Start date: 15.09.1922 Мінск, г.
Quick reference: дзяржаўная ўстанова, галоўная ўніверсальная навуковая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскі інфармацыйны, сацыякультурны і сацыяпалітычны цэнтр, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2012), прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2017)
Short names: НББ
Title Options: Бібліятэка Нацыянальная Беларусі
Names in other languages: Национальная библиотека Беларуси (russian);
Previous Names: Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка; Белорусская государственная и университетская библиотека; Государственная библиотека БССР имени В.И. Ленина; Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У.І. Леніна
Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) – галоўная ўніверсальная навуковая бібліятэка краіны. Яна ўзначальвае сістэму бібліятэк Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца вядучай установай краіны ў галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, кнігазнаўства, метадычным і каардынацыйным цэнтрам для бібліятэк Беларусі. На працягу дзесяцігоддзяў НББ выконвае місію захавальніцы дакументальнай спадчыны беларускага народа, задавальняе інфармацыйныя і сацыякультурныя патрэбнасці карыстальнікаў на базе ўнікальнага фонду дакументаў.
Гісторыя бібліятэкі пачынаецца 3 лістапада 1921 г., калі пры Беларускім дзяржаўным універсітэце была створана ўніверсітэцкая бібліятэка, якая адначасова выконвала функцыі галоўнай бібліятэкі краіны. Пастановай Урада БССР ад 15 верасня 1922 г. яна была афіцыйна абвешчана Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкай. Гэты дзень і лічыцца днём заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а з 2001 г. адзначаецца як агульнадзяржаўны Дзень бібліятэк. Першым дырэктарам стаў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі (1892–1967), чалавек шырокай эрудыцыі і энцыклапедычных ведаў (у красавіку 2012 г. споўнілася 120 гадоў з дня яго нараджэння). Ён кіраваў бібліятэкай амаль 40 гадоў, шмат зрабіў для развіцця бібліятэчнай справы рэспублікі.
Сапраўднымі скарбамі бібліятэкі сталі фонды, закладзеныя ў 1920-я гг. Крыніцы, адкуль паступалі кнігі, былі самыя розныя: з рэзервовых фондаў буйнейшых бібліятэк Масквы і Ленінграда, з Акадэміі навук СССР. Шмат выданняў паступіла з бібліятэк духоўных навучальных устаноў Беларусі. У той час было набыта шмат спецыялізаваных кнігазбораў, сярод іх – прыватныя калекцыі акадэміка Я. Ф. Карскага і прафесара М. А. Янчука (па беларусазнаўстве, этнаграфіі і літаратуры), акадэміка У. І. Пічэты (па гісторыі Беларусі), акадэміка Я. К. Грота (па славяназнаўстве), частка бібліятэкі беларускага гісторыка і этнографа А. П. Сапунова і інш. Па колькасці экзэмпляраў і каштоўнасці збораў бібліятэка ўваходзіла ў лік 30 лепшых бібліятэк свету. У 1926 г. яна стала самастойнай установай, а ў жніўні 1932 г. рэарганізавана ў Дзяржаўную бібліятэку і Бібліяграфічны інстытут БССР з прысваеннем імя У. І. Леніна. Да свайго дзесяцігоддзя атрымала новы, першы ў краіне спецыялізаваны будынак (праект архітэктара Г. Лаўрова). З 1926 па 1934 г. адкрываліся філіялы бібліятэкі ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, пры Доме ўрада ў Мінску. Пазней яны былі ператвораны ў абласныя бібліятэкі і ва Урадавую бібліятэку імя А. М. Горкага (зараз Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь).
У пачатку 1941 г. фонд бібліятэкі дасягнуў 2 млн адзінак, а колькасць карыстальнікаў перавышала 15 тыс. У час Вялікай Айчыннай вайны яна была разрабавана нямецкімі акупацыйнымі войскамі: вывезена больш за 1,5 млн дакументаў, у тым ліку найбольш каштоўныя рукапісы і старадрукі; цалкам знішчаны даведачна-бібліяграфічны апарат і абсталяванне. Будынак пацярпеў ад выбухаў. Разрабаванне бібліятэкі разглядалася на Нюрнбергскім працэсе як ваеннае злачынства. Толькі ў 1947 г. фонд бібліятэкі дасягнуў даваеннага ўзроўню, але і да сённяшняга дня ён цалкам не адноўлены.
У пасляваенны час супрацоўнікамі бібліятэкі была праведзена вялікая праца па ўзнаўленні страчаных фондаў, складзены і прыведзены ў парадак каталогі і картатэкі. Бібліятэка зноў стала цэнтрам метадычнай і бібліяграфічнай работы ў краіне. Сведчаннем грамадскага прызнання дзейнасці стала ўзнагароджанне бібліятэкі ў 1972 г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. 19 мая 1992 г. пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь яна была перайменавана ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Знамянальнай падзеяй стала ўзвядзенне ў пачатку ХХІ ст. новага ўнікальнага будынка бібліятэкі. Уся краіна прымала ўдзел у гэтай будоўлі. 16 чэрвеня 2006 г. новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыўся для карыстальнікаў. Ён вылучаецца яскравым архітэктурным рашэннем, сваёй формай нагадвае агранены алмаз, які сімвалізуе каштоўнасць ведаў, бясконцасць пазнання свету (аўтары праекта М. К. Вінаградаў і В. У. Крамарэнка). Магчымасці новага будынка кардынальна змянілі дзейнасць НББ. Бібліятэка пашырыла сферу ўзаемадзеяння з грамадствам, павялічыла кола сацыяльнага партнёрства, набыла новы статус. На яе базе быў створаны рэспубліканскі інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр, які вызначыў асноўныя напрамкі далейшай дзейнасці ўстановы. Галоўнымі з іх з’яўляюцца фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў, бібліятэчна-інфармацыйнае абслугоўванне карыстальнікаў, навуковая, навукова-метадычная і сацыякультурная дзейнасць.
Універсальны фонд НББ прызначаны для задавальнення інфармацыйных патрэбнасцей розных катэгорый карыстальнікаў і ўключае больш за 9 млн экз. дакументаў на 50 мовах свету. Вялікую каштоўнасць уяўляе ўнікальны збор рукапісных кніг, архіўных дакументаў, старадрукаў і рэдкіх выданняў, які налічвае звыш 82 тыс. адзінак. У бібліятэцы захоўваецца адзіны ў Беларусі збор кніг беларускага першадрукара Ф. Скарыны (10 выпускаў Бібліі, Прага, 1517–1519), выданне якіх палажыла пачатак кнігадрукаванню ва Усходняй Еўропе. Асаблівае месца ў сістэме фондаў НББ займае калекцыя нацыянальных дакументаў, якая фарміруецца на аснове абавязковага бясплатнага экзэмпляра выданняў, што выходзяць у Беларусі, а таксама міжнароднага кнігаабмену. У бібліятэцы захоўваюцца: фонд перыядычных выданняў, рарытэтамі якога з’яўляюцца першыя беларускія газеты “Мужыцкая праўда”, “Наша доля”, “Наша ніва”, “Дзянніца”; найбагацейшы збор выяўленчых матэрыялаў; самая вялікая ў Беларусі калекцыя нот і аўдыявізуальных дакументаў; унікальны картаграфічны фонд; дысертацыі і аўтарэфераты дысертацый па ўсіх галінах ведаў; фонд электронных дакументаў. Як інфармацыйны цэнтр бібліятэка ажыццяўляе фарміраванне электроннай бібліятэкі НББ, падтрыманне інтэрнэт-партала, генерацыю тэматычных электронных інфармацыйных рэсурсаў (15 баз даных розных тыпаў), арганізацыю і функцыянаванне сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі, вядзенне зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі.
Інфармацыйныя тэхналогіі ўнеслі значныя змены ў традыцыйны рэжым абслугоўвання карыстальнікаў. Аўтаматызаваная бібліятэчная інфармацыйная сістэма, укаранёная ў бібліятэцы, дазваляе ажыццяўляць шматаспектны пошук дакументаў, аўтаматызаваць працэсы заказу і выдачы друкаваных дакументаў карыстальнікам, забяспечвае доступ да найбольш актуальных электронных рэсурсаў. У бібліятэцы 20 чытальных залаў, разлічаных на 2 тыс. месцаў, аснашчаных электроннымі кафедрамі выдачы дакументаў, сучасным абсталяваннем, якое дазваляе ажыццяўляць сканіраванне і капіраванне дакументаў, раздрукоўку электронных копій. Ва ўсіх залах створаны выдатныя ўмовы для работы. Не забыты і карыстальнікі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.
Бібліятэчна-інфармацыйнае абслугоўванне даступна не толькі непасрэдным наведвальнікам бібліятэкі, але і аддаленым карыстальнікам, для якіх на інтэрнэт-партале НББ прадстаўлены такія віртуальныя сэрвісы, як даведачныя службы “Спытай бібліятэкара”, “Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі”, “Адкрытая інфармацыя” (аб дзейнасці міжнародных арганізацый), служба электроннай дастаўкі дакументаў. Бібліятэка таксама прапаноўвае ўстановам і арганізацыям выкарыстоўваць паслугі віртуальнай чытальнай залы, якая забяспечвае доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў лепшых сусветных вытворцаў (паўнатэкставых, рэфератыўных, бібліяграфічных і фактаграфічных баз даных).
Адначасова з якасным абслугоўваннем, захаваннем дакументальнай спадчыны бібліятэка займаецца навукова-даследчай і навукова-метадычнай дзейнасцю, працягвае падтрымліваць шматлікія кантакты ў сферы прафесійнай дзейнасці, развівае шырокія міжнародныя кнігаабменныя сувязі, удзельнічае ў міжнародных і дзяржаўных праграмах, з’яўляецца распрацоўшчыкам і галоўным выканаўцам навукова-даследчых праектаў, вядзе шматпланавую выдавецкую дзейнасць на аснове сучаснай паліграфічнай базы.
Дзейнасць НББ не абмяжоўваецца задавальненнем інфармацыйных патрабаванняў карыстальнікаў. Як сацыякультурны і сацыяпалітычны цэнтр бібліятэка з’яўляецца месцам правядзення міжнародных сустрэч на самым высокім узроўні. Тут адбываюцца культурныя і адукацыйныя акцыі з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычных місій, міжнародных урадавых і грамадскіх прафесійных арганізацый, дзеячаў культуры і мастацтва. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з цікавымі выстаўкамі галерэйнага комплексу (галерэі “Атрыум”, “Лабірынт”, “Ракурс”, “Панарама”), пабываць на агляднай пляцоўцы, стаць удзельнікамі экскурсіі па бібліятэцы.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі ажыццяўляе інтэграцыю краіны ў агульнасусветныя інфармацыйныя, інавацыйныя і культурныя працэсы, садзейнічае інфарматызацыі грамадства.
Інфармацыю аб дзейнасці бібліятэкі гл. на партале НББ (http://www.nlb.by).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.