Кароткая даведка:
скульптар, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976), кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга (двойчы)
Імёны на іншых мовах:
Glebau Aliaxey Kanstantsinavitch (англійская); Глебов Алексей Константинович (руская);
2715 сімвалаў
Даведка
Аляксей Канстанцінавіч Глебаў належыць да плеяды мастакоў, творчы шлях якіх пачаўся ў час фарміравання і станаўлення беларускай савецкай скульптурнай школы.
Нарадзіўся скульптар у вёсцы Зверавічы Смаленскай вобласці. У дзяцінстве і ў школьныя гады захапляўся маляваннем, разьбой па дрэве і лепкай. У 1926 г. А. Глебаў паступіў на жывапіснае аддзяленне Віцебскага мастацкага тэхнікума, вучыўся скульптуры ў М.А. Керзіна. У час вучобы ён пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках, быў адным з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску.
Самастойны творчы шлях мастака пачаўся з 1930 г. А. Глебаў працаваў у галіне станковай і манументальнай скульптуры. У 30-я гады ён удзельнічаў у скульптурным афармленні Дома ўрада БССР, Дома Чырвонай Арміі і Палаца піянераў у Мінску, Дома спецыялістаў у Гомелі. У 1940 г. ім створаны скульптуры “Лявоніха” і “Крыжачок” для будынка Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве. У час Вялікай Айчыннай вайны А. Глебаў быў на фронце. Пасля цяжкага ранення і лячэння ў шпіталі вярнуўся да любімай справы. У 1944 г. працаваў над праектамі помніка генералу Л.М. Даватару, конных статуй князёў Васількі Мінскага і Уладзіміра Полацкага.
Сярод прац пасляваеннага перыяду вылучаюцца: гарэльеф “Партызаны Беларусі” для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), статуя фізіка П.М. Лебедзева для Маскоўскага універсітэта (1951), шматфігурная кампазіцыя “Сустрэча У.І. Леніна на Фінляндскім вакзале ў красавіку 1917” (1958). Плённа працаваў скульптар у жанры партрэта. Ім створаны партрэты Я. Коласа, У. Уладамірскага, У. Кудрэвіча, партрэтная група “Максім Горкі і Янка Купала” (усе 1949), скульптурная кампазіцыя “Народны паэт БССР Янка Купала” (1950) і інш. Творы А. Глебава вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай форм, рытмічнасцю. Партрэтам характэрны тонкая прапрацоўка дэталей, эмацыянальная выразнасць. Шмат год працаваў А. Глебаў над помнікам, прысвечаным беларускаму першадрукару, асветніку Францыску Скарыне. Заўчасная смерць не дазволіла закончыць гэтую працу, але вучні скульптара І. Глебаў і А. Заспіцкі завяршылі яе. За помнік Ф. Скарыне ў Полацку А. Глебаву (пасмяротна) прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР 1976. За заслугі ў галіне развіцця выяўленчага мастацтва скульптару было прысвоена ганаровае званне народнага мастака БССР. Ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Сёння работы А. Глебава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснай беларускай скульптуры імя А. Бембеля, Літаратурным музеі Я. Купалы. Яго імя прысвоена Мінскаму мастацкаму вучылішчу.