Адно з першых прамысловых прадпрыемстваў у горадзе на Піне – Пінская запалкавая фабрыка – пачало сваю гісторыю ў 1892 г., калі капіталіст Луі А. Гершман прывёз з-за мяжы камплект абсталявання і пабудаваў невялікую фабрыку пад назвай “Вулкан”. Пінск быў выбраны ім невыпадкова: вялікія лясныя масівы, зручныя водныя шляхі і танная працоўная сіла рабілі новую вытворчасць вельмі прыбытковай. Першая прадукцыя была выпушчана ў тым жа годзе. Паравы рухавік у 75 конскіх сіл круціў лесапілку і стругаў шпон. Рабочыя ўручную намазвалі запалкавую сумесь, склейвалі каробкі, набівалі ў іх запалкі, запакоўвалі ў скрынкі. Паступова вытворчасць удасканальвалася і многія працэсы механізаваліся. У канцы ХІХ ст. выпускалася ўжо каля 250 тыс. каробак запалак у суткі.
Пасля пажару 1897 г. разбураную фабрыку выкупіў аўстрыйскі фабрыкант І.А. Гальперын, аднавіў яе і пашырыў. Новы ўладальнік назваў сваё прадпрыемства “Прогресс-Вулкан”, падкрэсліваючы гэтым, што яно будзе больш дасканалым. Фінансаванне прадпрыемства ажыццяўлялася Мінскім аддзяленнем Паўночнага банка, якое ўстанаўлівала раёны збыту і кошт на запалкі. У пачатку ХХ ст. гадавая вытворчасць запалак у грашовым выяўленні складала ўжо больш за 240 тыс. рублёў, а колькасць рабочых была каля 600 чалавек (значная частка –дзеці).
У 1904 г. было арганізавана акцыянернае таварыства запалкавых фабрык “Прогресс-Вулкан”, якое падпарадкоўвала і кантралявала ўсю вытворчасць запалак. Праводзілася паступовая мадэрнізацыя вытворчасці. Капітал акцыянераў рос, а жыццёвы ўзровень рабочых заставаўся вельмі нізкім. Працягласць рабочага дня дасягала 12–13 гадзін, працаваць прыходзілася ў складаных умовах: у памяшканнях фабрыкі заўсёды былі бруд і пыл, вентыляцыя адсутнічала, рабочыя дыхалі ядавітымі парамі, якія выдзяляліся з серных раствораў. Цяжкія ўмовы жыцця і працы вымушалі калектыў прадпрыемства выступаць з акцыямі пратэсту і забастоўкамі. Рабочыя фабрыкі адны з першых у Пінску адгукнуліся на падзеі 1905 г. у краіне: 11 лютага яны выйшлі на вуліцы, патрабуючы павышэння зарабатнай платы.
Падчас Першай сусветнай вайны запалкавая фабрыка часова спыніла сваё існаванне: нямецкія войскі занялі Пінск і пачалі вывозіць абсталяванне ў Германію. Выпуск запалак быў адноўлены толькі ў 1918 г., калі новым гаспадаром прадпрыемства стаў сын папярэдняга ўладальніка Б. Гальперын. У пасляваенны перыяд горад апынуўся ў складзе Польшчы, урад якой імкнуўся захаваць эканамічную адсталасць “усходніх акраін” і затармазіць аднаўленне і развіццё мясцовай прамысловасці. У 1921 г. рабочыя Пінскай фабрыкі працавалі па 4–5 дзён у тыдзень, а вытворчасць спынялася на працяглы час. Цяжкія ўмовы выклікалі незадавальненне рабочых і вымушалі іх зноў баставаць. Пасля чарговага пажару 1923 г., які амаль поўнасцю разбурыў фабрыку, прадпрыемства было зноў адноўлена і ўвайшло ў склад Шведска-Амерыканскага трэста запалкавых фабрык.
Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР запалкавая фабрыка была нацыяналізавана. Яна атрымала назву Пінская запалкавая фабрыка імя “17 верасня” і падпарадкоўвалася Беларускаму трэсту фанерна-запалкавай прамысловасці Народнага камісарыята лясной прамысловасці БССР. Колькасць працоўных складала ў гэты перыяд 235 чалавек. У час Вялiкай Айчыннай вайны прадпрыемства працягвала працаваць. У чэрвені 1944 г. перад самым вызваленнем Пінска ўсё абсталяванне фабрыкі было вывезена нямецкімі акупантамі ў Германію. Вытворчыя карпусы ўцалелі толькі напалову, іншыя ж збудаванні і складскія памяшканні былі знішчаны амаль поўнасцю.
Пасля вызвалення Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачаліся працы па аднаўленні фабрыкі і фанернага завода. У снежні 1944 г. загадам Галоўбелфанзаппрама БССР абодва прадпрыемствы былі аб’яднаны ў Пінскі фанерна-запалкавы камбінат. Спачатку на камбінаце быў арганізаваны ручны выпуск запалак у папяровых пакетах і грабёнках, а з мая 1947 г. – механізаваны выпуск. Праз год запалкавая фабрыка вылучылася ў самастойную гаспадарчую адзінку – Пінскую запалкавую фабрыку “17 верасня” Галоўнага ўпраўлення фанерна-запалкавай прамысловасці Міністэрства лясной прамысловасці БССР.
У 1950 г. вытворчасць была рэканструявана, у выніку чаго выпуск валавай прадукцыі ўзрос на 53% і дасягнуў даваеннага ўзроўню. У наступныя гады працягвалася праца па ўдасканальванні тэхналагічнага працэсу, будаўніцтве аб’ектаў вытворчага назначэння і сацкультбыта, стварэнні камфортных умоў для працы і адпачынку. За гэты час Пінская запалкавая фабрыка шматразова перападпарадкоўвалася розным ведамствам саюзнага і рэспубліканскага значэння, а з 1 студзеня 1959 г. увайшла ў склад Пінскага фанзапкамбіната (з 1971 г. – Пінскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне).
У 1980-я гг. на прадпрыемстве было здзейснена чарговае буйное тэхнічнае пераўзбраенне: устаноўлены высокавытворчыя каробкаклеільныя аўтаматы шведскай фірмы “Аренко”, зроблена рэканструкцыя склада для захоўвання кардона, устаноўлены 2 кардонарэзальныя машыны, наладжаны выпуск запалак у кардоннай каробцы. У 1991 г. запалкавая вытворчасць была выдзелена ў самастойны вытворчы філіял калектыўнага аб’яднання “Пінскдрэў” (з 2008 г. – закрытае акцыянернае таварыства «Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”»). У апошнія гады на прадпрыемстве зроблена рэканструкцыя сістэмы пылеўлаўліваючых цыклонаў, уведзены ў строй сучасныя збудаванні па ачыстцы сточных вод, пабудаваны новы склад сыравіны і матэрыяльных каштоўнасцяў. За кошт пашырэння вытворчасці і рэканструкцыі фабрыкі калектыў здолеў павялічыць аб’ём выпускаемай прадукцыі і значна палепшыць яе якасць.
Матэрыял падрыхтаваны Пінскай гарадской цэнтральная бібліятэкай у 2012 г.