Краткая справка:
рукапісны помнік усходнеславянскага пісьменства
Названия на других языках:
Drutsk Gospel (английский); Друцкое Евангелие (русский);
1930 символов
Справка
Па меркаванні вучоных, верагодным часам стварэння Друцкага Евангелля стала 1-я палова XIV ст. Гэты кананічны твор атрымаў сваю назву ад месца першапачатковага захоўвання – старажытнага горада Полацкай зямлі – Друцка (цяпер аграгарадок ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці). Кніга ўяўляе сабой поўны апракас і складаецца з евангельскіх чытанняў ад Вялікадня да Вялікай суботы, месяцаслова, ранішніх нядзельных евангелляў.
Напісана Друцкае Евангелле на 188 пергаментных аркушах царкоўнаславянскай мовай уставам у два слупкі па 25–28 радкоў у кожным. Кніга ўпрыгожана застаўкай на першым аркушы і 54 маляўнічымі ініцыяламі ў тэксце, выкананымі кінавар’ю з дробнай дэталёўкай жоўтай фарбай. У дакуменце маюцца прыпіскі. На палях першага аркуша – сінодзік – пералік мужчынскіх і жаночых імёнаў, верагодна членаў роду князёў Друцкіх для памінання ў царкве. У канцы дакумента пасля асноўнага тэксту – паведамленне аб будаўніцтве ў Друцку царквы Прасвятой Багародзіцы (1001), якой князь Васіль Міхайлавіч Друцкі з жонкай Васілісай падаравалі гэты рукапіс (сярэдзіна XIV ст.).
Згодна з наступным запісам, Друцкае Евангелле ў далейшым трапіла да віленскага мешчаніна Конана, які ў 1441 г. падараваў яго Васкрасенскай царкве ў Вільні (цяпер Вільнюс, Літва). Вядома, што ў XVIII ст. кніга належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму. Паводле вусных паведамленняў да 1944 г. рукапіс знаходзіўся ва ўніяцкага мітрапаліта Іосіфа Сліпага, пасля чаго трапіў у зборы акадэміка М. М. Ціхамірава. З 1965 г. згодна з воляй апошняга ўладальніка, евангелле захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук у Новасібірску. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зберагаецца яго фотакопія. Друцкае Евангелле было выдадзена факсімільным спосабам у Мінску ў 2001 г.