Да юбілею Давыда Моўшавіча Голуба

23 жніўня 2026 г. спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне нармальнай анатоміі і эмбрыялогіі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Д.М. Голуба

Значны ўклад у развіццё нейрамарфалогіі и нейрахірургіі ўнёс Давыд Моўшавіч Голуб ‒ выдатны вучоны, педагог, заснавальнік беларускай эмбрыялагічнай школы. Яго навуковая дзейнасць спрыяла ўдасканаленню метадаў лячэння захворванняў нервовай сістэмы і хвароб унутраных органаў, якія маюць неўралагічнае паходжанне.

Нарадзіўся будучы вучоны ў г. Ігумен Мінскай губерні (цяпер г. Чэрвень Мінскага раёна) у сям’і настаўніка. У 1926 г. скончыў медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома быў навуковым супрацоўнікам кафедры нармальнай анатоміі. У 1931 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1931‒1932 гг. працаваў выкладчыкам, у 1932‒1934 гг. ‒ дацэнтам, з 1934 г. ‒ загадчыкам кафедры нармальнай анатоміі Беларускага медыцынскага інстытута. Адначасова з’яўляўся супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай медыцыны Акадэміі навук БССР. У 1935 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара. У 1936 г. Д.М. Голуб абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Развитие надпочечных желез и их иннервация у человека и некоторых животных». У 1940 г. стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

 

 

У час Вялікай Айчыннай вайны кіраваў кафедрай нармальнай анатоміі Іркуцкага медыцынскага інстытута (1941‒1943) і адначасова займаў пасаду прарэктара. У 1943‒1975 гг. загадваў кафедрай нармальнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута (у 1944‒1945 гг. быў дэканам лячэбнага факультэта). Вучоны прымаў актыўны ўдзел у работах па аднаўленні інстытута, яго анатамічнага корпуса. У гэты перыяд распрацоўваў праблемы рэабілітацыі пры раненнях перыферычнай нервовай сістэмы і ставіў эксперыменты па аднаўленні нерваў са значнымі пашкоджаннямі. Адначасова ў 1953‒1988 гг. кіраваў лабараторыяй марфалогіі нервовай сістэмы і групай функцыянальнай нейрамарфалогіі Акадэміі навук БССР. У 1988‒1996 гг. быў саветнікам пры дырэкцыі Інстытута фізіялогіі Акадэміі навук БССР. У 1960 г. выбраны акадэмікам Акадэміі навук БССР.

Давыд Моўшавіч ‒ аўтар больш за 300 навуковых прац па анатоміі і эмбрыялогіі сасудзістай і нервовай сістэм чалавека і жывёл. Сярод іх ‒ «Строение периферической нервной системы в эмбриогенезе человека» (1962), «Восстановление иннервации мочевого пузыря: (экспериментально-морфологическое исследование)» (1974, у суаўтарстве), «Восстановление иннервации прямой кишки: (эмбриологическое и экспериментально-морфологическое обоснование)» (1980, у суаўтарстве), «Ганглиопексия и реиннервация органов» (1986, у суаўтарстве), «Реиннервация поднижнечелюстной слюнной железы» (1991, у суаўтарстве) і інш.

 

                            

 

Вучоны займаўся даследаваннямі перыферычнай нервовай сістэмы, у тым ліку вегетатыўнай. Асаблівую ўвагу надаваў будове дугі аорты чалавека і некаторых млекакормячых у эмбрыягенезе. Д.М. Голуб лічыцца адным з заснавальнікаў нейрамарфалагічных даследаванняў у СССР, які даказаў, што ў эмбрыягенезе нервовая сістэма аказвае ўплыў на морфагенез і функцыянальную дзейнасць органаў. Распрацаваў новы кірунак у нейрабіялогіі ‒ выкарыстанне заканамернасцей эмбрыянальнага развіцця ў якасці прататыпаў для аднаўлення цэласці органаў і тканак. Вучоны падрыхтаваў тры арыгінальныя атласы, дзе прадстаўлены звесткі аб развіцці чэрапна-мазгавых нерваў і спляценняў спіннамазгавых нерваў у раннім антагенезе. Абгрунтаваў уяўленне аб існаванні ў арганізме асноўных і акольных сувязей паміж унутранымі органамі і цэнтральнай нервовай сістэмай. Даследаваў кампенсаторныя працэсы ў вегетатыўнай нервовай сістэме і механізмы лячэння захворванняў, якія выкліканы парушэннем інервацыі. У клінічнай практыцы знайшлі шырокае прымяненне прынцыпы ўтварэння новых нервовых і сасудзістых шляхоў, у прыватнасці эксперыментальная мадэль для органаў малога таза, якую выкарыстоўваюць пры ўралагічных і гінекалагічных аперацыях. Займаўся пытаннямі методыкі выкладання нармальнай анатоміі.

 

                                                              

 

Навуковую працу Д.М. Голуб сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю. Ён быў заснавальнікам і першым кіраўніком Беларускага і Мінскага навуковага таварыства анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў, ганаровым членам Міжнароднай асацыяцыі марфолагаў, Усесаюзнага, Расійскага, Украінскага, Балгарскага і Чэхаславацкага навуковых таварыстваў анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў, членам Міжнароднай арганізацыі па вывучэнні мозгу.

У 1971 г. Давыд Моўшавіч быў удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1973 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1944), медалём Францыска Скарыны (1996) і іншымі медалямі. Імем вучонага названа адна з вуліц Чэрвеня.