З жыватворнай крыніцы народнай творчасці бярэ пачатак мастацтва ансамбля танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога Дома культуры. Гісторыя танцавальнага калектыву пачалася ў красавіку 1962 г., яго заснавальнікам і першым балетмайстрам стаў Міхаіл Іванавіч Пузанаў. Ужо праз год ансамбль пад яго кіраўніцтвам атрымаў званне “самадзейны народны калектыў”.
З 1967 г. ансамбль узначальвае беларускі дзеяч аматарскага мастацтва, балетмайстар, рэжысёр, заслужаны работнік культуры Беларусі, народны артыст Беларусі Анатоль Міхайлавіч Вараб’ёў. 3 яго прыходам узрасла патрабавальнасць як да выканаўцаў, так і да рэпертуару ансамбля, што дазволіла калектыву стаць захавальнікам, выканаўцам і інтэрпрэтатарам лепшых узораў беларускага харэаграфічнага і музычнага мастацтва. Дзякуючы намаганням А.М. Вараб’ёва ў рэпертуары ансамбля з’явілася шмат арыгінальных і самабытных танцавальных нумароў Брэстчыны, якія ён сабраў і апрацаваў. У рэпертуары калектыву больш за 20 канцэртных праграм, шэраг харэаграфічных фальклорна-абрадавых кампазіцый з элементамі народных гулянняў: “Вясенні карагод”, “Купальская рапсодыя”, “Кавалер”. Харэаграфічныя пастаноўкі “Палескае вяселле”, “Радасць працы”, “Свята на Палессі”, “Дажынкі”, “Палеская ярмарка”, “Зімовыя гульні”, “Сувенір” пабудаваны на прыкладах беларускага танцавальнага фальклору. Акрамя беларускіх танцаў у рэпертуар “Радасці” ўваходзяць танцы іншых народаў: заліхвацкі “Гапак”, лірычныя “Рускі карагод” і “Гжэль”, пляскі данскіх, запарожскіх і кубанскіх казакоў. Асноўная мэта дзейнасці калектыву – захаванне народных традыцый і культуры.
Сёння ў склад ансамбля ўваходзяць танцавальная і інструментальная групы. Музыканты аркестра – спецыялісты высокага класа, якія віртуозна валодаюць народнымі інструментамі і маюць вялікі вопыт работы ў ансамблі. Танцавальную групу складае моладзь ад 16 да 22 гадоў – школьнікі, студэнты, рабочыя і служачыя. За 50 гадоў дзейнасці “Радасць” выхавала 8 пакаленняў танцораў. Штогод калектыў ансамбля папаўняецца выпускнікамі Брэсцкай харэаграфічнай школы і лепшымі танцорамі дзіцячага народнага ансамбля песні і танца “Прыбужжа”. У галоўнага балетмайстра Анатоля Вараб’ёва вельмі высокія патрабаванні да маладых танцораў: іх вочы павінны ззяць, усмешка – быць асляпляльнай, постаць – ідэальнай. Але самым галоўным балетмайстар лічыць уменне ўпарта працаваць, бо ансамбль танца “Радасць” з’яўляецца візітнай карткай Брэсцкай вобласці і шмат гастралюе па Беларусі і за мяжой.
Сапраўдную радасць ад сустрэчы з высокапрафесіянальным мастацтвам артыстаў з Брэста змаглі адчуць не толькі землякі, але і жыхары 32 краін свету. Беларускія танцоры выступалі ў Расіі, Казахстане, Малдове і на Украіне, з вялікім поспехам прайшлі гастролі ансамбля ў Францыі, Германіі, Англіі, Італіі, Бельгіі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, Турцыі, Грэцыі, на Кіпры і Мальце. Ім апладзіравалі жыхары Сірыі, Індыі, Ірака, Мексікі, Іспаніі, Тайваня, Галандыі, Балгарыі, Швейцарыі, Марока.
Своеасаблівы рэпертуар, яскравасць і самабытнасць касцюмаў, спалучэнне тэмпераменту і лірычнасці танцаў прынеслі ансамблю заслужаны поспех. “Радасць” – лаўрэат міжнародных фестываляў фальклорнага мастацтва ў французскім г. Канфалан (2002, 2009), у італьянскім г. Агрыджэнта (2003), у славацкім г. Браціслава (2007) і канадскім г. Друмандвіле (2008). Брэсцкія танцоры сталі лепшымі на фестывалі “Фолкмод” у амерыканскім г. Вайнесвілі (2008) і “Лаціум” у Рыме (2010), удзельнічалі ў культурнай праграме ад Беларусі на прамысловай выстаўцы “Экспа-2010” у Шанхаі (2010). Ансамбль танца “Радасць” удастоены прэміі Ленінскага Камсамола Беларусі (1978), прэміі Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі (1981), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за захаванне лепшых узораў харэаграфічнага мастацтва беларускага народа і плённую канцэртную дзейнасць (2000). Творчыя дасягненні, высокае выканальніцкае майстэрства, актыўная канцэртна-гастрольная дзейнасць і ўклад ансамбля танца “Радасць” у развіццё і папулярызацыю нацыяльнага мастацтва адзначаны званнем “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” у ліпені 2002 г.
Вясной 2012 г. ансамбль танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога Дома культуры адзначыць юбілей – 50-годдзе з часу стварэння. За плячыма ў “Радасці” – тысячы выступленняў і сотні тысяч усмешак. На змену пасталеўшаму пакаленню танцораў прыходзяць новыя і прыносяць з сабою свежыя думкі, няўрымслівую энергію і мора ўсмешак і радасці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А.С. Пушкіна.