Рашэнне аб стварэнні мінскага гета было прынята 19 ліпеня 1941 г. – праз тры тыдні пасля акупацыі беларускай сталіцы нямецкімі войскамі. Тэрытарыяльна яно ахоплівала вуліцы Астроўскага, Абуўную, Апанскага, Сухую, Заслаўскую, Юбілейную плошчу і інш. У лістападзе 1941 г. было створана другое гета, куды перасялялі яўрэяў з Захаду. Нягледзячы на жорсткі тэрор і правядзенне палітыкі пагалоўнага генацыду яўрэйскага насельніцтва, вязні мінскага гета з першых тыдняў існавання і да ліквідацыі вялі барацьбу з ворагам. Арганізацыі супраціўлення ўзніклі там ужо ў жніўні 1941 г. Антыфашысцкаму падполлю ўдалося ўратаваць і вывесці з гета ад 7 да 8 тыс. вязняў. Тыя, каму ўдалося ўцячы і выжыць, абавязаны мясцоваму насельніцтву – беларусам, рускім, украінцам, палякам, якія выратоўвалі яўрэяў і асабліва іх дзяцей. Многія жыхары Беларусі ўдастоены ганаровага звання «Праведнікі свету».
Гітлераўцы праводзілі на тэрыторыі гета аблавы і начныя налёты, у якіх знішчалі цэлыя сем’і. У даваенны час каля перакрыжавання вуліц Ратамскай (цяпер Мельнікайтэ) і Заслаўскай знаходзілася яма (кар’ер), дзе жыхары бралі пясок для будаўнічых работ. У гады акупацыі нацысты выкарыстоўвалі яе для пахавання шматлікіх ахвяр мінскага гета. У час пагрому 2 сакавіка 1942 г. на Юбілейнай плошчы і вакол яе былі забіты сотні яўрэяў, якіх скідвалі ў гэты кар’ер. Калі ў 1942 г. у Мінск з інспекцыяй прыехаў чыноўнік упраўлення імперскай бяспекі А. Эйхман, мясцовыя фашысцкія ўлады арганізавалі паказальную акцыю і расстралялі каля ямы 40 хлопчыкаў і дзяўчынак разам з дырэктарам, урачом і іншымі супрацоўнікамі дзіцячага дома мінскага гета. Некаторых закапалі жывымі. Апошні пагром адбыўся 21–23 кастрычніка 1943 г. У выніку былі забіты амаль усе вязні гета, толькі 26 чалавек змаглі схавацца ў падзямеллі па вул. Сухой. Выжыла 13, якіх вызвалілі 3 ліпеня 1944 г. воіны Чырвонай Арміі.
У жніўні 1946 г. на месцы масавага знішчэння яўрэяў мінскага гета (на так званай «Яме») быў устаноўлены помнік – чорны гранітны абеліск з выгравіраваным зваротам-прысвячэннем на рускай мове і ідыш, аўтарам якога з’яўляўся каменячос М. Спрышэн. Гэта быў адзін з першых у СССР помнікаў яўрэям. У 2000 г. адбылася рэканструкцыя месца пахавання. 10 ліпеня гэтага ж года быў урачыста адкрыты мемарыял «Помнік ахвярам Халакоста. Мінскае гета» (скульптары Э. Полак, А. Фінскі, архітэктары І. Дзятлаў, А. Капылоў, Л. Левін (аўтар ідэі) і М. Самасюк, інжынер У. Сусько). Да захаваных абеліска і бутавага пляца мемарыяла дабавілася кампазіцыя «Апошні шлях» з 27 пераплеценых паміж сабой фігур-ценяў (умоўных постацей ахвяр), якія ідуць на расстрэл. У ёй адсутнічаюць скульптурныя партрэты, толькі абагульненыя твары, што адпавядае яўрэйскай традыцыі. Трапяткая, вібрыруючая пластыка, камерны маштаб кампазіцыі садзейнічаюць эмацыянальнасці ўздзеяння тэмы мемарыяла, перадаюць настрой адчаю і жаху ахвяр трагедыі. Перад спускам у «Яму» разбіты парк «Праведнікі свету», дзе высаджваюць дрэвы ў гонар жыхароў Беларусі, якія ратавалі яўрэяў у гады Вялікай Айчыннай вайны. На ўваходзе знаходзіцца знак у выглядзе міноры – традыцыйнага яўрэйскага сямісвечніка з імёнамі тых, хто дапамагаў устанаўліваць помнік-мемарыял.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.