Іван Іосіфавіч (Ян) Каханоўскі, вядомы краязнавец і педагог, нарадзіўся ў Гродне ў сям’і чыноўніка. Пасля заканчэння ў 1913 г. мужчынскай гімназіі паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію ў г. Табож (Чэхаславакія). Калі пачалася Першая сусветная вайна ён перавёўся ў Юр’еўскі (цяпер Тартускі) універсітэт, дзе ў 1914–1917 гг. працягваў вучобу. У 1918 г. вярнуўся ў Гродна, якое было акупіравана Германіяй, потым Польшчай. З 1919 па 1939 г. выкладаў біялогію ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі імя А. Міцкевіча. У 1925 г. Я. Каханоўскі скончыў Вышэйшую сельскагаспадарчую школу ў Варшаве. Маючы дзве спецыяльнасці (аграном і эканаміст), ён за кароткі тэрмін змог праявіць сябе і як настаўнік-наватар.
У педагагічнай дзейнасці Я. Каханоўскі імкнуўся выхоўваць у вучняў любоў да прыроды і адказнасць за яе будучыню. Ён стварыў кабінет біялогіі, арганізаваў гурток аматараў прыроды, які наведвала каля 50 вучняў. Пад кіраўніцтвам настаўніка яны займаліся зборам раслін для гербарыяў, вырошчвалі дробных жывёл для тэрарыумаў, рыбак для акварыумаў (усё потым выкарыстоўвалася як наглядныя дапаможнікі). Вялікую ўвагу Я. Каханоўскі надаваў пазакласным і пазашкольным метадам навучання, праводзіў шматлікія экскурсіі, дзе знаёміў вучняў з прыроднымі ландшафтамі, флорай і фаўнай роднага краю. Базай для іх арганізацыі служыў летні лагер гімназіі, які знаходзіўся ў в. Азёры Гродзенскага раёна. Як педагог Я. Каханоўскі карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод настаўнікаў і жыхароў Гродна. Ён аб’яднаў выкладчыкаў біялогіі школ горада і арганізоўваў рэгулярныя сумесныя пасяджэнні, дзе абмяркоўваліся пытанні ўдасканалення педагагічнага працэсу, вывучэння прыроды краю, аховы рэдкіх відаў раслін і жывёл, дэманстраваліся падручнікі.
Для паляпшэння выкладання біялогіі Я. Каханоўскім у 1926 г. у паўночна-ўсходняй частцы гарадскога парку быў закладзены батанічны сад, які займаў плошчу 0,3 га. У першы год існавання там налічвалася 309 відаў раслін (у тым ліку дрэў і кустоў), падбор якіх ажыццяўляўся ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай гімназіі. У канцы 1920-х гг. іх колькасць павялічылася да 830. Усе расліны былі падзелены на групы і тыпы, сістэматызаваны. Іх вырошчваннем займаліся члены гуртка аматараў прыроды і вучні гімназіі. Батанічны сад, створаны Я. Каханоўскім, матэрыяльна падтрымліваў магістрат. Аднак фінансавыя паступленні былі нерэгулярнымі, і кіраўніцтва пастаянна адчувала цяжкасці па яго ўтрыманні. Нягледзячы на праблемы, Я. Каханоўскаму не толькі ўдалося захаваць батанічны сад, але і значна пашырыць яго. У 1928 г. для паглыблення ведаў вучняў па заалогіі там адкрылі 2 новыя аддзелы. У першым (заалагічным) было сабрана 17 відаў жывёл і птушак. Гімназісты праводзілі назіранні за іх ростам, развіццём і паводзінамі, набывалі навыкі даследчай работы. Дзейнасць другога аддзела мела вытворчую накіраванасць: Я. Каханоўскі імкнуўся прыцягнуць моладзь да вырошчвання тутавага шаўкапрада і гэтую новую прамысловую галіну ўкараніць у мясцовыя гаспадаркі для павышэння даходаў. Пасля пашырэння сад стаў называцца біялагічным, і яго актыўна наведвалі з вучэбна-пазнавальнай мэтай навучэнцы гарадскіх адукацыйных устаноў. Яна Каханоўскага ведалі не толькі ў Гродне, але і ва ўсёй акрузе – паляўнічыя, настаўнікі, аматары прыроды. Яны стараліся дапамагаць яму: адны матэрыяльна, другія дастаўкай экспанатаў. Створаны Я. Каханоўскім біялагічны сад хутка разрастаўся і ў сувязі з гэтым перажываў вялікія цяжкасці: не хапала сродкаў, не было патрэбных памяшканняў для жывёл. Тады Я. Каханоўскі вырашыў стварыць на базе заалагічнага аддзела гарадскі заапарк. Пры падтрымцы Таварыства аматараў прыроды яму ўдалося атрымаць у 1929 г. ад магістрата тэрыторыю закінутага гарадскога велатрэка. Туды пасля правядзення рамонтных работ перавялі заалагічны аддзел, які быў ператвораны ў заапарк. З кожным годам колькасць жывёл і птушак там павялічвалася, і па перапісе 1936 г. іх налічвалася больш за 400 відаў. Ян Каханоўскі часта прыходзіў у заапарк, цікавіўся новымі экспанатамі, даваў парады.
Педагагічную дзейнасць Я. Каханоўскі сумяшчаў з грамадскай, вялікую ўвагу надаваў краязнаўству і турызму. Пры яго актыўным удзеле ў 1926 г. у Гродне адкрыўся гарадскі музей прыроды, намеснікам старшыні грамадскага камітэта якога ён быў выбраны, адначасова з’яўляўся членам камісіі па зборы экспанатаў. Належыць Я. Каханоўскаму таксама ідэя стварэння рэгіянальнага гісторыка-краязнаўчага часопіса «Нёман», які выходзіў у Гродне з 1935 па 1939 г. Ён стаў адным з заснавальнікаў і сурэдактараў гэтага выдання, адказваў за такія раздзелы, як ахова прыроды, ахова помнікаў гісторыі і культуры, ахова прыроды ў школе. Імя Я. Каханоўскага значыцца сярод тых, хто арганізаваў турыстычную секцыю, якая дзейнічала пры магістраце з 1935 г. Ян Каханоўскі праводзіў вялікую экалагічную работу. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў Таварыства аматараў прыроды, якое дзейнічала ў Гродне з 1925 г. Як грамадскі інспектар да 1939 г. кантраляваў некалькі паветаў губерні. Па яго ініцыятыве праводзілі публічныя лекцыі і канферэнцыі, арганізоўвалі выстаўкі, стваралі гурткі аматараў аховы прыроды. За 20 гадоў напружанай працы ён змог стварыць унікальную на той час сістэму біёлага-экалагічнай адукацыі, якая не страціла свайго значэння і сёння.
Пасля аб’яднання ў 1939 г. Заходняй Беларусі з БССР мужчынскую гімназію закрылі. Ян Каханоўскі працягваў выкладаць біялогію ў адной з сярэдніх школ Гродна. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны быў арыштаваны па падазрэнні ў прыналежнасці да антысавецкай падпольнай арганізацыі. Некаторы час знаходзіўся ў гродзенскай турме. Пры налёце нямецкай авіяцыі ў чэрвені 1941 г. яна была разбурана, і Я. Каханоўскі разам з іншымі вязнямі апынуўся на волі.У гады акупацыі ён заставаўся ў Гродне. У кастрычніку 1942 г. быў арыштаваны гестапа як заложнік і расстраляны на 2-м форце Гродзенскай крэпасці каля в. Навумавічы. Пахавалі Я. Каханоўскага на каталіцкіх могілках у Гродне. Яго імем названа адна з вуліц горада. Каля ўвахода ў заапарк Я. Каханоўскаму ўстаноўлены памятны знак.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.