Да юбілею Вітольда Цэраскага

9 мая спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння вучонага-астранома Вітольда Карлавіча Цэраскага

Вітольд Карлавіч Цэраскі – адзін з піянераў выкарыстання фатаграфіі ў астраноміі, пачынальнік даследаванняў і заснавальнік расійскай навуковай школы па астрафотаметрыі.

Нарадзіўся ён у Слуцку ў сям’і настаўніка. У дзевяцігадовым узросце зацікавіўся астраноміяй. Пасля заканчэння гімназіі паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1867), дзе вывучаў астраномію пад кіраўніцтвам прафесара Ф.А. Брадзіхіна. З цягам часу малады даследчык зацікавіўся астрафізікай. Адначасова з вучобай працаваў у якасці звышштатнага вылічальніка ў астранамічнай абсерваторыі ўніверсітэта, даваў прыватныя ўрокі.

У 1871 г. В.К. Цэраскі атрымаў ступень кандыдата і пачаў займацца навуковай працай у абсерваторыі. У 1874 г. быў накіраваны ў г. Кяхта (Бурація, Расія), дзе вёў назіранні праходжання Венеры па дыску Сонца. У гэты ж час пры дапамозе фотагеліографа пачаў рабіць фатаграфіі зорнага неба, удасканаліў фатометр нямецкага фізіка Цёльнера, займаўся распрацоўкай методыкі фотаметрычных назіранняў. Вынікі сваёй працы друкаваў у “Трудах Московской астрономической лаборатории”, часопісах “Мир Божий”, “Русская мысль”, “Научное слово” і інш.


Фатометр Цёльнера – Цэраскага

У 1883 г. В.К. Цэраскі абараніў дысертацыю “Об определении блеска белых звезд” і атрымаў ступень магістра. З мэтаю стварэння фундаментальнага фотаметрычнага каталога ім была вызначана яркасць больш пяці соцень зорак.


У 1885 г. вучоны адкрыў існаванне так званых серабрыстых аблокаў і вызначыў іх сярэднюю вышыню. У 1888 г. В.К. Цэраскі абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Астрономический фотометр и его приложения”, у якой выклаў вынікі прымянення фотаметрычнага метада даследавання нябесных аб’ектаў. Адным з першых ён вызначыў ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца і яго зорную велічыню, прапанаваў аналітычны спосаб вызначэння каардынат метэорнага радыянта і метад вызначэння вуглавой скорасці метэораў, унёс шэраг удасканаленняў у астранамічныя прыборы і методыку назіранняў.

Акрамя навуковай дзейнасці В.К. Цэраскі займаўся педагагічнай працай, выступаў з публічнымі лекцыямі.


З 1882 г. вёў усе асноўныя курсы па астраноміі, кіраваў практычнымі заняткамі і назіраннямі студэнтаў Маскоўскага ўніверсітэта. Сярод яго вучняў – буйнейшыя расійскія астраномы А.А. Міхайлаў, С.М. Блажко, С.У. Арлоў і інш.

Прафесар В.К. Цэраскі з’яўляўся членам Маскоўскага матэматычнага таварыства і Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды. У 1890–1916 гг. узначальваў абсерваторыю ўніверсітэта. Пад яго кіраўніцтвам было ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, што зрабіла абсерваторыю другой па значнасці ў Расійскай імперыі. У 1914 г. вучоны быў выбраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук. Апошнія гады жыцця вучоны прысвяціў упарадкаванню свайго навуковага архіва.

Вітольд Карлавіч Цэраскі шмат зрабіў для развіцця астраноміі. У яго гонар названы малая планета № 807 і кратэр на адваротным баку Месяца. На будынку Слуцкай гімназіі № 1 знаходзіцца мемарыяльная дошка, прысвечаная вучонаму.