У Беларусі і за яе межамі існуюць некалькі цэнтраў па захаванні, вывучэнні, прэзентацыі і папулярызацыі творчай спадчыны славутага паэта. Адным з галоўных з'яўляецца Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Мінску. Дзякуючы гэтай установе магчыма арганізаваць успрыняцце жыцця і творчасці таленавітага майстра слова як цэласнага феномена культуры, адчуць уздзеянне яго чароўнай і прыцягальнай паэзіі. Літаратурны музей Максіма Багдановіча – адзін з самых маладых у Беларусі. Заснаваны 23.07.1981 г. згодна з рашэннем Мінскага гарвыканкама паводле пастановы Бюро ЦК КПБ ад 19.09.1980 г.
Яго гісторыя пачалася з ідэі аб неабходнасці ўвекавечыць слаўнае імя генія беларускай літаратуры, аддаць даніну павагі таму, хто прысвяціў жыццё і творчасць народу. Калі ствараўся музей, большасць матэрыялаў, звязаных з іменем паэта, ужо знаходзілася на захаванні ў іншых музеях, бібліятэках, архівах не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі. Дзякуючы вядомаму бібліёграфу Беларусі, літаратуразнаўцу Н. Б. Ватацы захавана для будучыні тая невялікая колькасць дакументаў, фотаздымкаў, рукапісаў, кніг, што да 1960-х гг. знаходзілася ў нашчадкаў родных паэта. Плённая праца супрацоўнікаў, усіх прыхільнікаў яркага таленту творцы зрабіла магчымым узнікненне сапраўднага “храма Паэта”. Ён размясціўся ў двухпавярховым будынку ў Траецкім прадмесці – помніку гарадской архітэктуры XIX ст. – непадалёку ад таго месца, дзе знаходзіўся дом, у якім нарадзіўся класік беларускай літаратуры (зараз вуліца носіць імя М. Багдановіча).
З 1 красавіка 1981 г. музей пачаў дзейнічаць як установа культуры. Экспазіцыя была адкрыта для наведвальнікаў 8 снежня 1991 г. да 100-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча. У розны час музей узначальвалі М. П. Пазнякоў, Т. М. Кароткая, Л. Т. Хадкевіч, А. В. Бяляцкі, М. В. Трус, І. І. Думанская. З 2004 г. дырэктарам з'яўляецца Т. Э. Шэляговіч.
Кіруючымі прынцыпамі мастацкага афармлення музея сталі прыгажосць і хараство, якія пануюць у паэзіі М. Багдановіча. Яно стылізавана пад “мадэрн” – плынь канца XIX – XX ст. Аўтару канцэпцыі – заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь Э. К. Агуновічу – за афармленне экспазіцыі Літаратурнага музея была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі (1993). У аснову тэматыка-экспазіцыйнай канцэпцыі пакладзена структура адзінай прыжыццёвай кнігі паэта. Менавіта “Вянок” з яго паслядоўнай расстаноўкай цыклаў вызначыў будову экспазіцыі. Проза, публіцыстыка, крытыка таксама размеркаваны ў адпаведнасці з часам напісання і прывязкай да пэўных тэм па ўсіх пяці залах, размешчаных па кругу, сімвалізуючы жыццёвы шлях паэта. Кожны мемарыяльны прадмет з'яўляецца рэліквіяй, экспанатам-сімвалам.
Першая зала знаёміць з дзяцінствам і юнацтвам М. Багдановіча. Прадстаўленыя матэрыялы расказваюць пра бацькоў паэта, яго продкаў, раскрываюць вытокі творчасці і шматграннасць асобы (своеасаблівае раскрыццё цыклаў вершаў “У зачарованым царстве” і “Згукі Бацькаўшчыны”).
Матэрыялы другой залы адлюстроўваюць працэс станаўлення творчай індывідуальнасці М. Багдановіча: літаратурны дэбют у 1907 г. у газеце “Наша ніва” – апавяданне “Музыка”; паездку ў Вільню і Ракуцёўшчыну летам 1911 г. (творчасць паэта ў гэты перыяд – цыклы вершаў “Старая Беларусь”, “Места” і паэмы “Вераніка”, “У вёсцы”). Кампазіцыйным ядром залы з'яўляецца своеасаблівы “іканастас” – у першым радзе размешчаны 12 графічных партрэтаў дзеячаў старажытнай беларускай культуры, у другім – фотапартрэты беларускіх пісьменнікаў канца XIX – пачатку XX ст. Галоўныя экспанаты-сімвалы – слуцкі пояс і Статут Вялікага Княства Літоўскага (1588), Псалтыр Ф. Скарыны, пра якія пісаў у вершах М. Багдановіч.
Экспазіцыя трэцяй залы прысвечана тэме росквіту творчага таленту паэта. Яе дамінанты – зборнік вершаў “Вянок” і экспанаты, з дапамогай якіх раскрываецца творчае крэда “песняра чыстае красы” : “...добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?”. Больш за ўсё яно акцэнтуецца праз аздабленне столі – гіпсавую лепку ў выглядзе вянка з каласоў і васількоў.
Чацвёртая зала расказвае пра жанчын у жыцці і творчасці М. Багдановіча. Тут можна ўбачыць фотаздымкі маці паэта, яго сясцёр, цётак, пляменніцы, а таксама партрэт Ганны Какуевай, каханай паэта, якой ён прысвяціў цыкл “Мадонны”. Цікавым экспанатам гэтай залы з’яўляецца геліягравюра “Сіксцінская Мадонна” – копія вядомай карціны італьянскага мастака Рафаэля Санці, якой яшчэ ў дзяцінстве захапляўся М. Багдановіч (яе рэпрадукцыю калісьці М. Горкі падараваў А. Багдановічу – бацьку знакамітага паэта).
Атмасфера трагізму апошніх месяцаў жыцця маладога пісьменніка, хворага на сухоты, нязбытнасць мар у апошняй зале перадаюцца праз сімвалізм некалькіх экспанатаў і складанае мастацкае вырашэнне. На металічных струнах замацаваны стылізаваныя шчыты воінаў, на якіх выгравіраваны назвы тых зборнікаў, якія ён не паспеў выдаць. Праз ідэю вобраза “страцім-лебедзя” (аднайменны твор М. Багдановіча) раскрываюцца тэма няздзейсненых жаданняў, ідэя высокага прызначэння чалавека перад Сусветам. Дамінанта залы – кішэнны гадзіннік, які адлічыў апошнія імгненні жыцця паэта (падараваны Максіму яго бацькам).
Асноўны фонд музея налічвае 10812 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 6661. Сапраўднымі каштоўнасцямі з'яўляюцца творы М. Багдановіча, аўтографы, фатаграфіі, пісьмы. Самая вялікая калекцыя музея – кнігі. Сярод іх 6 экзэмпляраў адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў М. Багдановіча “Вянок” (3 экзэмпляры з аўтографам паэта), літаратура пра яго жыццё і творчасць, пераклады, прысвячэнні, творы мастацтва. Значную частку збору складаюць рукапісы: зборнік вершаў М. Багдановіча “Зеленя”, аўтографы вершаў “Я вспоминаю дом старинный” і “Я, бальны, бесскрыдлаты паэт...”, успаміны пра паэта (А. Багдановіча, З. Верас, Д. Дзябольскага і інш.). Калекцыя дакументаў прадстаўлена асабістымі матэрыяламі сям'і Багдановічаў, сваякоў, дакументамі грамадска-культурнага жыцця Беларусі, якія тычацца пытанняў ушанавання памяці пісьменніка.
Вобраз класіка беларускай літаратуры, яго шматгранная творчасць натхнілі многіх майстроў на стварэнне шматлікіх твораў мастацтва. У музеі захоўваюцца калекцыі жывапісу (59 карцін), графікі (425 работ), скульптуры (21 работа), а таксама кінафільмы пра М. Багдановіча, відэафільм, грампласцінкі, дыскі і запісы вершаў, песень і музычных кампазіцый на словы паэта, магнітафонныя запісы святочных мерапрыемстваў і ўспамінаў пра знакамітага майстра.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча мае два філіялы – “Беларуская хатка” (Мінск, 1991) і “Фальварак Ракуцёўшчына” (в. Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна, 1994). Яго матэрыялы былі выкарыстаны пры стварэнні экспазіцыі “Беларускі паэт з берагоў Волгі” ў Яраслаўлі (1992).
Музей вядзе актыўную фондавую, навукова-даследчую, культурна-адукацыйную, выставачную дзейнасць. Кожны год 9 снежня ён святкуе Дзень нараджэння М. Багдановіча, 25 мая – Дзень памяці паэта. Да 120-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала своеасаблівую бібліяграфічную манаграфію – электроннае выданне «Паэт красы і гармоніі», якое ўпершыню прэзентавалася падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах 4 верасня 2011 г.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча – адзін з самых прыгожых у Беларусі. Ён з'яўляецца сапраўдным культурным асяродкам для ўсіх прыхільнікаў таленту славутага майстра слова, яго паэтычнага, мастацкага свету. Музей карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод жыхароў і гасцей Мінска, кожны год разам з філіяламі прымае больш за 20 тыс. наведвальнікаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.