Да юбілею Міхася Лынькова

30 лістапада спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова

Міхась Лынькоў – адзін з найбольш вядомых беларускіх пісьменнікаў сярэдзіны ХХ ст. Нарадзіўся ён у в. Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні ў сям’і чыгуначніка. Скончыў двухласную школу пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі. Працаваў на чыгунцы, нафтаскладзе, даваў прыватныя ўрокі. Пасля заканчэння семінарыі (1917 г.) настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе. У 1918 г. уступіў у партызанскі атрад, дзе актыўна змагаўся з ворагам. Летам 1919 г. М. Лынькоў быў прызваны ў Чырвоную армію. Ён удзельнічаў у паходзе на Варшаву, разгроме атрадаў Булак-Балаховіча. Пасля дэмабілізацыі (1922) працаваў настаўнікам у мястэчку Свержань Рагачоўскага раёна. Быў селькорам бабруйскай акруговай газеты «Камуніст», куды дасылаў свае нататкі, вершы і фельетоны. У 1925 г. стаў яе супрацоўнікам: з’яўляўся адказным сакратаром, намеснікам рэдактара, у 1928–1930 гг. – рэдактарам. Пісьменнік шмат зрабіў для таго, каб аб’яднаць вакол газеты таленавітую моладзь: арганізаваў Бабруйскую філію «Маладняка», кіраваў яе дзейнасцю. У 1930 г. М. Лынькоў пераехаў у Мінск і пачаў працаваць у дзяржаўным выдавецтве БССР. З 1933 па 1941 г. ён з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». З моманту заснавання Саюза пісьменнікаў БССР актыўна ўдзельнічаў у яго рабоце (з 1938 па 1948 г. быў старшынёй праўлення). У 1939 г. М. Лынькоў прымаў удзел у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (рэдагаваў вайсковую газету «Беларуская звязда»). З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі: з’яўляўся рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь».

Адразу пасля вызвалення Беларусі пісьменнік вярнуўся ў Мінск. Ён працягваў працаваць у Саюзе пісьменнікаў БССР, займаўся навуковай работай. У 1943–1946 і 1949–1952 гг. узначальваў Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, у 1953 г. стаў акадэмікам. У пасляваенныя гады актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Разам з Я. Коласам з’яўляўся членам камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнічаў у руху абароны міру і рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1962 г. М. Лынькову было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939, 1959, 1967), Чырвонай Зоркі (1943), Леніна (1949, 1955, 1969), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), медалямі.

Творчай дзейнасцю М. Лынькоў пачаў займацца ў час вучобы ў семінарыі. У пачатку 1920-х гг. у газеце «Камуніст» былі змешчаны нататкі, сатырычныя фельетоны, публіцыстычныя вершы. Там жа было надрукавана апавяданне «З пражытых год» (1926). Раннія творы М. Лынькова, якія ўвайшлі ў зборнікі «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), атрымалі шырокі грамадскі рэзанас і вылучылі іх аўтара ў шэрагі лепшых беларускіх празаікаў таго часу. Асабліва папулярнымі былі апавяданні пра грамадзянскую вайну, барацьбу чырвонаармейцаў і партызан, якія М. Лынькоў напісаў на аснове асабістых уражанняў.

 

                                                           

 

Рэалістычны паказ беларускай вёскі дакастрычніцкай пары складае асноўны змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах», першая частка якога была напісана ў 1934 г. Жыццё працоўных Заходняй Беларусі ва ўмовах буржуазнай Польшчы, іх барацьбу за аб’яднанне з Савецкай Беларуссю пісьменнік адлюстраваў у зборніку апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Асобае месца ў літаратурнай дзейнасці М. Лынькова адведзена Вялікай Айчыннай вайне. Апавяданні, што склалі зборнік «Астап» (1944), напоўнены драматызмам і трагедыйнасцю, прасякнуты нянавісцю да ворага, заклікамі да барацьбы з ім. У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фашысцкай акупацыяй дзяцінства («Васількі», «Ірына», «Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). У час вайны М. Лынькоў пачаў збіраць матэрыялы, якія пазней сталі асновай рамана-эпапеі «Векапомныя дні» (поўнае выданне 1958; Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа, 1968). Гэта быў першы буйны твор пра народную барацьбу з фашыстамі і партызанскі рух – велічная панарама ўсяго, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі на працягу амаль чатырох гадоў акупацыі.

 

                                                                               

 

У творчай спадчыне пісьменніка ёсць і творы для дзяцей, у якіх найбольш ярка праявілася шматграннасць яго таленту. Сярод іх – аповесці «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935), «Міколка-паравоз» (1936, экранізавана ў 1957), апавяданні «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940) і інш.

 

                                                      

 

Міхасю Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980) Ён пісаў пра жыццё і творчасць А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Някрасава, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага і інш. Перакладаў творы М. Горкага, М. Ціханава і іншых пісьменнікаў.