Дата рождения:
30.01.1921 Карма, в., Добрушскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти:
14.10.2004
Краткая справка:
народны пісьменнік Беларусі, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1981), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), Літаратурнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1959), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968, 1982), Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978), Прэміі Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расіі (2002), узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам "Знак Пашаны", ордэнам Дружбы народаў, ордэнам Айчыны ІІІ ст.
Имена на других языках:
Шамякин Иван Петрович (русский);
4936 символов
Справка
Іван Пятровіч Шамякін – прызнаны майстар слова, класік беларускай літаратуры – нарадзіўся ў в. Карма Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і лесніка. Пасля заканчэння сямі класаў Макаўскай школы паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. У час вучобы актыўна ўдзельнічаў у пасяджэннях літаб’яднання пры газеце «Гомельская праўда». У 1940 г. быў накіраваны на працу ў Беласток. Праз некаторы час І. Шамякіна прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у зенітна-артылерыйскай часці пад Мурманскам. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, Кандалакшай, Петразаводскам, у вызваленні Польшчы. У афіцэрскім званні закончыў вайну на Одэры. Пасля дэмабілізацыі настаўнічаў у в. Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 г. паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута імя В. Чкалава. У 1950 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б і ў хуткім часе пераехаў у Мінск. Быў прызначаны старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, працаваў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». Шмат гадоў І. Шамякін знаходзіўся на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1954–1980). У 1980–1992 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, узначальваў Вярхоўны Савет БССР (1971–1985). У 1963 г. уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Мастацкія творы І. Шамякін пачаў пісаць у тэхнікуме. Першае апавяданне «У снежнай пустыні» (1944), якім адзначаны пачатак творчай дзейнасці празаіка, прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Наступны твор – аповесць «Помста» (1945) – адлюстроўвае ўсенародную барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў. Гуманістычнае асэнсаванне вайны як усенароднай трагедыі знайшло ўвасабленне ў першым рамане «Глыбокая плынь» (1947–1948). Самым маштабным у беларускай літаратуры творам аб вайне стала пенталогія «Трывожнае шчасце» (1957–1965), дзе лёс герояў асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, у цяжкіх пасляваенных умовах аднаўлення народнай гаспадаркі. Тэма вайны працягваецца таксама ў аповесцях «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976), рамане «Зеніт» (1987). У гэтых творах пісьменнік паказвае, чым стала вайна для жанчын, якія выпрабаванні выпалі на іх долю. На працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў, пачынаючы з раманаў «У добры час» (1953) і «Крыніцы» (1956), І. Шамякін уздымаў найважнейшыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы, актуальныя пытанні, якія хвалявалі грамадства. Яго творы прасякнуты пафасам сцвярджэння маральных каштоўнасцей. У іх гарманічна спалучаюцца дынамічнае развіццё сюжэта, філасофскі аналіз жыццёвых праблем і глыбокае пранікненне ў псіхалогію чалавека. Раманы пісьменніка «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978) і іншыя творы ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Падзеі 1990-х гг. выклікалі ў празаіка трывожныя пачуцці, што знайшло адлюстраванне ў аповесцях «Ахвяры» (1990), «Падзенне» і «Сатанінскі тур» (1995), «Палеская мадонна» (1998), рамане «Злая зорка» (1991) і інш. У шэраг твораў, напісаных на актуальныя тэмы, уваходзіць і гістарычны раман «Вялікая княгіня» (1996), дзе ўзнімаецца праблема вяртання да Бога, выказваюцца ідэі праваслаўя і славянафільства. У 1999 г. выйшла з друку аповесць «Слаўся, Марыя!», прысвечаная жонцы пісьменніка. Іван Шамякін з’яўляецца таксама аўтарам п’ес, якія вызначаюцца шырокім падзейна-тэматычным і ідэйна-пафасным дыяпазонам. Сярод іх – «Не верце цішыні» (пастаўлена ў 1958 г.), «Экзамен на восень» (пастаўлена ў 1974 г.), «Залаты медаль» (пастаўлена ў 1980 г.) і інш. Літаратурна-крытычныя артыкулы, выступленні, успаміны, партрэты знаёмых і сваякоў змешчаны ў кнігах «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986), у дзённікавых запісах «Начныя ўспаміны» (2002) і інш. Літаратурная дзейнасць пісьменніка атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі нашай краіны. Многія яго творы перакладзены на розныя мовы свету. Па некаторых з іх зняты кінафільмы, пастаўлены тэатральныя спектаклі.
Іван Шамякін – народны пісьменнік Беларусі (1972), Герой Сацыялістычнай Працы (1981), акадэмік НАН Беларусі (1994). Ён узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі. З’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1959), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1968), Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978), Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982), Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (2002). Імем пісьменніка названа адна з вуліц Мінска і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.