Дата начала:
1001 Талачынскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
аграгарадок, старажытны горад Полацкай зямлі
Названия на других языках:
Друцк (русский);
Предыдущие названия:
Дрьтеск; Дрьютск; Дрютьск
2778 символов
Справка
Гісторыя Друцка пачынаецца ў далёкай старажытнасці. Узнік ён на адным з важных адгалінаванняў вялікага шляху “з варагаў у грэкі” ў вярхоўях паўнаводнай р. Друць, ад якой і атрымаў сваю назву Дрьютск, Дрьтеск, Дрютьск. Археалагічныя знаходкі сведчаць, што месца гэта было заселена ўжо ў IV–V стст. н.э. Звесткі аб ім трапілі ў пісьмовыя крыніцы – “Павучанні” Уладзіміра Манамаха (1078), “Аповесць мінулых гадоў“ (1092), Друцкае Евангелле (XIV ст.) і інш. Згодна з апошнім, у 1001 г. тут была пабудавана першая ў Полацкім княстве драўляная царква.
У першай палове ХІІ ст. Друцк стаў цэнтрам удзельнага Друцкага княства, якім валодалі нашчадкі полацкага князя Усяслава Брачыславіча. У тыя часы яго дзядзінец быў умацаваны ровам і валам, на якіх меліся вежы са складанай сістэмай двайных брам і сцены-гародні. Побач знаходзіўся ўмацаваны вакольны горад і неўмацаваны пасад. Найбольшага росквіту Друцк дасягнуў у 1230–40-я гг., пасля чаго разам з іншымі гарадамі Полаччыны ўвайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага (1345). У гэтыя часы на правым беразе Друці быў пабудаваны драўляны чатырохвежавы замак, а князь Васіль Міхайлавіч Друцкі з жонкай Васілісай падаравалі мясцовай царкве рукапіснае Друцкае Евангелле. Мясцовая дынастыя князёў, якая правіла тут у першай палове XIV ст. трапіла ў васальную залежнасць ад вялікага князя Гедзіміна ці яго сына Альгерда. У XV ст. Друцкае княства падзялілася на некалькі дробных удзелаў, а некаторыя з князёў перайшлі пад уладу Маскоўскага княства. Шматлікія ваенныя дзеянні спустошылі Друцк і ваколіцы. Пасля пераносу прамога шляху Вільня–Масква праз Талачын, пачаўся паступовы заняпад горада.
У канцы XVIII ст. Друцк адносіўся да аднайменнага маёнтка, быў уладаннем і галоўнай рэзідэнцыяй князёў Друцкіх. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) ён апынуўся пад уладай Расійскай Імперыі. У далейшым Друцкам валодалі А. В. Сяножніцкі, прадстаўнікі роду Гардзялкоўскіх (да 1917 г.). У гэты перыяд тут працавалі млын, дзве карчмы, кардонавая прамысловасць, дзейнічалі праваслаўная царква і сінагога, вёўся дробны гандаль.
З 1924 г. мястэчка Друцк апынулася ў складзе БССР. У ім дзейнічалі кузня, кравецкія і шавецкія майстэрні, развіваўся бакалейны гандаль. У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска Друцк была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У савецкі час тут працаваў калгас, мелася лясніцтва, майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, ферма.
Сучасны Друцк – аграгарадок у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці. Тут знаходзяцца археалагічны помнік – гарадзішча старажытнага горада і помнік архітэктуры – сядзіба апошніх уладальнікаў мястэчка Гардзялкоўскіх (ХІХ – пачатак ХХ стст.). У 2001 г. была пабудавана царква Нараджэння Багародзіцы і ўсталяваны памятны знак у гонар 1000-годдзя Друцка.