Гарадзец – аграгарадок у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Гарадзецкага сельсавета. Знаходзіцца за 22 км на ўсход ад Кобрына, 2 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзец на лініі Брэст – Гомель. Размешчаны на канале Мухавец.
У пісьмовых крыніцах населены пункт упершыню ўпамінаецца ў 1142 г. у час княжацкіх міжусобных войнаў. У 1286 г. валынскі князь Уладзімір Васількавіч завяшчаў сяло Гарадзец жонцы Вользе Раманаўне. Пазней Гарадзец з’яўляўся ўласнасцю князёў Кобрынскіх, з пачатку XVI ст. уваходзіў у лік каралеўскіх маёнткаў. У 1563 г. вядомы як горад і двор Кобрынскай эканоміі, з 1566 г. знаходзіўся ў складзе Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1589 г. каралева польская і вялікая княгіня літоўская Ганна Ягелонка надала Гарадцу прывілей на магдэбургскае права. У 1597 г. тут меліся рынак, царква, дом святара, млыны, 5 піўных і 1 мядовая карчма. Пасля 1757 г. горад атрымаў статус мястэчка і стаў цэнтрам Кобрынскага ключа, у склад якога ўваходзілі вёскі Асмаловічы, Вуглы, Грушава, Камень Каралеўскі, Худлін і Чалішчавічы. У 1784 г. па дарозе на Гродзенскі сейм Гарадзец наведаў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У час візіту ён агледзеў пабудаваны ў 1775–1783 гг. канал і разам са світай праехаў па ім да наступнага шлюза.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Гарадзец далучаны да Расійскай імперыі ў склад Кобрынскага павета Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. У 1860 г. у мястэчку налічвалася 149 двароў, працавала прыстань, на якой штогод загружалася тавараў на суму 220 тыс. рублёў. У 1865 г. адкрыта народнае вучылішча. У 1876 г. у Гарадзец была перавезена драўляная Вазнясенская царква з вёскі Камень Шляхецкі (захавалася да нашага часу). У 1886 г. мястэчка стала цэнтрам Гарадзецкай воласці. Паводле перапісу 1897 г. у Гарадцы пражываў 1691 жыхар, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы, сінагога, валасное праўленне, пошта, хлебазапасны магазін, 4 кузні, цагельны завод, 3 піцейныя дамы і інш. Штогод праводзіліся ярмаркі. Мястэчка знаходзілася каля гандлёвага шляху Кобрын – Пінск, Палескай чыгункі, Дняпроўска-Бугскага канала, што спрыяла яго эканамічнаму развіццю.
У 1915 г. Гарадзец займалі германскія, з 1919 г. – польскія войскі. У 1921 г. згодна з Рыжскім мірным дагаворам далучаны да Польшчы як цэнтр гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. У 1928 г. у мястэчку адкрыта бібліятэка, у 1932 г. пабудаваны Народны дом, пажарнае дэпо. У 1939 г. Гарадзец увайшоў у склад БССР. 15 студзеня 1940 г. атрымаў статус вёскі ў Антопальскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 г. стаў цэнтрам Гарадзецкага сельсавета. У 1940 г. тут пражывала 1153 жыхары, дзейнічалі 2 паравыя млыны, няпоўная сярэдняя школа, фельчарскі пункт, хата-чытальня, кааператыўная крама і інш.
З канца чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. Гарадзец знаходзіўся пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля вызвалення вёска была адноўлена, адкрыліся прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы. У 1945 г. пачаў працаваць цагельны завод, у 1948 г. – сярэдняя школа. У 1955 г. уведзены ў эксплуатацыю кансервавы завод. У 1958 г. у вёсцы на брацкай магіле савецкіх воінаў і землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, устаноўлены помнік. З 8 жніўня 1959 г. Гарадзец увайшоў у склад Кобрынскага раёна. У 2008 г. атрымаў статус аграгарадка. У гэтым жа годзе зацверджаны афіцыйны герб з выявамі Дзевы Марыі, якая трымае на каленях немаўля Ісуса, і Святой Ганны.
У цяперашні час у аграгарадку працуюць сельскагаспадарчае прадпрыемства “Гарадзец-Агра”, сярэдняя школа (пры ёй дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей), дзіцячы сад, клуб, бібліятэка, участковая бальніца, аддзяленне паштовай сувязі, ААТ “ААБ Беларусбанк” і інш. Помнікам архітэктуры з’яўляецца Гарадзецкая царква Ушэсця (XVIII ст.). Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У Гарадцы нарадзіліся вучоны ў галіне тэхнічнай кібернетыкі і інфарматыкі, доктар тэхнічных навук, прафесар І. В. Соўпель, дырыжор, кампазітар, арганізатар і кіраўнік харавых калектываў, заслужаны работнік культуры БССР І. П. Чэрнік.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.