Quick reference:
савецкі партыйны, дзяржаўны і ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля і партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, адзін з кіраўнікоў аднаўлення народнай гаспадаркі Беларусі ў пасляваенныя гады
Names in other languages:
Пономаренко Пантелеймон Кондратьевич (russian);
3066 chars
Reference
Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка нарадзіўся на хутары Шаўкоўскі Краснадарскага краю ў сялянскай сям’і. З 12-цігадовага ўзросту працаваў у кузні, 16-гадовым юнаком далучыўся да чырвонаармейцаў.
З 1919 г. П.К. Панамарэнка працаваў на чыгунцы: быў слесарам, інспектарам па прыёмцы паравозаў, памочнікам машыніста, машыністам і без адрыву ад вытворчасці вучыўся на вячэрнім факультэце працоўнай моладзі. У 1927–1932 гг. вучыўся ў Маскоўскім інстытуце інжынераў транспарту.
У 1922–1926 гг. П.К. Панамарэнка быў на камсамольскай рабоце, у 1925 г. быў прыняты ў члены Камуністычнай партыі бальшавікоў. У 1932–1936 гг. П.К. Панамарэнка праходзіць службу на пасадзе камандзіра батальёна чыгуначных войск у Магілёве, на Далёкім Усходзе, Маскоўскай ваеннай акрузе. З 1936 г. працаваў інжынерам канструктарскага бюро Усесаюзнага электратэхнічнага інстытута.
У 1938 г. П.К. Панамарэнка як выдатны спецыяліст і выбітны прамоўца становіцца інструктарам у апараце ЦК ВКП(б), а потым намеснікам загадчыка Аддзела кіруючых партыйных органаў. У гэтым жа годзе Панцеляймон Кандратавіч узначальвае ЦК КП(б) Беларускай ССР. У 1939 г. прыма ўдзел у вайсковай аперацыі па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР.
У гады Вялікай Айчыннай вайны П.К. Панамарэнка паслядоўна ўваходзіў ў Ваенныя Саветы Заходняга, Цэнтральнага, Бранскага франтоў, а таксама 3-й Ударнай арміі і 1-га Беларускага фронту. З мая 1942 г. і да студзеня 1944 г. з’яўляўся кіраўніком Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання. У гэты час займаўся падрыхтоўкай буйных партызанскіх аперацый (“Рэйкавая вайна”, “Канцэрт”), забяспечваў узаемадзеянне войск Чырвонай арміі і партызан, кіраваў падрыхтоўкай партызанскіх камандзіраў і інш. 16 ліпеня 1944 г. начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху і старшыня Савета Народных Камісараў БССР П.К. Панамарэнка прымаў партызанскі парад у Мінску. На ўрачыстым мітынгу прысутнічалі каля 50 тыс. жыхароў разбуранага горада і воіны Чырвонай арміі на чале з камандуючым 3-м Беларускім фронтам генералам арміі І.Д. Чарняхоўскім.
У пасляваенныя гады пад кіраўніцтвам П.К. Панамарэнкі хуткімі тэмпамі праходзіла аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі Беларусі: у маі 1944 г. у Гомелі аднавіў дзейнасць завод трактарных пускавых рухавікоў (цяпер ААТ “Гомельскі завод пускавых рухавікоў імя П.К. Панамарэнкі”).
У 1948 г. яго прызначаюць сакратаром ЦК ВКП(б) і адначасова міністрам нарыхтовак СССР. З 1953 г. П.К. Панамарэнка займаў пасаду міністра культуры СССР, з лютага 1954 г. узначальваў ЦК КП Казахстана. З 1955 г. П.К. Панамарэнка на дыпламатычнай рабоце: ён з’яўляецца паслом СССР у Польскай Народнай Рэспубліцы, Індыі і Непале, Нідэрландах. З 1962 па 1964 г. П.К. Панамарэнка – прадстаўнік СССР у Міжнародным агенцтве па атамнай энергіі ў Вене.
Генерал-лейтэнант Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка ўзнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Суворава І-й ступені, “Знак Пашаны”, медалямі, іншымі ўзнагародамі. Яго імем названы вуліцы ў Мінску і Магілёве, завод у Гомелі.