Дата начала:
05.07.1969 Лагойскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
архітэктурна-скульптурны мемарыял на ўшанаванне памяці жыхароў в. Хатынь Лагойскага раёна і іншых беларускіх вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з насельніцтвам у Вялікую Айчынную вайну, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Краткие названия:
"Хатынь"
Названия на других языках:
Государственный мемориальный комплекс "Хатынь" (русский);
3899 символов
Справка
Трагедыя в. Хатынь – не выпадковы эпізод вайны, а адзін з мноства фактараў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, што здзяйснялася нацыстамі. Вёска знаходзілася на 54-м км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск – Віцебск і адносілася да былога Плешчаніцкага раёна (цяпер Лагойскі). 22 сакавіка 1943 г. гітлераўскія карнікі знішчылі, спалілі жывымі і расстралялі амаль усіх яе жыхароў – 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. На трэці дзень пасля трагедыі жыхары навакольных вёсак пахавалі людзей у трох могілках. Над кожнай быў усталяваны крыж (пасля вайны – абеліск з зоркай). У ліпені 1964 г. над магілай паставілі помнік «Смуткуючая маці». Ініцыятарам стварэння мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай Хатыні выступіў першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў. У сакавіку 1966 г. Саюз архітэктараў рэспублікі аб’явіў конкурс на праект помніка. Лепшай была прызнана калектыўная работа архітэктараў Ю. Градава,
В. Занковіча і Л. Левіна. Стварыць скульптуру «Няскораны чалавек» запрасілі народнага мастака БССР С. Селіханава. Урачыстае адкрыццё адбылося 5 ліпеня 1969 г. у дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1970 г. аўтары комплексу былі ўдастоены звання лаўрэатаў Ленінскай прэміі.
Мемарыял (плошча 32 га) захоўвае планіровачную структуру былой вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, сцяну Жалобы, Дрэва жыцця, плошчу Памяці, кожны з якіх – трагічны сімвал. Ён пачынаецца з паказальніка «Хатынь», што ўсталяваны на павароце з Віцебскай шашы. Дарога Жалобы вядзе да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі, дзе на мемарыяльных плітах зроблены надпісы з лічбамі страт Беларусі ў гады вайны. У цэнтры комплексу ўзвышаецца шасціметровая бронзавая скульптура «Няскораны чалавек». Побач – на месце гумна, дзе фашысты спалілі людзей, – чорная пліта-дах. На брацкай магіле размешчаны Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым і адказам жывых загінуўшым. На месцы кожнага з 26 спаленых дамоў – помнік-зруб, у сярэдзіне якога абеліск у выглядзе коміна са звонам і дошка з прозвішчамі і імёнамі былых жыхароў. Вобраз знішчанай вёскі дапаўняюць вуліцы, выкладзеныя шэрымі жалезабетоннымі плітамі. На месцы чатырох калодзежаў – мемарыяльныя знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў. На Могілках вёсак у каменныя пліты ўмураваны 185 урнаў з зямлёй і попелам вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Сцяна Жалобы – манументальная кампазіцыя з нішамі, якія асацыіруюцца з казематамі канцлагераў і сценамі крэматорыяў. У нішы ўмацаваны мемарыяльныя пліты з назвамі 66 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі, з інфармацыяй пра колькасць загубленых там людзей. Важным фрагментам Хатыні з’яўляецца плошча Памяці, у цэнтры якой растуць тры бярозы, якія азначаюць жыццё. На месцы чацвёртай гарыць Вечны агонь, сімвал кожнага загінуўшага жыхара Беларусі. Завяршае мемарыял Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адноўленых пасля вайны.
Мемарыяльны комплекс «Хатынь» – архітэктурна-мастацкае збудаванне, якое нясе ў сябе высокую патрыятычную ідэю. Яго наведалі больш за 37 млн чалавек (звесткі на 2019г.). У мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе скульптура, дойлідства, ландшафт, мастацкае слова, гучанне званоў і каляровае асвятленне. У 2004 г. была праведзена рэканструкцыя комплексу з элементамі рэстаўрацыі, адкрыта фотадакументальная экспазіцыя «Хатынь» (аўтар і кіраўнік праекта Н. Кірылава). Яе стэнды прысвечаны Хатыні, Азарычам, Трасцянцу – сімвалам трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і гісторыі стварэння мемарыяла. У выставачнай зале экспануецца серыя аўталітаграфій народнага мастака Беларусі В. Шаранговіча «Памяці вогненных вёсак». Мемарыяльны комплекс «Хатынь» унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.