Краткая справка: княжацкі род герба "Друцк"
Друцкае княства – адзiн з удзелаў, на якiя распалася ў ХII ст. Полацкая зямля, вотчына сыноў Усяслава Чарадзея. Адзiн з iх, Барыс, i стаў родапачынальнiкам князёў Друцкiх. Яго сын Рагвалод Барысавiч пасля паражэння ў 1161 г. у барацьбе за полацкi пасад замацаваў за сабой Друцкае княства. З яго iмем звязаны надпiс на Рагвалодавым камянi (знаходзiцца за 18 км ад Оршы). Працяг гiсторыi роду супадае з вялiкай лакунай у пiсьмовых крынiцах на працягу ХIII – большай часткi XIV ст. Звесткi пра князёў Друцкiх, што прымалi ўдзел у бiтвах мiфiчных лiтоўскiх князёў з рускiмi, аб якiх гаворыць легендарная частка беларуска-лiтоўскiх летапiсаў, не выклiкаюць даверу.
Першыя пэўныя звесткi аб гэтым родзе "можна звязаць толькi з князем Iванам Друцкiм, якi ўпамянуты ў шэрагу летапiсных зводаў пад 1339 г. Праўда, дзейнiчае ён не на Беларусi, а як сатэлiт маскоўскага князя Iвана Калiты, якi з ведама татар накiраваў яго разам з iншымi князямi на саюзнiка Гедымiна, смаленскага князя. Напэўна, Iван Друцкi шукаў у Маскве выратавання ад экспансii Гедымiна, якi ў той час ужо пасадзiў сваiх сыноў у тых заходнерускiх гарадах, дзе знiклi мясцовыя дынастыi (у Вiцебску – Альгерда, у Пiнску – Нарыманта, на Валынi – Любарта)"*. Iван Друцкi не быў адзiным у той час уладальнiкам Друцка. Там засталiся яго сваякi, ад якiх род пайшоў далей. Адзiн з iх – Мiхаiл Друцкi, у якога было два сыны – Васiль i Сямён. Васiль Мiхайлавiч iснаваў бясспрэчна: на старонцы Друцкага Евангелля ў другой палове ХIV ст. быў зроблены запiс пра тое, што гэты князь падараваў друцкай царкве Багародзiцы вёску Мараўнiчы (сучасны Талачынскi раён).
Адной з крынiц па гiсторыi князёў Друцкiх з'яўляецца радавод, якi быў склад-зены на аснове паданняў i захаваўся ў асяроддзi тых прадстаўнiкоў роду, што перабралiся ў Расiю. Друцкiя князi Васiль i Сямён Мiхайлавiчы, згодна гэтаму радаводу, пакiнулi па аднаму сыну з аднолькавым iмем Дзмiтрый. Адзiн з iх (напэўна, Дзмiтрый Васiлевiч) узгадваецца ў 1372 г. у час трэцяга паходу Альгерда на Маскву. Ён памёр каля 1380 г., пакiнуўшы сына Андрэя. Князь Андрэй Друцкi названы сярод загiнуўшых у бiтве на Ворскле ў 1399 г.
У гэтым трагiчным для лiтоўска-рускiх дружын паходзе ўдзельнiчалi чацвёра сыноў Дзмiтрыя Сямёнавiча Друцкага: Сямён, Iван, Мiхаiл i Аляксандр. З упэўненасцю сказаць цяжка, што адбылося з трыма братамi ў бiтве на Ворскле (дакладных звестак няма). Паводле радавода, аб якiм iшла гаворка вышэй, старэйшы з братоў, Сямён Дзмiтрыевiч, вярнуўся з Ворсклы жывым. Ад яго пайшла галоўная з таго часу галiна князёў Друцкiх. Сямён Дзмiтрыевiч Друцкi – асоба гiстарычная. Ён выхаваў дачку сваёй сястры Соф'ю Андрэеўну Гальшанскую, якая ў 1422 г. выйшла замуж за польскага караля Ягайлу i стала каралевай Польшчы. Сямён Друцкi меў шэсць сыноў, самы малодшы Мiхаiл Лобан (Балобан) загiнуў у 1435 г. у бiтве пад Вiлькамiрам, не пакiнуўшы нашчадкаў. Астатнiя сыны, знатныя, але не першаразрадныя феадалы Вялiкага княства Лiтоўскага, валодалi часткай сваёй спрадвечнай вотчыны ў наваколлi Друцка, а таксама новымi набыццямi па ўсёй Беларусi (Горы ў Аршанскiм павеце, Дзярэчыя Лукi ў Вiцебскiм, Крывiна, Бешанковiчы, Несiна, Гарадзец у Полацкiм, пазней Лошнiца пад Мiнскам i Лунiн на Пiншчыне). Яны сталi заснавальнiкамi асобных галiн роду Друцкiх, атрымаўшы другiя прозвiшчы ад сваiх маёнткаў (Друцкiя-Горскiя, Друцкiя-Любецкiя, Друцкiя-Саколiнскiя i iнш.) i ад мянушак заснавальнiкаў асобных галiн роду (Друцкiя-Адынцэвiчы, Друцкiя-Бабiчавы, Друцкiя-Пуцяцiны i iнш.). Князi Друцкiя-Саколiнскiя i Друцкiя-Любецкiя iснавалi яшчэ ў ХIХ ст.