

Вядомы натураліст, заснавальнік беларускай арніталагічнай навукі Канстанцін Тызенгаўз нарадзіўся ў мястэчку Жалудок Лідскага павета Віленскага ваяводства (цяпер гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці) і належаў да вядомага шляхецкага роду. Яго бацька Ігнацы Тызенгаўз з’яўляўся пляменнікам Антонія Тызенгаўза, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ).
Пачатковую адукацыю Канстанцін атрымаў у Варшаве, потым вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Віленскім універсітэце. У час вайны 1812 г. быў у складзе арміі Напалеона. У 1814 г. выйшаў у адстаўку, пасяліўся ў Паставах і дабудаваў палац, узвядзенне якога ў сярэдзіне XVIII ст. пачаў А. Тызенгаўз. У яго залах размясціў карцінную галерэю, дзе былі сабраны шэдэўры вядомых майстроў жывапісу Італіі, Францыі, Галандыі, Германіі, Аўстрыі, а таксама творы мастакоў з Польшчы, Літвы і Беларусі. У палацы знаходзіліся вялікая бібліятэка, што складалася з кніг па арніталогіі, а таксама рэдкіх помнікаў польскага пісьменства, каштоўныя гравюры і сямейны архіў (збіраўся з ХІІІ ст.).
Галоўнай справай К. Тызенгаўза стала праца ў галіне арніталогіі, якой вучоны прысвяціў усё сваё жыццё. Тэрыторыя ад Нарачанскіх азёр на поўдні да Браслаўскіх азёр на поўначы, Віленскі край, Гродзеншчына і Піншчына былі месцамі асноўных яго даследаванняў. Канстанцін Тызенгаўз любіў падарожнічаць і наладжваў экспедыцыі ў многія рэгіёны свету. Ён вывучаў птушак у Карпатах, Бесарабіі, на ўзбярэжжы Чорнага мора, пабываў у музеях Парыжа, Вены, Дрэздэна, Мілана, Венецыі і Берліна. За няпоўныя 40 гадоў вучоны сабраў вялікую калекцыю, якая складалася з некалькіх тысяч узораў птушак і значнай колькасці птушыных яек з Беларусі, Літвы, Украіны і іншых краін свету, і стварыў у Паставах арніталагічны музей.
У 1856 г. (праз тры гады пасля смерці вучонага) яго сын Р. Тызенгаўз перадаў экспанаты Віленскай археалагічнай камісіі. Пасля яе закрыцця ў 1864 г. вялікая частка калекцыі была вывезена ў Расію. У нашы дні рэшткі былога Пастаўскага заалагічнага музея знаходзяцца ў Вільнюсе і Рокішкісе (Літва) і налічваюць 770 адзінак. Каля 300 з іх размешчаны ў заалагічным музеі Вільнюскага ўніверсітэта.
Белая (палярная) сава з калекцыі К. Тызенгаўза ў Заалагічным музеі Вільнюскага ўніверсітэта
Канстанцін Тызенгаўз з’яўляўся членам многіх навуковых таварыстваў Варшавы, Кракава, Вільні, Рыгі, Дрэздэна, Парыжа. Ён напісаў больш за 50 прац, сярод якіх – «Вывучэнне барадатай (лапландскай) кугакаўкі, выяўленай у Літве» (1820),
Выява барадатай (лапландскай) кугакаўкі, зробленая К. Тызенгаўзам
«Агульныя назіранні за шкоднымі для пасеваў вусенямі» (1838), «Назіранне за некаторымі відамі рыб у Літве» і «Асновы арніталогіі, або Навука пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1842–1846), «Каталог птушак і млекакормячых Еўрапейскага рэгіёна» (1848) і інш.
Работамі К. Тызенгаўза карысталіся вядомыя заолагі А. Брэм, І. Наўман, М. Мензбір і іншыя навукоўцы XIX – пачатку XX ст. Найбольшую каштоўнасць ўяўляюць звесткі аб складзе фаўны Беларусі. Канстанцін Тызенгаўз як уважлівы даследчык заўважыў шматлікія адмоўныя з’явы ў стане жывёльнага свету: скарачэнне колькасці і арэолу белай курапаткі, поўнае знікненне расамахі, собаля. Важным для навукі з’яўляюцца даныя аб вясновым прылёце і гнездаванні ў ваколіцах Пастаў сокала-сапсана, беркута, залацістага сяўца, мухалоўкі-белашыйкі, сініцы-князька і іншых птушак. У працах даследчыка сустракаюцца этнаграфічныя звесткі і народныя павер’і, звязаныя з жывёламі і птушкамі.
Незадоўга да смерці К. Тызенгаўз пачаў выдаваць у Парыжы апісанне яек усіх птушыных парод паўночна-заходніх абшараў Расійскай Імперыі. Аднак гэта праца засталася незавершанай: вучоны памёр 28 сакавіка 1853 г. у Паставах і быў пахаваны ў радавым склепе касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку. Яго сын даручыў спецыялістам закончыць незавершаныя матэрыялы. У 1862 г. у Варшаве на польскай і французскай мовах з дадаткам (170 медных каляровых табліц) выйшла «Аалогія птушак польскіх». Тэкст да гэтага выдання быў падрыхтаваны польскім арнітолагам У. Тачаноўскім.
Да апошніх дзён жыцця К. Тызенгаўз служыў навуцы. Ён пакінуў нашчадкам вялікую спадчыну, якой цікавяцца не толькі даследчыкі прыроды, але і прыхільнікі беларускай культуры. У верасні 2006 г. у Паставах адбылося адкрыццё помніка К. Тызенгаўзу (скульптар А. Шомаў). 18 лістапада 2007 г. на будынку касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі была адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар заснавальніка беларускай арніталогіі.