Quick reference:
бібліёграф, бібліятэкар, педагог, аўтар падручнікаў, прац па ўніверсальнай і галіновай рэтраспектыўнай бібліяграфіі, удзельнік Першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі"
Names in other languages:
Сакольчик Адам Антонович (russian);
2790 chars
Reference
Значны ўклад у развіццё рэтраспектыўнай бібліяграфіі Беларусі ўнёс Адам Антонавіч Сакольчык.
Нарадзіўся ён у в. Вуглы Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Мінскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1911 г. скончыў Самахвалавіцкае двухкласнае народнае вучылішча, у 1915 г. ‒ Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
У жніўні 1915 г. быў датэрмінова прызваны ў армію. У 1916 г. скончыў 2-ю Маскоўскую пяхотную школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на франтах Першай сусветнай вайны.
Пасля дэмабілізацыі працаваў загадчыкам Бяліцкоўшчынскай пачатковай школы Мінскага павета. У 1918‒1919 гг. вучыўся ў Мінскім інстытуце народнай адукацыі. У 1919 г. прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнічаў у грамадзянскай і савецка-польскай войнах. Пасля звальнення ў запас працаваў настаўнікам матэматыкі, гісторыі, геаграфіі, фізічнай культуры. У 1922‒1924 гг. А.А. Сакольчык быў дырэктарам беларускай савецкай працоўнай школы № 35, у 1924‒1930 гг. ‒ узначальваў савецкую няпоўную сярэднюю школу № 32 у Мінску. Работу сумяшчаў з вучобай на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) (1921‒1925). Затым завочна скончыў тры курсы фізіка-матэматычнага факультэта (1938‒1941). У 1930‒1941 гг. выкладаў геаграфію на рабфаках БДУ, Мінскага медыцынскага інстытута, у Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школе Беларусі, быў настаўнікам вячэрняй школы для дарослых № 9. Ён з’яўляецца суаўтарам двух падручнікаў па фізічнай геаграфіі (1932‒1933).
У час Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у вызваленчых баях на тэрыторыі Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі. У 1945‒1946 гг. працаваў метадыстам Упраўлення працоўных рэзерваў пры Савеце Міністраў БССР.
З 1946 г. прафесійная дзейнасць А.А. Сакольчыка звязана з Дзяржаўнай бібліятэкай БССР імя У.І. Леніна. У 1946–1948 гг. ён з’яўляўся загадчыкам Кніжнай палаты БССР. Прымаў актыўны ўдзел у пасляваенным аднаўленні бібліятэкі, развіцці бібліяграфіі Беларусі. У 1948‒1961 гг. загадваў кабінетам (пазней аддзелам) беларускай літаратуры і бібліяграфіі, у 1961‒1964 гг. быў галоўным бібліёграфам аддзела. Адам Антонавіч – аўтар прац па ўніверсальнай і галіновай рэтраспектыўнай бібліяграфіі. Сярод іх ‒ «Русская дореволюционная книга о Белоруссии (1802‒1916 гг.)» (1964), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм» (1969, у суаўтарстве), «Дооктябрьская книга на русском языке о Белоруссии» (1976) і інш.
Фундаментальныя бібліяграфічныя працы А.А. Сакольчыка і сёння запатрабаваны навуковымі супрацоўнікамі, бібліятэчнымі спецыялістамі, выкладчыкамі і студэнтамі.
Адам Антонавіч Сакольчык узнагароджаны медалямі, ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР, Міністэрства культуры БССР, Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна.