Краткая справка:
польскі гісторык, храніст, паэт, дыпламат, аўтар першай друкаванай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага "Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі" (1582)
Варианты имени:
Стрыковіус Матыас; Стрыкоўскі Мацей Асасцевічыус
Имена на других языках:
Stryjkowski (польский); Stryjkowski Maciej (польский); Стрыйковский Матвей (русский); Стрыйковский Матей (русский); Стрыйковский Мачей (русский);
6620 символов
Справка
Мацей Стрыйкоўскі, палітык, мастак, археолаг, вайсковец і свяшчэннаслужыцель, пражыў насычанае, яркае жыццё. У беларускую гістарычную навуку ён увайшоў як аўтар першай друкаванай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якая з’яўляецца каштоўнай крыніцай ведаў пра мінулае нашай краіны.
Звесткі аб жыцці і дзейнасці М. Стрыйкоўскага змешчаны ў выглядзе вершаванай аўтабіяграфіі ў яго знакамітай рабоце «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) і матрыкулах Кракаўскага ўніверсітэта. З іх вядома, што будучы гісторык нарадзіўся ў мястэчку Стрыкаў (Польшча) у сям’і судовага вознага. У 1554 г. быў аддадзены ў парафіяльную школу ў Бжэзінах, якую скончыў у 1561 г. Каля 1563 г. паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, дзе ў 1564 г. атрымаў званне бакалаўра. Вучоба перапынілася службай у войску ВКЛ у час Лівонскай вайны (1558–1583). Ёсць меркаванне, што ён быў рыскуном (разведчыкам): маляваў планы мясцовасцей, схемы замкаў, магчыма, удзельнічаў ва ўзяцці Улы і абароне Віцебска. Падзеі вайны сталі тэмай першых паэтычных і празаічных твораў М. Стрыйкоўскага, якія былі напісаны на польскай і лацінскай мовах. Найбольш вядомым сярод іх з’яўляецца паэма «Аб паражэнні 30 000 Масквы з князем Пятром Шуйскім ваяводам полацкім у полі Іванскім над ракой Улай... 1564 года». Невялікая па памерах (500 радкоў), яна дайшла да нас у недатаваным рукапісе, які знаходзіцца ў калекцыі І. Анацэвіча і захоўваецца ў зборах Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскі Дом) Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. Па меркаванні некаторых даследчыкаў, у 1569 г. М. Стрыйкоўскі скончыў Кракаўскі ўніверсітэт. Ён добра валодаў лацінскай і нямецкай мовамі, ведаў інжынерную справу, што паспрыяла вяртанню ў войска. У 1572–1574 гг. М. Стрыйкоўскі служыў у віцебскім гарнізоне пад камандаваннем італьянскага ротмістра А. Гваньіні і адначасова працаваў над гісторыяй ВКЛ і суседніх дзяржаў. Ён пазнаёміўся з працамі Я. Длугаша, М. Мехавіты, Б. Вапоўскага, М. Кромера і іншых польскіх вучоных, авалодаў беларускай, рускай і літоўскай мовамі, вывучаў летапісы і хронікі, абследаваў палі бітваў, старыя гарадзішчы, замкі феадалаў, цэрквы, касцёлы, праводзіў археалагічныя раскопкі. Вынікам гэтай працы стаў трактат «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (1573), які, паводле сведчання самога аўтара, А. Гваньіні апублікаваў пад уласным імем у 1578 г. У канцы службы М. Стрыйкоўскі здзейсніў падарожжа па Заходняй Дзвіне, у час якога занатаваў свае назіранні па гісторыі, этнаграфіі і культуры – аб Рагвалодавым (альбо Барысавым) камені, цэрквах і манастырах Полацка. На пачатку 1574 г. ён выехаў у Кракаў, дзе выдаў дзве кнігі: панегірычную паэму «Праслаўнага ўезду да Кракава і памяці годнай каранацыі Генрыха Валуа... апісанне» (з прысвячэннем гродзенскаму старосту А. Хадкевічу) і вершаваны трактат «Ганец цноты...», частка якога пад назвай «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх» была выпушчана ў 1626 г. у Любчанскай друкарні. Апошні твор меў выключнае значэнне: там аўтар адлюстраваў свае палітычныя і этычныя погляды, выказаў і абгрунтаваў ідэю напісання манументальнай гістарычнай хронікі ВКЛ. Перш чым распачаць працу над ёй, М. Стрыйкоўскаму з верасня 1574 па красавік 1575 г. давялося ўдзельнічаць у польскім пасольстве А. Тараноўскага ў Канстанцінопаль. З дазволу ўлад падарожнічаў па тэрыторыі Асманскай Імперыі, вывучаў побыт і гісторыю яе народаў, склаў некалькі карт Турцыі, план Канстанцінопаля. Творчым вынікам паездкі стаў вершаваны трактат «Аб вольнасці Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага...» (1575). Наведванне легендарных мясцін Грэцыі і Блізкага Усходу ўмацавала намер М. Стрыйкоўскага заняцца гісторыяй старажытнай Літвы.
Пасля вяртання з Турцыі і непрацяглага знаходжання ў Польшчы ён з 1576 па 1578 г. жыў пры двары князёў Алелькавічаў у Слуцку і Капылі. Працягваючы вывучаць гісторыю ВКЛ, шмат часу праводзіў у багатай бібліятэцы князёў, у архівах магнатаў Заслаўскіх і Хадкевічаў. Апошнія дабіліся для яго дазволу працаваць у кнігасховішчы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра. Князю Ю. Алелькавічу М. Стрыйкоўскі прысвяціў патрыятычную, празаічна-вершаваную хроніку «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (1575–1578; надрукавана ў 1978 г. у Варшаве). Знаходзячыся ў Слуцку, гісторык пазнаёміўся з выдатнымі пісьменнікамі-гуманістамі, філосафамі-мысліцелямі С. Будным і А. Воланам. Разам яны не толькі задумалі, але і садзейнічалі выданню на лацінскай мове трактата А. Маджэўскага-Фрыча «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай», які ў перакладзе на польскую мову выйшаў у 1577 г. у Лоскай друкарні. Пасля смерці князя Ю. Алелькавіча апекуном гісторыка стаў жамойцкі біскуп М. Гедройц. Пад яго ўплывам М. Стрыйкоўскі прыняў духоўны сан і ў 1579 г. атрымаў пасаду каноніка ў Медніках. Пасля 1582 г. быў прызначаны пробашчам у Юрбарку. Апошняе ўпамінанне пра М. Стрыйкоўскага ў гістарычных крыніцах адносіцца да 1586 г. Дакладная дата яго смерці невядома.
Самым значным творам М. Стрыйкоўскага стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» – помнік польскай гістарыяграфіі XVI ст. Яна была складзена ў 1570-я гг. (часткова ў Беларусі) і ўпершыню выдадзена ў 1582 г. у Краляўцы. Хроніка пачынаецца з вершаванай аўтабіяграфіі «Мацей Стрыйкоўскі Асасцевічыус сам пра сябе: прыгоды свае пры наведванні розных краін свету». У тэкст уключаны апавяданні ў вершах «Бітва пад Завіхосцем», «Пра слаўную вайну і шчаслівую бітву... году 1410». У хроніцы падрабязна апісваецца гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палямона да часоў Стафана Баторыя, змешчаны звесткі пра культуру Беларусі, яе помнікі археалогіі, архітэктуры і жывапісу. Большасць асобных раздзелаў прысвечана вядомым гістарычным асобам: віленскаму ваяводу, вялікаму гетману літоўскаму М.К. Радзівілу, канцлеру ВКЛ А. Валовічу, полацкаму ваяводу М.М. Дарагастайскаму, мінскаму кашталяну Я. Глябовічу, жамойцкаму старосту Я. Кішку, біскупу жамойцкаму М. Гедройцу і інш. Матэрыяламі для хронікі паслужылі творы антычных гісторыкаў Герадота, Ц. Лівія, К. Пталамея, Страбона; польскіх аўтараў Я. Длугаша, Мацея з Мехава, М. Кромера, М. Бельскага; нямецкага храніста Пятра з Дусбурга, а таксама старажытныя рускія, беларускія і літоўскія летапісы. Хроніка карысталася вялікай папулярнасцю ў ВКЛ. На беларускую мову была перакладзена ў канцы XVІ – пачатку XVІІ ст.
Багатая творчасць М. Стрыйкоўскага належыць адразу некалькім народам – беларускаму, польскаму, літоўскаму. Яго спадчына – яскравае сведчанне высокага ўзроўню развіцця гістарычнага і філасофскага мыслення, духоўнай культуры ВКЛ.