Кароткая даведка:
гарадскі пасёлак у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці
Назвы на іншых мовах:
Логишин (руская);
3554 сімвалы
Даведка
Лагішын – гарадскі пасёлак у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Лагішынскага сельскага савета. Размешчаны за 28 км на поўнач ад Пінска, у 203 км ад Брэста, на аўтадарозе Пінск – Івацэвічы.
Паселішча вядома з 1552 г. як урочышча ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У XVII ст. Лагішын стаў мястэчкам, цэнтрам староства, належаў магнатам Радзівілам, потым князям Агінскім і Любецкім. У 1634 г. на сродкі Альбрэхта Станіслава Радзівіла пабудаваны мураваны касцёл (да нашых дзён не захаваўся), дзе знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які лічыўся цудатворным. У 1643 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза надаў Лагішыну магдэбургскае права і зацвердзіў герб: у блакітным полі барочнага шчыта выява воўка на ласіных нагах.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. мястэчка далучана да Расійскай імперыі ў складзе Пінскага павета Мінскай губерні. У 1874 г. у Лагішыне адбылося адно з буйнейшых у Беларусі другой паловы ХІХ ст. выступленне мяшчан у адказ на пазбаўленне іх зямельных угоддзяў, якія былі атрыманы продкамі ў валоданне паводле каралеўскіх прывілей 1569 і 1600 гг. Лагішынцы спрабавалі аспрэчыць гэта ў скаргах, а вясной 1874 г. самавольна засеялі палеткі. У лістападзе 1874 г. міністр унутраных спраў накіраваў у мястэчка вайсковую экспедыцыю, жыхароў пакаралі і прымусілі аддаць грошы за незаконнае карыстанне зямлёй. Жорсткая расправа выклікала пратэст у дэмакратычнай грамадскасці краіны. Жыхары Лагішына працягвалі дабівацца справядлівасці і ў 1876 г. улады вярнулі ім адабраную зямлю. Згодна з перапісам 1897 г. у мястэчку налічвалася 467 двароў, пражывала 3105 жыхароў, дзейнічалі царква, мужчынская і жаночая прыходскія школы, сінагога, 2 малітоўныя дамы, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, народнае вучылішча і інш.
З 1 студзеня 1919 г. Лагішын увайшоў у БССР. У сакавіку 1921 г. пасля савецка-польскай вайны (1919–1921) далучаны да Польшчы як цэнтр гміны Пінскага павета Палескага ваяводства. З лістапада 1939 г. зноў у складзе БССР, з 15 студзеня 1940 г. мястэчка стала вёскай, цэнтрам Лагішынскага раёна Пінскай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны 27 чэрвеня 1941 г. Лагішын быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў вёсцы і раёне 1952 жыхароў. У 1943–1944 гг. тут дзейнічаў падпольны райкам КП(б)Б. Вызвалілі вёску 15 ліпеня 1944 г. войскі 1-га Беларускага фронту. З 8 студзеня 1954 г. Лагішын уключаны ў Брэсцкую вобласць, 22 снежня 1959 г. ён атрымаў статус гарадскога пасёлка. 25 снежня 1962 г. Лагішынскі раён скасаваны і пасёлак увайшоў у склад Пінскага раёна. У 1958, 1973 і 1990 гг. былі распрацаваны яго генеральныя планы. Планіровачную структуру гарадскога пасёлка вызначае прамавугольная сетка вуліц з пераважна індывідуальнай забудовай сядзібнага тыпу. На перакрыжаванні вуліц Леніна і Савецкай сфарміравана плошча – грамадскі і культурна-гандлёвы цэнтр.
У цяперашні час у Лагішыне працуюць сярэдняя школа, дзіцячая дашкольная ўстанова, дзіцячая школа мастацтваў, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Маладзёжны цэнтр культуры, бібліятэка, бальніца, лясніцтва. Дзейнічаюць прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, сувязі і інш.
У пасёлку знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, магіла ахвяр фашызму. Захаваліся помнікі архітэктуры: Спаса-Праабражэнская царква (1892), Петрапаўлаўскі касцёл (1907–1909). У Лагішыне нарадзіўся гісторык, паэт, асветнік, перакладчык, рэлігійны дзеяч Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч (1733–1796).