Кароткая даведка:
установа, адзін з буйнейшых літаратурных музеяў нашай краіны і адзіны літаратурны музей, які займаецца дакументаваннем літаратурнага працэсу ў Беларусі
Назвы на іншых мовах:
State Museum of the History of Belarusian Literature (не вызначана); Государственный музей истории белорусской литературы (руская);
3284 сімвалы
Даведка
Адзіны літаратурны музей, які займаецца дакументаваннем літаратурнага працэсу ў Беларусі ў шырокім гістарычным кантэксце: ад часоў узнікнення пісьменства да сённяшніх дзён, заснаваны ў Мінску ў 1987 г., адкрыты для наведвання ў 1991 г.
У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры сабраны фонд унікальных калекцый рукапісаў, рэдкіх кніг, фотаздымкаў, мастацкіх твораў, асабістых рэчаў і дакументаў беларускіх пісьменнікаў. Сярод найбольш значных па колькасці і адметнасці персанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў В. Быкава, В. Віткі, А. Вярцінскага, У. Караткевіча, У. Карызны, К. Крапівы, М. Лынькова, Я. Семяжона, І. Чыгрынава, І. Шамякіна і інш. Рарытэты музея складаюць рукапісныя кнігі (царкоўнага і свецкага зместу) і старадрукі XVII–XVIII стст. (Віленскай друкарні Мамонічаў, Полацкага езуіцкага калегіума, Нясвіжскай друкарні Радзівілаў); прыжыццёвыя выданні: “Гапон” В. Дуніна-Марцінкевіча (1855), “Вянок” М. Багдановіча (1913), “Абразкі” З. Бядулі (1913), “Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны” Я. Чачота (1845) і інш.; асабістыя рэчы, рукапісы, творы класікаў беларускай літаратуры, пісьменнікаў XIX – пачатку XX ст. (З. Бядулі, Цёткі, К. Буйло, Я. Купалы, Я. Коласа і інш.); каштоўныя выданні і перавыданні пачатку мінулага стагоддзя; кнігі з аўтографамі, экслібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, фотаматэрыялы XIX – пачатку XX ст.; матэрыялы, звязаныя з развіццём літаратурнага працэсу 1920–1930-х гг. У музеі захоўваюцца партрэты беларускіх пісьменнікаў, экслібрысы, ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры мастакоў Э. Агуновіча, В. Барабанцава, В. Бялыніцкага-Бірулі, А. Волкава, П. Драчова, А. Кашкурэвіча, А. Марыкса, Л. Шчамялёва і інш. Фонд музея налічвае 50 тыс. адзінак музейных прадметаў (на 2011 г.).
Музей праводзіць літаратурна-дакументальныя, мастацкія і фальклорна-этнаграфічныя выстаўкі. Значнае месца займаюць персанальныя літаратурныя выстаўкі, прысвечаныя юбілейным датам з дня нараджэння і выхаду твораў беларускіх пісьменнікаў. Змяняючы адна другую, выстаўкі раскрываюць тую ці іншую старонку гісторыі беларускай літаратуры. З 1991 г. тут праводзяцца Міжнародныя Гарэцкія чытанні, вынікам якіх з'яўляецца выданне навуковых зборнікаў. Да 60-годдзя вызвалення Беларусі падрыхтаваны тэматычны каталог “Пісьменнікі Беларусі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” (2005). У музеі ладзяцца творчыя вечарыны, літаратурныя сустрэчы, музейныя святы, прэзентацыі новых кніг, акцыі, конкурсы, уручэнні літаратурных прэмій, дэманструюцца міжнародныя выставачныя праекты ў галіне літаратуры. На аснове фондавых матэрыялаў з прымяненнем мультымедыйных праграм навуковыя супрацоўнікі праводзяць лекцыі і педагагічныя заняткі для школьнікаў. У 2005 г. музеем заснавана намінацыя “Сябра музея”, паводле якой граматамі ўзнагароджваюцца творчыя асобы і арганізацыі, якія спрыяюць развіццю музейнай справы. Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры мае наступныя філіялы: Літаратурны музей К. Чорнага ў в. Цімкавічы (Капыльскі раён), Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе” ў в. Завоссе (Баранавіцкі раён), Музей-сядзіба Ф. Багушэвіча “Кушляны” ў в. Кушляны (Смаргонскі раён). Музей супрацоўнічае з вядучымі навуковымі цэнтрамі, установамі культуры і грамадскімі арганізацыямі краіны.