Фундаментальная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (ФБ БДУ) – адна са старэйшых і буйнейшых бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Пачала сваю дзейнасць адначасова з афіцыйным адкрыццём у 1921 г. Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) і спачатку размяшчалася ў двух пакоях гімназіі Фальковіча (зараз у гэтым будынку знаходзіцца гістарычны факультэт БДУ). Штат бібліятэкі складаўся з 13 чалавек – загадчыцы бібліятэкі, чатырох памочнікаў з правамоцтвамі бібліятэкараў, пяці рэгістратараў з правамоцтвамі канторшчыкаў і трох агентаў па закупках.
Аснову фонду бібліятэкі склалі кнігі, рэквізаваныя ў памешчыцкіх маёнтках Мінскай губерні і перададзеныя ўніверсітэту Народным камісарыятам асветы БССР. Фонд таксама папаўняўся за кошт закупак неабходнай вучэбнай і навуковай літаратуры членамі Мінскай і Маскоўскай камісій па арганізацыі ўніверсітэта і дароў з прыватных кнігазбораў вучоных. Асабліва клапаціўся аб фарміраванні фонду бібліятэкі першы рэктар універсітэта У. І. Пічэта, які вёў перагаворы аб набыцці і перадачы ва ўніверсітэцкую бібліятэку кніг з прыватных кнігазбораў і кнігазбораў розных расійскіх устаноў і з кожнай сваёй паездкі ў Маскву, Ленінград, Кіеў, Харкаў, за мяжу прывозіў патрэбныя ўніверсітэту кнігі.
У 1922 г. пастановай Савета Народных Камісараў БССР (СНК БССР) бібліятэка БДУ была ператворана ў бібліятэку пад назвай “Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка”. У 1926 г. СНК БССР прымае пастанову “Аб рэарганізацыі Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкі”, згодна з якой бібліятэка была ператворана “з пашырэннем яе праў і функцый у цэнтральную дзяржаўную кніжніцу пад назвай Беларуская дзяржаўная бібліятэка” і вылучана са складу БДУ. Значная частка фонду, аб’ём якога за першае пяцігоддзе вырас да 270 тыс. адзінак, была перададзена Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы.
Пасля вылучэння Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі ў самастойную ўстанову яна ў адпаведнасці са сваім Статутам да 1930 г. працягвала выконваць функцыі бібліятэкі ўніверсітэцкай. У 1931 г. з часткі фонду, што засталася (у асноўным вучэбная літаратура), і фонду бібліятэк, створаных на кафедрах БДУ за кошт сродкаў факультэтаў, Фундаментальная бібліятэка была адноўлена.
Сёння фонд бібліятэкі – гэта больш за 2 млн адзінак навуковой і вучэбнай літаратуры, перыядычных выданняў, аўдыявізуальных дакументаў, электронных выданняў па прыродазнаўчых, дакладных і гуманітарных навуках на беларускай, рускай і замежных мовах. У бібліятэцы захоўваецца калекцыя выданняў XVI – пачатку XX ст. У яе фондзе прадстаўлены кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, абароненыя ў БДУ пачынаючы з 1943 г.
Штогод фонд бібліятэкі папаўняецца на 40 тыс. адзінак новых дакументаў у адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі, тэматыкай навукова-даследчых работ універсітэта і згодна з планамі дзейнасці кафедр БДУ. З 2009 г. ФБ БДУ атрымлівае абавязковы бясплатны экзэмпляр дакументаў, якія адносяцца да навуковых і вучэбных выданняў для вышэйшай школы. У якасці дэпазітарнай бібліятэкі ААН і МВФ атрымлівае абавязковы бясплатны экзэмпляр дакументаў і выданняў гэтых арганізацый. Акрамя гэтага, ФБ БДУ набывае амаль 900 назваў перыядычных выданняў і папаўняе свой фонд праз узаемавыгадны кнігаабмен з 116 навуковымі і навучальнымі ўстановамі з 18 краін свету. З 1994 г. у бібліятэцы вядзецца электронны каталог на бягучыя паступленні дакументаў, куды ў 2006 г. пачалося ўвядзенне бібліяграфічных запісаў на рэтраспектыўную частку фонду.
Для абслугоўвання чытачоў у ФБ БДУ адкрыты 14 спецыялізаваных чытальных зал і 2 медыябібліятэкі, у якіх адначасова могуць займацца больш за 900 чалавек. Да паслуг карыстальнікаў бібліятэкі – каля 100 баз даных, сярод якіх – “Электронные реферативные журналы ВИНИТИ”, “Большая энциклопедия Кирилла и Мефодия”, “Эталон”, “Консультант Плюс”, “Бизнес-инфо”, “SpringerLink”, “ProQuest”, “East View Publications”, бібліяграфічныя базы даных па гуманітарных і сацыяльных навуках Інстытута навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках Расійскай акадэміі навук, базы даных кампаніі EBSCO і інш. Выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, формы і метады інфармацыйна-бібліятэчнага абслугоўвання, ФБ БДУ стварае неабходныя ўмовы для адкрыцця сваім наведвальнікам доступу да сусветных інфармацыйных рэсурсаў.
У 1999 г. створаны web-сайт бібліятэкі, на якім прадстаўлена інфармацыя аб яе структуры, рэсурсах і паслугах. Web-сайт быў неаднаразова адзначаны ўзнагародамі на розных конкурсах: V Конкурсе беларускіх кантэнт-праектаў; міжнародных спецыялізаваных выстаўках “Tibo-2004”, “Tibo-2007”; конкурсе web-сайтаў бібліятэк, арганізаваным Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй у 2009 г. У бібліятэцы функцыянуе электронная дастаўка дакументаў, дзякуючы якой карыстальнікі маюць магчымасць атрымаць электронныя копіі патрэбных ім дакументаў. Больш за 200 аўтаматызаваных працоўных месцаў для карыстальнікаў і супрацоўнікаў бібліятэкі аб’яднаны ў лакальную вылічальную сетку. З усіх камп’ютараў у чытальных залах і медыябібліятэках ёсць выхад у Інтэрнэт. У чытальнай зале для прафесарска-выкладчыцкага саставу, навуковых супрацоўнікаў, аспірантаў і студэнцкай чытальнай зале арганізаваны бесправадны доступ да сеткі. З верасня 2010 г. уведзена ў эксплуатацыю Электронная бібліятэка ФБ БДУ, якая ў студзені 2011 г. займала 768 месца сярод рэпазітарыяў адкрытага доступу ў міжнароднай сістэме ранжыравання Webometrics.
Фундаментальная бібліятэка БДУ не толькі актыўна дапамагае набываць прафесійныя веды, але таксама дзякуючы выкарыстанню розных форм прапаганды кнігі садзейнічае маральнаму і эстэтычнаму выхаванню студэнтаў. Сумесна са структурнымі падраздзяленнямі і грамадскімі арганізацыямі ўніверсітэта бібліятэка штогод праводзіць чытацкія канферэнцыі, літаратурныя вечарыны, вечарыны-сустрэчы з паэтамі і празаікамі, афармляе выстаўкі літаратуры. Бібліятэка супрацоўнічае з выдавецтвамі, рэдакцыямі часопісаў, творчымі калектывамі, Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
У адпаведнасці з загадам Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР ад 31.10.1974 № 518 “Об усилении роли библиотек в учебно-воспитательном процессе высших и средних специальных учебных заведений” Фундаментальнай бібліятэцы БДУ нададзены статус Рэспубліканскага метадычнага цэнтра для бібліятэк ВНУ Беларусі. Бібліятэка – член Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі, арганізатар і суарганізатар шматлікіх міжнародных і рэгіянальных канферэнцый і семінараў па актуальных праблемах бібліятэчнага і інфармацыйнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк.
Сёння ФБ БДУ не толькі сховішча ўнікальнага бібліятэчнага фонду, але і рэальны інфармацыйны цэнтр, здольны прапанаваць сваім карыстальнікам увесь спектр інфармацыйных паслуг, актыўны ўдзельнік адукацыйнага і асветніцкага працэсаў у вядучай вышэйшай навучальнай установе краіны.
Інфармацыю пра ФБ БДУ можна знайсці на сайце http://www.library.bsu.by.
Матэрыял падрыхтаваны Фундаментальнай бібліятэкай Беларускага дзяржаўнага ўніверітэта ў 2011 г.