Кароткая даведка:
наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалтыйскага фронту, частка Беларускай аперацыі 1944
Скарочаныя назвы:
Шаўляйская аперацыя
Назвы на іншых мовах:
Шяуляйская операция 1944 (руская);
1830 сімвалаў
Даведка
Адразу пасля завяршэння Полацкай аперацыі 1944 войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы генерал арміі І.Х. Баграмян) пачалі Шаўляйскую аперацыю. Перад камандаваннем была пастаўлена задача – выйсці да Рыжскага заліва і адрэзаць шляхі адыходу часткам нямецкай групы армій “Поўнач” ва Усходнюю Прусію. У аперацыі удзельнічалі 2-я (камандуючы генерал-лейтэнат П.Р. Чанчыбадзе) і 6-я (камандуючы генерал-палкоўнік І.М. Чысцякоў) гвардзейскія, 43-я (камандуючы генерал-лейтэнант А.П. Белабародаў) і 51-я камандуючы (генерал-лейтэнант Я.Р. Крэйзер) арміі. Чакаючы наступлення на Дзвінск, праціўнік перакінуў у гэты раён некалькі дывізій, брыгаду штурмавых гармат, ахоўныя, сапёрныя і штрафныя часці групы армій “Поўнач”. Савецкія войскі не мелі перавагі над ворагам, таму марудна прасоўваліся наперад. У ходзе баёў былі вызвалены гарады Паставы (5 ліпеня), Браслаў (6 ліпеня), гарадскія пасёлкі Відзы (8 ліпеня), Лынтупы і Друя (9 ліпеня). Наступленне на Свянцяны праходзіла больш актыўна: да 14 ліпеня левы фланг фронту, рухаючыся на Каўнас, прасунуўся на 140 км. У гэты час 51-я армія вызваліла ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Панявежыс (22 ліпеня). 26 ліпеня 3-ці гвардзейскі механізаваны корпус выйшаў да Шаўляя. Горад быў узяты на наступны дзень (10-ці часцям і злучэнням, якія праславіліся пры яго вызваленні, былі нададзены ганаровыя найменні “Шаўляйскіх”). 27 ліпеня сіламі 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту ва ўзаемадзеянні з войскамі 2-га Прыбалтыйскага фронту быў вызвалены Дзвінск (Даўгаўпілс). У канцы ліпеня войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту накіравалі асноўныя сілы на Рыгу, левае крыло фронту наступала на Клайпеду. Да 31 ліпеня савецкія войскі вызвалілі вялікую частку тэрыторыі Літвы і Латвіі, выйшлі да Рыжскага заліва і адрэзалі нямецкія войскі ад Усходняй Прусіі.