Да юбілею Сяргея Новіка-Пеюна

27 жніўня 2026 г. спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння пісьменніка і кампазітара Сяргея Новіка-Пеюна

У сваёй творчасці Сяргей Новік-Пяюн (сапраўднае прозвішча Новік) імкнуўся захаваць нацыянальныя традыцыі, дакладна абмаляваць характар персанажаў, паказаць адметнасць іх унутранага свету. Яго паэзія напоўнена лірызмам і музычнасцю, прасякнута сапраўднымі пачуццямі і перажываннямі. Многія вершы паэта былі пакладзены на музыку і сталі песнямі.

Нарадзіўся С. Новік-Пяюн у в. Лявонавічы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Нясвіжскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1924 г. скончыў Нясвіжскую гімназію, потым беларускія настаўніцкія метадычна-педагагічныя курсы ў Вільні. У час вучобы браў дадаткова ўрокі жывапісу і ігры на скрыпцы. У 1926 г. С. Новік-Пяюн вярнуўся ў родную вёску. Працуючы настаўнікам, арганізаваў хор і драматычны гурток, бібліятэку. За актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць быў высланы польскімі ўладамі на пяць гадоў у г. Свеце над Віслай. З сярэдзіны 1931 г. знаходзіўся пад наглядам паліцыі ў Слоніме. У сакавіку 1939 г. С. Новіка-Пеюна зноў арыштавалі. Зняволенне адбываў у баранавіцкай турме, адкуль быў вызвалены Чырвонай арміяй. У 1939–1940 гг. працаваў інспектарам Слонімскага аддзела народнай асветы. Займаўся арганізацыяй бібліятэк, разам з гісторыкам І. Стаброўскім стварыў краязнаўчы музей, дырэктарам якога стаў у 1940 г. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, С. Новік-Пяюн рабіў усё магчымае, каб захаваць унікальныя экспанаты музея, найбольш каштоўныя кнігі з бібліятэкі. Ён падтрымліваў сувязь з партызанамі, забяспечваў іх паперай для лістовак, медыкаментамі, распаўсюджваў зводкі Саўінфармбюро. Музей стаў канспіратыўнай кватэрай падпольшчыкаў. За антыфашысцкую дзейнасць у лістападзе 1943 г. С. Новік-Пяюн быў арыштаваны і прыгавораны фашысцкімі ўладамі да пакарання смерцю. У слонімскай турме захварэў сыпным тыфам і апынуўся ў Калдычэўскім канцэнтрацыйным лагеры, што знаходзіўся пад Баранавічамі. У час расстрэлу (4 ліпеня 1944 г.) групы вязняў атрымаў раненне і цудам застаўся жывым. Пасля вызвалення Слоніма С. Новік-Пяюн працаваў дырэктарам гарадскога краязнаўчага музея. Па лжывым даносе ў 1944 г. быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў на Калыме. У 1945–1958 гг. у Якуціі працаваў лесарубам, шахцёрам, драбільшчыкам руды, рэгістратарам у паліклініцы. У 1958 г. С. Новік-Пяюн быў рэабілітаваны і ў 1959 г. вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясвіжы. У 1960 г. пераехаў у Мінск. У сваёй кватэры арганізаваў патрыятычны клуб для дзяцей, дзе вучыў іх маляваць, расказваў гісторыі, чытаў свае творы.

Першы верш С. Новіка-Пеюна «Не бядуй» быў змешчаны ў часопісе «Студэнцкая думка» ў 1925 г. З гэтага часу яго творы пачалі друкавацца ў іншых віленскіх перыядычных выданнях. Найбольш актыўна пісьменнік супрацоўнічаў з дзіцячым часопісам «Заранка». З 1927 па 1931 г. на яго старонах пад псеўданімам Малады Дзядок былі апублікаваны апавяданні, казкі, п’есы, жарты і песні.

 

                    

 

Для ранніх твораў паэта характэрны эмацыянальнасць, шчырасць, непасрэднасць. У Вільні асобнымі выданнямі выйшлі п’есы «Цудоўная ноч» і «Ёлка Дзеда Мароза» (1927), «Прадка пад крыжам» (1939).

 

                                                                     

 

У зборніку «Сцэнічныя творы» (1927) была апублікавана п’еса «Пакой у наймы». У 1940–1941 гг. вершы С. Новіка-Пеюна друкаваліся ў слонімскай раённай газеце «Вольная праца». У гітлераўскіх турмах і канцлагеры, не маючы алоўка і паперы, пісьменнік трымаў у памяці паэтычныя радкі. За час, што правёў там, стварыў больш за 20 вершаў. Найбольш вядомым з’яўляецца «Ноч у вязніцы». Памяці закатаваных сяброў прысвяціў вершы «Прысяга» і «Не гудзе зялёная дуброва». У перыяд жыцця на Калыме С. Новік-Пяюн працягваў творчую дзейнасць. Яго артыкулы на рускай мове друкаваліся ў газетах «Социалистическая Якутия», «Молодой коммунист», «Молодёжь Якутии», «Северная заря». У гэты час былі напісаны вершы «Калі душу мне сум агорне…», «Жыццё прамінае», «Беларуская мова мая» і інш. Пасля рэабілітацыі С. Новік-Пяюн (з 1960-х гг.) выступаў у беларускім рэспубліканскім друку, слонімскай і нясвіжскай раённых газетах. У 1984 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Ён аўтар кніг «Заўсёды з песняй» (1984), «Зорачкі ясныя» (1986), «Песні з-за кратаў» (1993), успамінаў пра Я. Купалу, Г. Леўчыка, І. Стаброўскага, Я. Карскага. Пераклаў на беларускую мову драматычную паэму «Русалка» А. Пушкіна, камедыі «Першы вінакур» Л. Талстога і «Муж у ветлівасці» А. Абрамовіча і Р. Рушкоўскага.


 

                                                      

 

Найбольш ярка талент С. Новіка-Пеюна раскрыўся ў вакальнай творчасці. Вялікай папулярнасцю карысталася яго песня «Зорачкі» на тэкст верша «На выгнанні», якую спявалі па ўсёй Заходняй Беларусі. Сяргей Новік-Пяюн напісаў каля сотні песень і рамансаў, сярод якіх – «Белы снег», «Калі гляджу на неба сінь…», «Кветка шчасця», «Слонімскі вальс», «Сэрца, не плач!» (да кінафільма «Боль мой – Хатынь», 1969) і інш. Паэт-лірык, С. Новік-Пяюн праявіў сябе і як таленавіты мастак. У яго творчай спадчыне захавалася некалькі жывапісных работ – карціны «Краявід», «Першы снег», «Партрэт Адама Міцкевіча», акварэльныя малюнкі.