Асветніца, мецэнатка, рэлігійная дзяячка Людвіка Караліна Радзівіл была прадстаўніцай старажытнага і магутнага княжацкага роду Радзівілаў. Нарадзілася яна ў сям'і магната так званай «біржаўскай лініі» роду Радзівілаў – Багуслава і князёўны Ганны Марыі Радзівіл. Маленькая Людвіка Караліна рана засталася сіратой: маці памерла ў час цяжкіх родаў, а праз два гады не стала бацькі. У двухгадовым узросце яна аказалася адзінай уладальніцай вялізнага багацця. У спадчыну ад бацькоў атрымала вялікія маёнткі, у тым ліку Слуцк, Капыль, Копысь, Любчу, Койданава, Смалявічы, Невель, Себеж, Кейданы, Біржы. Пра лёс дзяўчынкі вырашылі паклапаціцца яе сваякі з Германіі. Так маленькая князёўна трапіла ў сям'ю брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма, дзе атрымала добрае выхаванне. Уладаннямі, пакуль Людвіка Караліна не вырасце, па завяшчанні Багуслава Радзівіла, павінны былі кіраваць два аканомы Слуцкага княства. Ім дапамагала калегія саветнікаў і вялікая колькасць чыноўнікаў. З маленства Людвіка Караліна была прызначана ў жонкі каму-небудзь з прынцаў або магнатаў, у тым ліку з яе далёкіх сваякоў з іншых галін радзівілаўскага роду. У 1680 г. дзяўчынцы споўнілася 13 гадоў. Людвіка Караліна была афіцыйна прызнана паўналетняй і курфюрст паспяшыў выдаць яе замуж за малодшага сына маркграфа Людвіга. Супраць гэтага шлюбу выступалі нясвіжскія Радзівілы. Іх падтрымлівалі магнаты Рэчы Паспалітай, бо пра жаніцьбу з Людвікай Каралінай марылі многія. У 1681 г. яна выйшла замуж за Людвіга і пераехала з мужам ў Берлін. Інтарэсы Людвікі Караліны не абмяжоўваліся свецкім жыццём Берліна. Яна ніколі не забывала пра свае ўладанні ў Беларусі. Часы ў Рэчы Паспалітай былі самыя змрочныя: бясконцыя войны, разбураныя гарады, заняпад эканомікі. Людвіка Караліна падтрымлівала сувязь з радзімай: вяла перапіску з аканомамі сваіх маёнткаў, клапацілася пра сваіх падданых. Асабліва многа ўвагі ўдзяляла рэлігійна-дабрачыннай, мецэнацкай і асветніцкай дзейнасці. Яна дапамагала аднаверцам-кальвіністам, а таксама і праваслаўным. У 1682 г. пастанавіла праводзіць набажэнствы кальвіністам у сваім палацы ў Вільні. Людвіка Караліна шмат сродкаў ахвяравала на слуцкія праваслаўныя царкву і манастыр. Вызначыла 12 стыпендый для здольных юнакоў-кальвіністаў са сваіх зямель, каб тыя маглі атрымаць адукацыю ў пратэстанцкіх універсітэтах Еўропы. Дапамагала выпускнікам Слуцкай кальвінісцкай гімназіі працягваць навучанне ў лепшых універсітэтах Еўропы. Па яе загаду ў 1684 г. ў Караляўцы быў надрукаваны малітоўнік на літоўскай мове для сялян-кальвіністаў.
У 1687 г. маладая маркграфіня аўдавела. Праз год выйшла замуж за швагра германскага імператара, каталіцкага прынца нойбургскага і пфальцграфа рэйнскага Карла Філіпа з дынастыі Вітэльсбахаў і пераехала ў Гайдэльберг. Тут, у сталіцы мужа, Людвіка Караліна ўсімі сіламі падтрымлівала рэфармацыйны рух у Беларусі. Працягвала аказваць дапамогу кальвіністам у ВКЛ. Утрымлівала Слуцкую друкарню, перавезеную з Мітавы, у якой выпускаліся кнігі не толькі рэлігійнага зместу, але і свецкія, прызначаныя для продажу. У 1690 г. выдала прывілей, у якім абвяшчала на будучыню ў сваіх гарадах і маёнтках свабоду веравызнання пратэстантам і праваслаўным і гарантавала, што царкоўная унія ў яе ўладаннях не будзе ўведзена. Яе спадкаемцы прытрымліваліся гэтага акта. У Людвікі Караліны нарадзіліся тры дачкі. У 28 гадоў яна памерла ў час цяжкіх родаў доўгачаканага сына. Павітуха, кінуўшыся аказваць дапамогу паміраючай, пакінула нованароджанага ў купелі, дзе ён патануў. У сваім тастаменце, які быў складзены незадоўга да смерці, Людвіка Караліна завяшчала грошы на выданне Новага Запавету на беларускай мове для распаўсюджання ў Беларусі і Літве. Яе ўладанні перайшлі ў спадчыну да дачкі Элізабеты Аўгусты Сафіі. Пазней біржаўскія землі сталі аб'ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і нямецкімі князямі, пакуль у 1730–1740 -х гг. не вярнуліся да нясвіжскіх Радзівілаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.