Дата начала: 12.02.1987 Гомель, г.
Краткая справка: дзяржаўная навуковая ўстанова
Варианты названия: Інстытут радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Названия на других языках: Институт радиобиологии НАН Беларуси (русский); Институт радиобиологии Национальной академии наук Беларуси (русский);
У 1986–1989 гг. у Беларусі была створана сістэма навуковага забеспячэння праблем, звязаных з мінімізацыяй наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (ЧАЭС) 1986 г. 12 лютага 1987 г. Прэзідыум Акадэміі навук БССР у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў БССР ад 28 студзеня 1987 г. пастанавіў стварыць у Мінску на базе Сектара геранталогіі Інстытут радыебіялогіі Акадэміі навук БССР. Дырэктарам быў назначаны член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР Я. Ф. Канапля.
З 1990 г. інстытут пачаў удзельнічаць у выкананні Дзяржаўнай праграмы пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы на 1990–1995 гг. і на перыяд да 2000 г. (саюзна-рэспубліканская), пасля распаду Савецкага Саюза – у выкананні Дзяржаўных праграм Рэспублікі Беларусь. У склад навуковай установы ўваходзілі восем лабараторый: біяхіміі, фізіялогіі, эндакрыналогіі, марфалогіі і цытагенетыкі, радыебіялогіі раслін, радыехіміі глебы, радыеэкалогіі, маніторынгу. Праводзіліся даследаванні па наступных напрамках: вывучэнне дынамікі паводзін радыенуклідаў у аб'ектах навакольнага асяроддзя (паветра, вада, глеба); аптымізацыя сістэмы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу ў рэспубліцы і навукова-метадалагічных і метадычных прыёмаў яго правядзення; вывучэнне эфектаў малых доз іанізуючых выпраменьванняў і камбінаваных уздзеянняў, пошук спосабаў карэкцыі выкліканых імі пашкоджанняў і інш. З 1987 г. існуе аспірантура, падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца па спецыяльнасці “радыебіялогія”. З 2000 г. навуковая ўстанова мае сучасную назву. З 2003 г. у інстытуце дзейнічалі чатыры лабараторыі: біяхіміі, фізіялогіі, экалогіі, радыяцыйна-таксікалагічнай экалогіі. З 2006 г. у складзе інстытута тры лабараторыі: радыеэкалогіі; эндакрыналогіі і біяхіміі; камбінаваных уздзеянняў. Супрацоўнікамі атрыманы важныя вынікі, якія характарызуюць паводзіны радыенуклідаў і дынаміку формаў іх існавання ў кампанентах прыроднага асяроддзя, міграцыю радыеактыўных рэчываў па трафічных ланцугах. Гэта дазволіла вызначыць ролю радыяцыйнай экалагічнай абстаноўкі, якая склалася ў рэспубліцы, ва ўзнікненні захворванняў, парушэнні функцый шэрагу сістэм арганізма і абменных працэсаў. Устаноўлены змены эндакрыннай, імуннай і іншых сістэм арганізма, якія паказваюць на зніжэнне імунаабаронных уласцівасцей і развіццё аўтаімунных працэсаў.
У сувязі з Пастановай № 35 Прэзідыума НАН Беларусі ад 17 красавіка 2003 г. ДНУ “Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі” пераведзены з Мінска ў Гомель. Навуковай установе была перададзена лабараторыя радыяцыйна-таксікалагічнай экалогіі з ДНУ «Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных праблем “Сосны НАН Беларусі”». Лабараторыю фізіялогіі ўзначальваў член-карэспандэнт НАН Беларусі Л. М. Лабанок. Пад яго кіраўніцтвам былі праведзены фундаментальныя даследаванні механізмаў пастрадыяцыйнай мадыфікацыі функцыянальных сістэм з мэтай распрацоўкі спосабаў павышэння іх устойлівасці да дзеяння іанізуючых выпраменьванняў у малых дозах. Выяўлены асаблівасці праяўлення біялагічных эфектаў у сэрцы, сасудах, форменных элементах крыві, плазматычных мембранах у залежнасці ад дозы і магутнасці выпраменьвання. Атрыманыя даныя дазволілі ўстанавіць асноўныя заканамернасці змяненняў функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы, цэнтральных і перыферычных механізмаў, іх нейрагарманальнага кантролю на розных этапах пастрадыяцыйнага перыяду. Радыеэкалагічныя даследаванні ў інстытуце ўзначальваў кандыдат біялагічных навук, дацэнт У. П. Кудрашоў. З мая 1986 г. ён актыўна ўключыўся ў работу па даследаванні радыяцыйнай абстаноўкі на тэрыторыі Беларусі, кіраваў групай радыеэкалогіі, дзе праводзіліся радыеаналітычныя працы па вызначэнні саставу радыенуклідаў у аб'ектах навакольнага асяроддзя краіны, даследаваліся фізіка-хімічныя ўласцівасці радыеактыўных аэразолей і паліўных часціц. Уладзімірам Кудрашовым распрацавана методыка па вызначэнні саставу ёду-129 у аб'ектах знешняга асяроддзя метадам нейтроннай актывацыі і мас-спектраметрыі. Упершыню вызначаны поўны ізатопны склад актынідаў чарнобыльскага выкіду на тэрыторыі рэспублікі і вывучана дынаміка радыеактыўнага забруджвання трансуранавымі элементамі прыземнага паветра Беларусі як да, так і пасля катастрофы на ЧАЭС. Вынікі праведзеных даследаванняў дапамаглі разлічыць дозавыя нагрузкі на насельніцтва рэспублікі; былі выкарыстаны рабочай групай Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь у час падрыхтоўкі змяненняў і дапаўненняў у Закон “Аб прававым рэжыме тэрыторыі, якая падвергнулася радыенукліднаму забруджванню ў выніку катастрофы на ЧАЭС”, а таксама Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам для аналізу і прагнозу радыяцыйнай абстаноўкі ў зоне адсялення ЧАЭС.
Арганізацыйную і навуковую дзейнасць інстытут ажыццяўляе ў адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў, зацверджанымі Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 13.01.2005 г. № 1 «Аб атэстацыі ДНУ “Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі”». Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 20.10.2006 г. № 73 былі ўдакладнены асноўныя напрамкі навукова-тэхнічнай дзейнасці і навуковых даследаванняў. Імі сталі стварэнне новых тэхналогій прафілактыкі захворванняў на аснове выкарыстання біялагічна актыўных дабавак, іншых лекавых сродкаў; маніторынг і прагназаванне стану навакольнага асяроддзя, рэабілітацыя радыеактыўна забруджаных зямель; механізмы адаптацыі арганізма чалавека да дзеяння фактараў навакольнага асяроддзя, у тым ліку да ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання; ахоўныя меры па пераадоленні аддаленых радыеэкалагічных наступстваў чарнобыльскай катастрофы; распрацоўка метадаў бяспечнага прыродакарыстання. Дырэктарам установы зараз з’яўляецца А. Д. Навумаў.
Распрацоўкі, выкананыя на аснове фундаментальных даследаванняў, выкарыстоўваюцца ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, Міністэрстве аховы здароўя, Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным камітэце па гідраметэаралогіі, Дзяржстандартам і інш. Штогод у Дзяржкамгідрамет перадаюцца вынікі радыеэкалагічных даследаванняў інстытута, якія дапамагаюць пры складанні карт радыяцыйнай абстаноўкі, планаванні ахоўных і сацыяльных мерапрыемстваў. Для Дзяржстандарту распрацаваны методыкі вызначэння дэструкцыі паліўных часціц у глебе, формаў знаходжання цэзію-137, стронцыю-90, плутонію-241 у аб'ектах навакольнага асяроддзя, формаў знаходжання трансуранавых элементаў у глебе. Прыкладныя працы інстытута накіраваны перш за ўсё на стварэнне і выпрабаванне лекавых прэпаратаў і біялагічных дабавак, развіццё тэхналогій вытворчасці абагачаных гэтымі дабаўкамі прадуктаў, іх прамысловага выпуску.
Інстытутам радыебіялогіі атрыманы шэраг тэарэтычных і прыкладных вынікаў, якія ўносяць істотны ўклад у развіццё фундаментальных аспектаў радыебіялогіі і радыеэкалогіі і ў той жа час з'яўляюцца навуковай асновай практыкі пераадолення наступстваў катастрофы на ЧАЭС і распрацоўкі ахоўных мер. Адпаведныя сусветнаму ўзроўню, яны маюць важнае значэнне для вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем рэспублікі. Штогод на парламенцкіх чытаннях па праблемах Чарнобыля інстытут прадстаўляе абагульняючы даклад пра навуковыя даследаванні, праведзеныя ў Рэспубліцы Беларусь. У рамках міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва выконваюцца дагаворы з арганізацыямі Расіі, Германіі, Аўстраліі, Францыі і іншых краін.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.