Дата начала: пад 1386 Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка: цэнтр раёна Віцебскай вобласці
Названия на других языках: Верхнедвинск (русский);
Предыдущие названия: Дриза; Дриса; Дрыса; Дрысь
Верхнядзвінск (да 25 снежня 1962 г. – Дрыса) – горад у Віцебскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Верхнядзвінскага раёна. Знаходзіцца за 175 км на паўночны захад ад Віцебска. За 2 км ад Верхнядзвінска знаходзіцца аднайменная чыгуначная станцыя (лінія Полацк – Даўгаўпілс). Горад размешчаны на правым беразе р. Заходняй Дзвіны пры ўпадзенні ў яе р. Дрысы.
У пісьмовых крыніцах населены пункт упершыню ўпамінаецца ў “Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі” польскага гісторыка М. Стрыйкоўскага пад 1386 г., калі ў час міжусобнай вайны мясцовы замак захапіў і спаліў князь Андрэй Полацкі. Паводле археалагічных даследаванняў, горад існаваў значна раней. У 1503 г. Дрыса згадваецца ў пагадненні паміж вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага Аляксандрам і вялікім князем маскоўскім Іванам ІІІ як асобная воласць, падпарадкаваная Полацку. У першай палове XVI ст. горад з’яўляўся каралеўскім уладаннем, гандлёвым цэнтрам на рацэ Заходняй Дзвіне, насельніцтва якога займалася пераважна купляй і продажам лесу. У 1563 г. у час Лівонскай вайны (1558–1583) Дрыса была захоплена і разбурана войскамі Івана ІV Грознага, у 1583 г. вызвалена Стафанам Баторыем. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) горад таксама пацярпеў ад ваенных дзеянняў.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Дрыса далучана да Расійскай імперыі, з 1776 г. стала цэнтрам Дрысенскага павета. У 1781 г. згодна з указам імператрыцы Кацярыны ІІ горад атрымаў уласны герб: у залатым полі французскага шчыта выява конніка з мячом у правай руцэ. У пачатку вайны 1812 г. побач з Дрысай размяшчаўся ўмацаваны лагер і галоўная штаб-кватэра камандуючага рускай арміі М. Б. Барклая дэ Толі. У 1861 г. тут пражывала 2755 жыхароў, працавалі праваслаўная царква і касцёл, прыходскае вучылішча, паштовая станцыя. У 1866 г. каля горада прайшла чыгунка Рыга – Арол, што садзейнічала яго эканамічнаму развіццю і росту. Чыгуначная станцыя Дрыса стала адным з галоўных пунктаў вывазу за мяжу лёну (у 1899 г. адпраўлена 23 тыс. пудоў ільновалакна). У 1905 г. насельніцтва горада складала 5750 жыхароў, дзейнічалі 14 дробных прадпрыемстваў, гарадское вучылішча, ніжэйшая рамесная школа, працавалі друкарня, параходная прыстань, бальніца і інш.
У Першую сусветную вайну ў лютым–лістападзе 1918 г. Дрысу займалі германскія войскі. У сакавіку 1924 г. горад увайшоў у склад БССР, з 17 ліпеня 1924 г. стаў цэнтрам Дрысенскага раёна Полацкай акругі. 3 ліпеня 1925 г. пераведзены ў разрад мястэчак, з 27 верасня 1938 г. зноў атрымаў статус горада ў складзе Віцебскай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны 3 ліпеня 1941 г. Дрыса была захоплена нямецка-фашысцкімі войскамі, якія знішчылі тут 769 чалавек, нанеслі гораду значныя страты. У гады акупацыі на тэрыторыі раёна барацьбу з ворагам вялі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады і асобныя атрады. Дрыса вызвалена 12 ліпеня 1944 г. войскамі 2-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Рэжыцка-Дзвінскай аперацыі. Пасля вайны паступова адноўлены жыллёвы фонд, пабудаваны новыя прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы. З верасня 1944 г. горад знаходзіўся ў Полацкай вобласці, у студзені 1954 г. зноў увайшоў у склад Віцебскай.
У горадзе устаноўлены абеліск у памяць аб падзеях вайны 1812 г., помнік на брацкай магіле пагранічнікаў, загінуўшых пры вызваленні Заходняй Беларусі ў верасні 1939 г., мемарыяльны комплекс “Памяць” – ушанаванне ахвяр фашызму. Захаваліся помнікі архітэктуры: касцёл Нараджэння Дзевы Марыі (1809), Мікалаеўская царква (1819).
У цяперашні час у горадзе працуюць гімназія, 2 сярэднія школы, дзіцячая школа мастацтваў, Цэнтр культуры і народнай творчасці, гісторыка-краязнаўчы музей, цэнтральная раённая бібліятэка, дэндрапарк, мінізаапарк “Лясная казка”. Дзейнічаюць “Верхнядзвінскі льнозавод”, “Верхнядзвінскі масласырзавод”, лясгас і інш. Выходзіць раённая грамадска-палітычная газета “Дзвінская праўда”.
Верхнядзвінск з’яўляецца радзімай Героя Савецкага Саюза Н.В. Траян, мовазнаўца, доктара філалагічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Н.Т. Вайтовіч, вучонага-цюрколага А.А. Пальмбаха, вучонага ў галіне ўнутранай медыцыны, доктара медыцынскіх навук, прафесара А.У. Фраленка, мастака І.Л. Аскназія, першага дырэктара дзяржаўнай установы “Нацыянальная Кніжная палата Беларусі” А.І. Варанько.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
