Кароткая даведка:
заслужаны архітэктар Беларусі, сярод асноўных работ якога – станцыі мінскага метро "Плошча Леніна" і "Няміга", рэканструкцыя і добраўпарадкаванне Траецкага прадмесця, адзін з аўтараў архітэктурна-скульптурных мемарыяльных комплексаў "Хатынь", "Прарыў", "Кацюша", "Праклён фашызму", лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967), Ленінскай прэміі (1970), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2002, 2010), уладальнік ганаровага прыза Беларускага саюза архітэктараў "Зодчий Республики Беларусь" (2008), грамадскі дзеяч
Імёны на іншых мовах:
Левин Леонид Менделевич (руская);
3609 сімвалаў
Даведка
Леанід Мендэлевіч Левін – адзін з самых вядомых беларускіх архітэктараў. Яго дзейнасць вельмі разнапланавая: займаўся горадабудаўніцтвам, рэканструкцыяй, добраўпарадкаваннем, вельмі плённа працаваў у галіне манументальнага мастацтва. Разам з архітэктарамі і скульптарамі Ю. Градавым, В. Занковічам, А. Анікейчыкам, С. Селіханавым, А. Фінскім і іншымі стварыў шмат самабытных, значных, сапраўды ўнікальных работ.
Нарадзіўся Л. Левін у Мінску. У 1960 г. закончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у інстытуце “Мінскпраект”. У 1980–1997 гг. з’яўляўся кіраўніком архітэктурнай майстэрні, з 1998 г. – персанальнай творчай майстэрні. Найбольш значныя работы Л. Левіна ў Мінску: інтэрнат трактарнага завода (1966), павільён Рэспубліканскага выставачнага цэнтра (1968), будынак былога гаркама КПБ (1979; цяпер Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь), станцыі метро “Плошча Леніна” (1984) і “Няміга” (1990), праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра горада (1970–1975), праспекта Машэрава (1980-я гг.; цяпер праспект Пераможцаў), рэканструкцыя і добраўпарадкаванне Траецкага прадмесця (1980–1986) (усе ў суаўтарстве) і інш. Ён з’яўляецца адным з аўтараў архітэктурна-скульптурных мемарыяльных комплексаў “Кацюша” ў Оршы (1966), “Хатынь” у Лагойскім раёне Мінскай вобласці (1968; Ленінская прэмія 1970), “Прарыў” ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці (1974), “Праклён фашызму” на месцы былой вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці (1983), “Шталаг 342” у Маладзечне (1990), ахвярам мінскага гета “Яма” ў Мінску (1998–2000), “Чырвоны Бераг” – дзецям, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну і ад чарнобыльскай катастрофы ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці (2006; на месцы былога дзіцячага канцлагера); помнікаў К. Заслонаву ў Оршы (1964), падпольшчыкам Асінторфа і Ф. Конанавай у Любані (абодва 1967), народным паэтам Беларусі Я. Купалу і Я. Коласу ў Мінску (абодва 1972), М. Гастэлу і яго экіпажу каля г. п. Радашковічы (1976), князю Давыду ў Давыд-Гарадку (2000; Дзяржаўная прэмія Беларусі 2002) і інш. Сярод работ архітэктара – помнікі воінам-бухарцам у Бухары (1975), “Салдацкае поле” ў Валгаградзе (1976–1980, абодва ў суаўтарстве). У 1967 г. за стварэнне мемарыяльных комплексаў Л. Левіну была ўручана прэмія Ленінскага камсамола. Таленавіты майстар выдатна валодае ўсімі сродкамі мастацкай выразнасці, умее стварыць надзвычайную энергетычна моцную прастору.
Леанід Левін выканаў сцэнаграфію да спектакляў “Палёты з анёлам” (2001) і “Песні вайны” (2005, у суаўтарстве) у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. З’яўляецца аўтарам кніг “1, 2, 3, 4...” (2004), “Хатынь” (2005), “Война и любовь” (2008). У літаратуры, як і ў архітэктуры, для яго галоўнае – увекавечыць памяць тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, перадаць боль народа, няздзейсненыя мары, данесці думку, што самая важная каштоўнасць чалавека жыццё.
З 1991 г. Л. Левін узначальвае Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, які ў рамках сваёй дзейнасці праводзіць яўрэйскія сацыяльныя, адукацыйныя і мастацкія праграмы. З’яўляецца кіраўніком грамадскай дабрачыннай яўрэйскай арганізацыі “Хэсэд-Рахамім”, грамадскага аб’яднання «Гістарычнае таварыства “Трасцянец”».
Леанід Мендэлевіч Левін прымаў удзел больш чым у 50 рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, з іх – больш 30 прызавых месцаў. Праекты таленавітага майстра, ператвораныя ў жыццё, упрыгожваюць вуліцы і плошчы многіх гарадоў. Вянцом жа ўсёй сваёй дзейнасці Л. Левін лічыць мемарыяльны комплекс “Хатынь” – сімвал нацыянальнай трагедыі народа.