоўныя малітвы. У сярэдзіне XIX ст. праваслаўны Мітрапаліт Філарэт (Драздоў) склаў «Прасторны катэхізіс», які доўгі час быў падручнікам па Закону Божаму. У 1562 г. у Нясвіжскай друкарні быў выдадзены на беларускай мове «Катэхізіс» Сымона Буднага, мысліцеля-гуманіста эпохі Адраджэння, рэлігійнага рэфарматара, тэолага, філолага, гісторыка, паэта, педагога, прадаўжальніка культурна-асветніцкай, нацыянальна-палітычнай і філасофскай традыцыі Ф. Скарыны.
«Катэхізіс» складаецца з 64 чатырохаркушавых і шасціаркушавага сшыткаў, надрукаваных у дзве фарбы, сігнатура сшыткаў адсутнічае. У кнізе 262 аркушы, фаліяцыя размешчана на верхнім баку кожнага аркуша ўнізе справа. Яна адкрываецца тытульным лістом, упрыгожаным вялікай застаўкай арабескавага характару. За тытулам змешчаны прысвячэнне князям Радзівілам, якім належаў Нясвіж. Прадмова да выдання носіць палемічны характар і пачынаецца словамі: «К всем благоверным христианом языка руского предъсловие в Катихисию» і вызначэннем: «Катихисис слово есть греческого языка, сказует же ся на словенскую речь оглашение или гласом учение». Кніга складаецца з чатырох частак, тэкст падаецца ў форме пытанняў і адказаў. У кароткім пасляслоўі названы імёны выдаўцоў, пазначаны месца і дата яе выхаду. Друкарскае афармленне выдання – застаўка на тытуле і канцоўка, аздоба з наборнага арнаменту.
Асветныя ідэі С. Буднага, выкладзеныя ў прысвячэнні, прадмове і пасляслоўі, напісаны пад уплывам поглядаў Ф. Скарыны. Да скарынінскіх тэкстаў узыходзіць і фраза, што тлумачыць мэту выдання, – «богу ко чти и посполитым людем языка руского к наказанью и доброму наученью». Змест кнігі сведчыць аб тым, што побач з рэлігійна-дагматычнымі пытаннямі ў рэфармацыйным руху Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы ў той час важнае месца займалі вострыя праблемы сацыяльна-класавага і палітычнага характару. У «Катэхізісе» С. Будны заклікаў пануючыя колы, у прыватнасці князёў Радзівілаў, клапаціцца аб развіцці беларускай культуры, адукацыі, роднай мовы. Ён пісаў: «Абы ваши княжацкия милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся теж... и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бавити рачили». Ідэі С. Буднага аб развіцці беларускай мовы, культуры – адзін з фактараў станаўлення нацыянальнай свядомасці. Разам з тым ён сцвярджаў неабходнасць засваення ўсёй сукупнасці еўрапейскай культуры, асуджаў езуітаў за іх рэлігійную нецярпімасць, папракаў тых праваслаўных дзеячаў, якія імкнуліся адмежавацца ад заходнееўрапейскай адукаванасці.
«Катэхізіс» С. Буднага стаў першай кнігай на беларускай мове, надрукаванай на тэрыторыі Беларусі. Гэты неардынарны філасофска-багаслоўскі твор, адметны па змесце і глыбіні выказаных думак з даўніх часоў прыцягваў увагу адукаваных людзей як у Вялікім Княстве Літоўскім, так і далёка за яго межамі. У 1696 г. ён упамінаецца ў прадмове маскоўскага патрыярха Андрыяна да «Праваслаўнага спавядання веры» П. Магілы. Вядома 10 экземпляраў «Катэхізіса» 1562 г., якія знаходзяцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве, Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу (3 экз.), Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве (2 экз.), Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве (2 экз.), Навуковай бібліятэцы Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў Нацыянальнай бібліятэцы Чэшскай Рэспублікі. У Празе захоўваецца таксама 20 асобных аркушаў кнігі, выяўленых у 1977 г. Найбольш поўныя санкт-пецярбургскія экземпляры «Катэхізіса» 1562 г. падрабязна апісалі бібліёграфы П.А. Гільтэбрант, І.П. Каратаеў, В.І. Лук'яненка, Ю.А. Лабынцаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.