Кароткая даведка: магнацкі (з 1555 г. графскі) род герба “Касцеша”
Карані гэтага славутага роду зыходзяць з глыбокай мінуўшчыны. Першапачатковыя звесткі аб яго паходжанні нагадваюць легенды, гістарычныя крыніцы амаль адсутнічаюць. А вось што піша ў сувязі з гэтым вядомы гісторык ВКЛ В.Каяловіч: “Продак гэтага роду за незвычайную сілу атрымаў прозвішча Барэйка. Ён жыў пры двары вялікага князя Літоўскага Віценя і аднойчы на вачах прыдворных забіў у паядынку татарына, сілай яго ганарыўся сам Віцень. Ён жа на паляванні, калі князь, які адстаў ад усіх, трапіў у багну, знайшоў яго і ледзь жывога вынес на сваіх плячах. За гэта ён атрымаў зямельныя ўладанні такога памеру, колькі змог пехатою за дзень абысці. Хадзіў Барэйка вельмі хутка, за гэта празвалі яго Ходзька, ці па-руску Ходка”. Яго нашчадак, выхадзец з праваслаўнага баярства Кіеўшчыны Ходка Юр’евіч, з’яўляецца гістарычным пачынальнікам гэтага роду. Яго подпіс і пячатка з гербам “Касцеша” былі пастаўлены на акце Жыгімонта Кейстутавіча 1434 г.
Сын Ходкі Іван (1430?–1484) займаў пасады намесніка ў Віцебску і Кіеве. Ад яго пачынаецца гісторыя роду Хадкевічаў, якая абапіраецца на аўтэнтычныя дакументы і сведчанні гісторыкаў. У адпаведнасці з Каяловічам Іван Хадкевіч быў маршалкам, а потым гетманам ВКЛ. З гістарычных крыніц можна даведацца, што пры Казіміру Ягелончыку ён займаў пасады луцкага старосты і кіеўскага ваяводы (аб гэтым сведчыць Літоўская метрыка, а таксама справаздача Івана Хадкевіча каралю Казіміру, якая датуецца 1520 г.).
Яго сын Аляксандр (1460?–1549), ваявода наваградскі, першы з Хадкевічаў прыняў рымска-каталіцкае веравызнанне, хаця пачаткова быў хрышчаны як праваслаўны. Як адзначае польскі гісторык С.Касакоўскі, які займаўся генеалогіяй роду Хадкевічаў, Аляксандр Іванавіч быў фундатарам прыгожага базыльянскага кляштара і касцёла над ракой Супраслю. Касцёл захаваўся да нашага часу. У ім знаходзяцца магілы многіх Хадкевічаў.
Асноўныя маёнткі, што выслужылі першыя пакаленні Хадкевічаў, канцэнтраваліся на мяжы Гарадзенскага павета і Падляшша: Супрасль, Дойліды, Заблудаў. На поўдні Гродзеншчыны ляжалі Бераставіца і Рось, на Навагрудчыне – Мыш, на Берасцейшчыне – Трасцяніца. Аднак сапраўдная магутнасць прыйшла да Хадкевічаў пасля таго, як яны атрымалі ад вялікага князя Жыгімонта значную частку маёнткаў Станіслава Гаштольда: Быхаў з Дубаснай, Шклоў з Бабром і частку Глуска. Сыны Аляксандра Хадкевіча як бы занялі месца знікшага роду Гаштольдаў: у другой палове XVI–пачатку XVII ст., у час гегемоніі Радзівілаў, Хадкевічы былі другім па значнасці і магутнасці родам ВКЛ.
Рыгор (Гжэгаж) Хадкевіч (1510?–1572), сярэдні сын Аляксандра Іванавіча, гетман найвышэйшы літоўскі, кашталян віленскі, з’яўляецца заснавальнікам бераставіцкай галіны роду Хадкевічаў. Жыў ён у Заблудаве. Пры Рыгоры тут была заснавана адна з першых друкарняў на Беларусі, дзе выдавалі кнігі І.Фёдараў і П.Мсціславец. Рыгор Хадкевіч вызначыўся як выдатны военачальнік і дыпламат. Бераставіцкая галіна роду Хадкевічаў скончылася са смерцю сыноў Аляксандра, якія не пакінулі нашчадкаў. Іх зямельныя ўладанні атрымала ў спадчыну родная сястра – княгіня Сангушак, жонка ваяводы браслаўскага.
Быхаўская галіна роду Хадкевічаў пайшла ад старэйшага сына Аляксандра Ераніма (1500–1561). Падчашы ВКЛ, кашталян трокскі і віленскі, ён быў паслом да папы Паўла IV і імператара Фердынанда, якому так спадабалася прамова Хадкевіча, што ён надаў яму тытул графа Рымскай імперыі. Еранім быў адным з лепшых і сярод рыцарства. Гэта ён даказаў у 1560 г., калі на чале войска перамог у Інфлянтах, пад Касё, пяцідзесяцітысячнае маскоўскае войска. Памёр Еранім Хадкевіч у 1562 г., пакінуўшы ад шлюбу з Ганнай Шэмет, дачкой кашталяна Жмудскага, сына Яна Ераніма і сем дачок.
Яна Ераніма (1537?–1579), графа шклоўскага, мышскага і быхаўскага, можна аднесці да найбольш славутых гістарычных дзеячаў другой паловы XVI ст. Яму было даверана кіраванне Ліфляндыяй (Інфлянтамі) – тэрыторыяй былога Лівонскага ордэна, якая ў час вайны далучылася да Вялікага княства. Пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста Ян Еранім быў супраць узвядзення Івана IV Грознага на трон Рэчы Паспалітай. Ён падтрымліваў кандыдатуру Генрыха Анжуйскага, аднак, калі каралём быў абраны Стэфан Баторый, Ян Еранім Хадкевіч першым з магнатаў перайшоў на яго бок. Памёр ён ад цяжкай хваробы, пакінуўшы ад шлюбу з Хрысцінай Збароўскай дастойных нашчадкаў – Яна Караля і Аляксандра.
Ян Караль Хадкевіч (1565?–1621) праславіўся на ўсю Еўропу перамогай пад Кірхгольмам, дзе ў 1605 г. разбіў шматлікае войска шведаў. Ён паступова ўздымаўся па вышэйшых дзяржаўных пасадах: спачатку быў падчашым літоўскім, гетманам польным, потым старостам жмудскім, губернатарам Інфлянтаў. Пасля смерці ў 1616 г. Радзівіла Сіроткі Ян Караль атрымаў Віленскае ваяводства і гетманскую булаву. Ён пражыў 60 гадоў і з іх амаль сорак правёў у сядле. Сыны Яна Караля памёрлі ў дзіцячым узросце. Усе яго маёнткі і верхавенства ў дзяржаўнай іерархіі перайшлі да Сапегаў.
Аляксандр Хадкевіч (1560?–1624), малодшы брат Яна Караля, быў апошнім прадстаўніком быхаўскай галіны Хадкевічаў. Яго адзіны сын Феліцыян памёр маладым, а маёнткі Шклоў і Мыш перайшлі да роду Сіняўскіх.
Супрасльская галіна роду Хадкевічаў пачалася ад малодшага сына Аляксандра Іванавіча Юрыя (Ежы, 1545?–1595). Да сярэдзіны XVII ст. яе прадстаўнікі заставаліся ў ліку найбуйнейшых дзяржаўных дзеячаў. Але затым на працягу двух пакаленняў адзіныя прадстаўнікі роду паміралі даволі маладымі, а іх нашчадкі ўвогуле нічым не вызначыліся сярод шматлікіх шляхецкіх родаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1997 г.