Аляксандр Максімавіч Семянтоўскі разгарнуў актыўную дзейнасць па вывучэнні статыстыкі, этнаграфіі і гісторыі ў Віцебскай губерні ў першай палове 1860-х гг., калі быў пасланы ў Беларусь для яе русіфікацыі “ў неспакойны час паўстання”.
Нарадзіўся ён ў 1821 г. у памешчыцкай сям’і Палтаўскай губерні Семянтоўскіх-Курыла. Пасля заканчэння Нежынскага ліцэя трапіў на ваенную службу, пасля якой працаваў ляснічым у Кіеўскай і лясным рэвізорам у Падольскай губернях.
У 1860 г. А. М. Семянтоўскага запрасілі на пасаду губернскага ляснічага ў Віцебск, і ён назаўсёды звязаў свой лёс з беларускімі землямі. Аляксандр Максімавіч хутка асіміляваўся на Беларусі і з вялікім энтузіязмам узяўся за даследаванне краю. У перыяд з 1863 г. па 1890 г. ён працаваў сакратаром Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, рэдактарам неафіцыйнай часткі “Витебских губернских ведомостей”, пазней – рэдактарам “Памятной книжки Витебской губернии” і “Памятной книжки Виленского генерал-губернаторства”, што давала яму магчымасць публікаваць свае навуковыя даследаванні.
Кола інтарэсаў А. М. Семянтоўскага вельмі разнастайнае. Ён вядомы як аўтар прац па археалогіі, статыстыцы, побыту, культуры і інш. Да прыезду ў Беларусь А. М. Семянтоўскі займаўся збіраннем украінскага фальклору. Вынікі гэтай працы апублікаваны ў зборніку “Маларускія і галіцкія загадкі” (1851). З усяе творчай спадчыны вучонага (157 прац) 33 былі прысвечаны галоўным чынам Украіне, астатнія – Беларусі, пераважна аб Віцебшчыне. Шмат прац у А. М. Семянтоўскага па археалогіі, статыстыцы, побыту і культуры насельніцтва Віцебшчыны: “Статыстычнае апісанне Віцебскай губерні ў лясных адносінах” (1862), “Сінільна-набойная вытворчасць у Віцебску” (1864), “Валасныя суды ў Віцебскай губерні” (1865), “Аб ярмарках і кірмашах Віцебскай губерні” (1867), “Беглы статыстычны нарыс прыроды і насельніцтва Віцебскай губерні” (1880) і інш. Арыгінальная па сваім змесце праца “Аб мерах і вазе, якія ўжываюцца ў Віцебскай губерні” (1874), у якой аўтар дае характарыстыку 53 назваў мер і вагі, размеркаваўшы іх па рубрыках. Адзначыўшы вялікі разнабой адзінак мер і вагі, Семянтоўскі сцвярджае, што гэта прыводзіць да падману сялян рознымі перакупшчыкамі.
У 1863 г. А. М. Семянтоўскі пачаў вывучаць археалагічныя помнікі Віцебшчыны. У 1867 г. упершыню ў Беларусі была выдадзена кніга пра археалагічныя старажытнасці краю з археалагічнай картай пры ёй – першай у заходнерускіх землях.
Асноўнай этнаграфічнай працай А. М. Семянтоўскага па быце і культуры беларусаў з'яўляецца “Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні” (1872). Адзначаючы ажыўленне этнаграфічнай навукі, Аляксандр Максімавіч пісаў у прадмове да яе: “Ніколі этнаграфія як навука не звяртала на сябе столькі ўвагі вучоных і наогул адукаваных людзей, як у другой палове бягучага стагоддзя, калі да спраў дзяржаўнай палітыкі далучалася складанае пытанне аб нацыянальнасці”. Аўтар навукова аргументавана падышоў да вызначэння этнічнага складу насельніцтва. Побач з мовай А. М. Семянтоўскі ўлічваў такія істотныя акалічнасці, як нацыянальная самасвядомасць народа, асаблівасці яго гістарычнага мінулага і сучаснага быту і культуры. Ён лічыў, што больш правільна “можна вызначыць народнасць па роднай мове, прымаючы пад увагу асабістыя паказанні аб сабе народа, яго мінулы гістарычны лёс і сучасны спосаб жыцця, яго сімпатыі і палітычныя перакананні”. Этнаграфічная карта Віцебскай губерні была ім складзена на аснове “сукупнасці ўсіх гэтых прызнакаў”. Кожнай народнасці Віцебшчыны А. М. Семянтоўскі прысвяціў у сваёй працы асобны раздзел. Агляд зроблены даволі бегла, без глыбокай характарыстыкі быту і культуры беларускага народа, аднак, з указаннем на яго цяжкае матэрыяльнае становішча.
Аляксандр Максімавіч цікавіўся і гісторыяй рэлігійнай культуры, аб чым сведчаць яго артыкулы “Полацкі Барысаглебскі манастыр”, “Тадулінскі манастыр” (“Памятная книжка Витебской губернии на 1866 год”), “Полацкая Сафійская царква” (“Памятная книжка Витебской губернии на 1878 год”), у якіх ён адстойваў праваслаўнае веравызнанне і крытыкаваў уніяцтва.
У канцы жыцця А. М. Семянтоўскі выдаў грунтоўную кнігу “Беларускія старажытнасці” (вып.1, 1890), куды ўвайшлі і ранейшыя матэрыялы. Пры апісанні старажытных помнікаў Беларусі, а таксама археалагічных знаходак аўтар прыводзіць вялікую колькасць адпаведных народных паданняў, дае падрабязнае апісанне абрадаў пахавання і памінак, характарызуе абрады радаўніцы, якія выконваліся ў Сабежскім павеце. Даследчык упершыню даў малюнкі і апісанні цэркваў Бельчыцкага манастыра пад Полацкам (XII ст.), што не захаваліся да нашага часу. А. М. Семянтоўскі першы абмераў падмуркі і апублікаваў планы вялікага сабора ў Бельчыцах, Дабравешчанскай царквы ў Віцебску, надрукаваў малюнак славутага крыжа Ефрасінні Полацкай (1161 г.) і г. д.
Афіцыйныя колы сустрэлі яго кнігу не надта прыхільна, хоць у ёй быў сабраны і сістэматызаваны велізарны матэрыял. Праца нястомнага даследчыка была апублікавана да IX Археалагічнага з'езда, які адбыўся ў Вільні ў 1893 г. На гэты з'езд А. М. Семянтоўскі трапіць ужо не паспеў – у пачатку таго ж года ён памёр у сваім маёнтку Ражаншчына.
Нягледзячы на тое, што А. М. Семянтоўскі ў пытаннях этнагенэзу беларусаў прытрымліваўся вялікадзяржаўных поглядаў, ён сабраў вялікую колькасць звестак аб тагачасных беларускіх рэаліях, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.