Кароткая даведка:
военаначальнік, дзяржаўны дзеяч ВКЛ
Псеўданімы:
другі Ганібал; рускі Сцыпіён
Імёны на іншых мовах:
Осторжский Константин Иванович (руская);
4771 сімвал
Даведка
У гісторыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) вылучаецца знакаміты магнацкі род князёў Астрожскіх, прадстаўнікі якога праславіліся на палях бітваў, дзяржаўнай службе, былі падзвіжнікамі на духоўнай ніве. З пакалення ў пакаленне ўмацоўвалі яны праваслаўе, выступалі абаронцамі народа, клапаціліся пра яго духоўныя патрэбы. Найбольш выразна гэта місія роду праявілася ў дзейнасці найвышэйшага гетмана ВКЛ, таленавітага палкаводца Канстанціна Іванавіча Астрожскага.
Нарадзіўся К. Астрожскі каля 1460 г. Пра дзяцінства вядома вельмі мала. У няпоўныя сем гадоў страціў бацькоў, і выхаваннем займаліся баяры і яго старэйшы брат. Пазней княжыч трапіў у Вільню, дзе вучыўся ў школе пры двары троцкага ваяводы М. Гаштаўта (Гаштольда) – аднаго з найбольш уплывовых людзей дзяржавы. Праз два гады Канстанцін вярнуўся ў Астрог і дапамагаў брату ў гаспадарчых справах. Хутка ён пакінуў бацькоўскі маёнтак, бо прага пабачыць свет, паслужыць Бацькаўшчыне перамагла. У 1486–1490 гг. К. Астрожскі ўдзельнічаў у баях супраць крымскіх татар. Першы раз малады князь па-сапраўднаму паказаў сябе ў 1491 г., калі пад Ізяславам конніца ВКЛ разбіла татар. У 1497 г. ён тройчы ўступаў у барацьбу з татарамі – пад Мазыром, каля Палоннага на рацэ Ушы, пад Ачакавам, дзе праявіў свае камандныя здольнасці. Адчуваючы хуткую смерць, гетман ВКЛ прапанаваў вялікаму князю Аляксандру Казіміравічу назначыць яго пераемнікам К. Астрожскага. Менавіта за шэраг перамог, камандныя здольнасці ў 1497 г. Канстанцін Іванавіч быў прызначаны найвышэйшым гетманам ВКЛ, а праз год – старастам брацлаўскім, звенігародскім і вінніцкім. Ніхто яшчэ не атрымліваў такога тытулу і дзяржаўнай пасады ва ўзросце 37 гадоў. У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500–1503 гг. узначаліў войска ВКЛ, якое рушыла да г. Дарагабужа, пацярпеў паражэнне ў бітве на Вядрошы ў 1500 г. і трапіў у палон. У 1506 г. быў вымушаны прысягнуць на вернасць вялікаму князю маскоўскаму, аднак атрыманую свабоду выкарыстаў для ўцёкаў і ў верасні 1507 г. прыбыў у Вільню. Новы вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Казіміравіч прыняў належна К. Астрожскага. Яму былі вернуты ранейшыя стараствы, пасада найвышэйшага гетмана і дадзены новыя – старасты луцкага і маршалка Валынскай зямлі. Канстанцін Астрожскі зноў заняў ганаровае месца ў асяроддзі кіраўнічай эліты ВКЛ, але вайсковую службу працягваў. Ён многа разоў прымаў удзел у вялікіх і малых паходах. У 1508 г. выступіў супраць атрадаў М. Глінскага, які падняў мяцеж. Неаднаразова адбіваў напады крымскіх татар з 1508 па 1512 г., атрымаўшы перамогу ў Вішнявецкай бітве 1512 г. Не выпадала К. Астрожскаму спачываць на лаўрах, бо перыядычна абвастраліся адносіны паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ на працягу 1512–1522 гг. Найбольшую славу прынесла гетману перамога ў Аршанскай бітве 1514 г. У 1527 г., нягледзячы на немаладыя гады, ён атрымаў перамогу ў бітве над татарамі на Альшаніцы, дзе зноў жа праявіў сваё ратнае майстэрства. Гэта быў апошні трыумф гетмана. З таго часу ён больш не ўдзельнічаў у ваенных паходах, але актыўна дапамагаў сваімі парадамі. Прымаў удзел у ваеннай нарадзе ў Кракаве, дзе абмяркоўваліся праблемы абароны ад татар і туркаў, у ліку камісараў ад княства праводзіў перагаворы з Польшчай аб вызначэнні дзяржаўнай мяжы.
Канстанцін Астрожскі праславіўся не толькі вайсковымі перамогамі, але і сваімі дзяржаўнымі і царкоўнымі справамі. Князь карыстаўся аўтарытэтам у вялікіх князёў ВКЛ, дзякуючы чаму стаў першым у ВКЛ праваслаўным, які заняў прызначаныя для католікаў пасады кашталяна віленскага і ваяводы троцкага. Ён стаў галоўным апекуном праваслаўнай царквы. У 1511 г. дамогся ад Жыгімонта Старога пацвярджэння праваслаўнай царкве ВКЛ права на незалежны суд і забароны свецкім асобам прызначаць на царкоўныя пасады. Ваенны па свайму асноўнаму занятку, ён быў чалавекам, у якога на першым плане заўсёды стаялі інтарэсы дзяржавы і народа. Слава не закруціла галаву: К. Астрожскі заставаўся сціплым і простым, не шкадаваў грошай на дабрачыннасць. За ўласныя сродкі пабудаваў цэрквы ў Дубне (1492), Смалявічах (каля 1520). Рабіў падараванні цэрквам Вільні, Новагародка, Турава, Дзярманскаму, Межырэцкаму, Кіева-Пячэрскаму манастырам. У 1511 г. атрымаў дазвол на перабудову Віленскага Прачысценскага сабора, у 1514 – на пабудову ў Вільні цэркваў Св. Тройцы і Св. Мікалая ў гонар бітвы пад Оршай. У той час К. Астрожскі ўваходзіў у пяцёрку наймагутнейшых феадалаў ВКЛ.
Князь памёр у Вільні ў час эпідэміі. Усё жыццё К. Астрожскага было аддадзена вернаму служэнню радзіме. Павага да яго як да абаронца сваёй зямлі і веры праваслаўнай была вялікай, таму і пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Сучаснікі высока цанілі К. Астрожскага як палкаводца, пасля смерці называлі яго “другім Ганібалам”, “рускім Сцыпіёнам”.