Кароткая даведка:
ваенны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, паэт, мастак, мецэнат
Імёны на іншых мовах:
Радзивилл Богуслав (руская);
3478 сімвалаў
Даведка
Багуслаў Радзівіл – адзін з буйнейшых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) – удзельнічаў у шэрагу буйных палітычных падзей і ваенных аперацый XVII ст. і праславіўся не толькі як таленавіты военачальнік і патрыёт, але і як шукальнік прыгод.
Нарадзіўся ён у Гданьску ў сям’і віленскага кашталяна Я. Радзівіла. Рана застаўшыся без бацькі, дзіцячыя гады правёў разам з маці ў Ліхтэнбергу (Германія). Пасля другога яе замужжа (1628) быў адпраўлены на выхаванне да свайго апекуна, роднага брата бацькі
К. Радзівіла. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Кейданах і Вільні. У 1636 г. быў прызнаны паўналетнім і стаў далучацца да грамадска-палітычнага жыцця краіны: удзельнічаў у працы сейма, служыў пакаёвым слугой караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV Вазы.
Праз год Б. Радзівіл выехаў за мяжу. Шмат падарожнічаў па Еўропе, заводзіў знаёмства з асобамі каралеўскіх дынастый, некаторы час вучыўся ў Гронінгене і Утрэхце (Нідэрланды), рыцарскай акадэміі ў Парыжы. У Нідэрландах атрымаў свой першы ваенны вопыт у час службы ў войску Г. Аранскага, куды ўступіў добраахвотнікам. У далейшым быў генеральным палкоўнікам польскай пяхоты і кавалерыі французскага войска. Як вопытны фехтавальшчык набыў прозвішча «булатны кінжал у аксамітных похвах», лічыўся заўзятым дуэлянтам, за што быў нават зняволены ў Бастылію.
У час прыездаў на радзіму Б. Радзівіл атрымаў чын харунжага (1638–1646) і канюшага літоўскага (з 1646 г.). Удзельнічаў у элекцыі (1648) і каранацыі (1649) караля Рэчы Паспалітай Яна ІІ Казіміра Вазы. З пачаткам паўстання казакоў ва Украіне на чале з Б. Хмяльніцкім вымушаны быў застацца ў Рэчы Паспалітай. Займаўся гаспадарчымі справамі ў сваіх уладаннях, удасканальваў прыватныя ўзброеныя сілы, аднаўляў абарончыя збудаванні ў Слуцку. Як генерал каралеўскай гвардыі камандаваў палкамі войска Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у бітве каля Берасцечка (1651). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) удзельнічаў у баявых дзеяннях, у тым ліку ў асадзе Магілёва (1655). З пачаткам Паўночнай вайны (1655–1660), не атрымліваючы ні фінансавай, ні ваеннай падтрымкі ад караля Рэчы Паспалітай, разам з дваюрадным братам Я. Радзівілам вёў перагаворы са шведскім каралём. Для захавання дзяржаўнасці ВКЛ у 1655 г. стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора з Карлам Х Густавам аб пераходзе княства пад пратэктарат Швецыі. Быў прызначаны шведскім фельдмаршалам, удзельнічаў у бітвах супраць войск княства, у далейшым быў генеральным губернатарам і камандуючым брандэнбургскай арміяй у Прускім герцагстве (1657–1658), планаваў стварэнне ўласнай асобнай дзяржавы з цэнтрам у Слуцку.
Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую ўдзельнічаў у працы сеймаў, займаўся гаспадарчымі справамі сваіх латыфундый, мецэнацтвам. На службе ў Б. Радзівіла былі многія вучоныя, дзеячы культуры таго часу, сярод іх інжынер і картограф Ю. Нарановіч-Наронскі, мемуарыст С. Незабітоўскі. У Слуцку сабраў калекцыю твораў мастацтва, архіў, бібліятэку, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у тым ліку Радзівілаўскі летапіс. Падтрымліваў кальвінісцкія зборы і школы. Складаў рэлігійныя гімны, у час ваенных дзеянняў замалёўваў панарамы гарадоў з асаблівасцямі забудовы і гарадскімі ўмацаваннямі. Ён таксама аўтар эскізаў і праектных чарцяжоў асобных збудаванняў, пераважна драўляных (праект ратушы і надбрамнай царквы ў Слуцку). Багуслаў Радзівіл напісаў «Аўтабіяграфію», якая неаднаразова выдавалася, у тым ліку і ў перакладзе на беларускую мову ў 2009 г.