Да юбілею Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

1 красавіка 2025 г. спаўняецца 75 гадоў з часу стварэння Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь быў створаны ў 1950 г. як духавы аркестр штаба Беларускай ваеннай акругі і прызначаўся для музычнага суправаджэння воінскіх рытуалаў. У розны час калектывам кіравалі выдатныя музыканты: У. Падчупрын, У. Мартынаў, І. Мірановіч, А. Майзлер, Б. Пянчук, П. Чабаненка, Б. Чудакоў, М. Берсан, А. Фёдараў, У. Ермалаеў, С. Касцючэнка. Дзякуючы іх прафесіяналізму аркестр з цягам часу стаў адным з лепшых музычных калектываў краіны. Сёння Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь налічвае каля васьмі дзясяткаў музыкантаў. У склад калектыва ўваходзяць эстрадна-сімфанічны, духавы і камерны аркестры, вакальная і струнная групы.

Галоўнай задачай аркестра з’яўляецца музычнае суправаджэнне воінскіх рытуалаў, парадаў, ваенных, дзяржаўных і грамадскіх урачыстых мерапрыемстваў. Рэпертуар калектыва складаецца з музычных твораў ваенна-патрыятычнай тэматыкі, лепшых узораў айчыннага і сусветнага мастацтва. Адной з форм выступлення аркестра Узброеных Сіл стаў плац-канцэрт на адкрытым паветры з сольным і ансамблевым суправаджэннем. З такімі канцэртамі аркестр духавых інструментаў штогод прымае ўдзел у ваенна-музычных фестывалях у Беларусі і за яе межамі. Эстрадная частка аркестра разам з артыстамі-вакалістамі выступае з канцэртамі ў Цэнтральным Доме афіцэраў, гарнізонных і салдацкіх клубах, палацах і дамах культуры.

У 1972 г. за вялікую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі аркестр быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. У 2003 г. высокі ўзровень выканаўчага майстэрства аркестрантаў быў падцверджаны прысуджэннем звання заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь. У 2022 г. за значныя дасягненні ў сферы музычнага мастацтва, актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці краіны галоўнаму ваеннаму аркестру краіны была прысвоена спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.