Гэта звычайная вясковая дзяўчына стала знакамітай балерынай дзякуючы вядомаму палітычнаму і дзяржаўнаму дзеячу, надворнаму падскарбію літоўскаму Антонію Тызенгаўзу. Ён, адзін з уплывовых магнатаў Рэчы Паспалітай, кіраваў каралеўскімі эканоміямі і валодаў шматлікімі землямі ў Вялікім княстве Літоўскім. Аднак гэта быў не толькі багаты чалавек, але і мецэнат, які па-сапраўднаму любіў мастацтва і спрыяў яго развіццю. Намаганнямі Тызенгаўза ў Гродне ўзнік тэатр, пачатак якому паклала капэла, што існавала з 1765 г. Пазней падскарбій пачаў прымаць настойлівыя захады, каб стварыць арыгінальны, пераважна музычны, прафесіянальны тэатр. Спачатку ў ім выступалі музыканты, спевакі і харэографы, якіх запрашалі з-за мяжы. Аднак Антоній Тызенгаўз марыў аб уласных артыстах. Менавіта таму з 1773 г. па яго загаду пачалі падбіраць хлопчыкаў і дзяўчынак з прыгонных сялянскіх сем’яў. Яны і сталі першымі вучнямі тэатральнай школы ў Гродне. У гэты набор трапіла і Апалонія Дарэўская, якая была залічана ў клас танца.
Любімым настаўнікам Апалоніі стаў харэограф-італьянец Гаэтана Петынеці, малады неапалітанец, які па кантракту сфарміраваў уласную балетную трупу Антонія Тызенгаўза. Сам цудоўны танцоўшчык, Петынеці знаёміў сваіх вучняў з усім прагрэсіўным, што адбывалася ў свеце танца. Апалоніі было цікава ўсё, што расказваў і паказваў гэты чалавек. Яго ўрокаў юная балерына чакала, як свята. Любіла іх, бо пры ўсёй строгасці Петынеці заўсёды з павагай ставіўся да выхаванцаў. Ён шмат патрабаваў, асабліва з тых, у кім бачыў творчыя задаткі. На ўсё жыццё засталася Дарэўская ўдзячна Петынеці за тое, што ён дапамог паверыць ёй ва ўласныя сілы.
Своеасаблівай справаздачай перад Тызенгаўзам з’яўляліся школьныя спектаклі, якія арганізоўваліся рэгулярна. На сцэну выходзілі найбольш падрыхтаваныя вучні. Гэтага яны чакалі з нецярпеннем. І Апалонія таксама. Ёй нават здавалася, што яе час ніколі не настане. Гаэтана кожны раз выбіраў на ролі сябровак дзяўчынкі, быццам не заўважаючы, што ў класе ёсць і яна. І ўсё ж шчаслівы дзень наступіў. У спектаклі “Вясковы балет” Дарэўская выконвала партыю маладзенькай сялянкі, сяброўкі галоўнай гераіні. Адбылося гэта ў жніўні 1778 г. З гэтага часу і пачаўся адлік творчай біяграфіі балерыны. Потым былі спектаклі “Квартэт дудараў”, “Балет пекараў” і інш. Не абышлося і без засмучэння, калі Гаэтана развітаўся з выхаванцамі і праз год пасля памятнага спектакля-экзамену па запрашэнню Станіслава Радзівіла перабраўся ў Нясвіж. У чэрвені 1779 г. у Гродне з’явіліся новыя харэографы Анна і Казімо Аўгусціна Марэлі, аднак праз некалькі месяцаў яны пакінулі школу, бо паміж імі і Тызенгаўзам не склаліся адносіны. Становішча трупы ўскладнялася яшчэ і тым, што Антоній стаў ахвярай недобразычліўцаў і трапіў у апалу да караля. Яго абвінавацілі ў палітычнай бяздарнасці, няўдалай гаспадарчай дзейнасці і адхілілі ад кіравання эканоміямі. Фінансавае становішча былога падскарбія таксама ўскладнілася. Ён быў вымушаны прадаць будынак тэатра і разам з артыстамі перабрацца ў Быцень, затым у Жэпіхаў, і, нарэшце, у Паставы. У 1782 г. у гэтым маёнтку Тызенгаўза і з’явіўся новы харэограф — Франсуа Габрыэль Ле Ду, вучань знакамітага тэарэтыка французскага балета Жана Жоржа Навера.
У Паставах Апалонію чакала тое ж, што і ў Гродне: доўгія, знясільваючыя практыкаванні і кароткія бліскучыя хвілінкі поспеху. Ле Ду вылучаў дзяўчынку сярод іншых танцоўшчыц і давяраў ёй галоўныя ролі. Калі Петынеці навучыў Дарэўскую танцу, адкрыў яго дзівосны свет, дык Ле Ду паказаў наколькі гэты свет шматфарбны. Менавіта ён прымусіў Апалонію па-новаму паставіцца да выбранай прафесіі, знайсці ў ёй высокую мастацкую сутнасць. Пастаянныя, да знямогі рэпетыцыі далі жаданы плён, у чым пераканалі спектаклі “Балет водаў, ці Купель Дыяны” і “Статуя Пігмаліёна”, якія спадабаліся Тызенгаўзу, і ён паабяцаў і надалей падтрымліваць трупу. Гэта надало Ле Ду і артыстам яшчэ большай упэўненасці. Але мецэнат у 1785 г. памёр. Перад смерцю ён паспеў скласці завяшчанне, у якім перадаваў свой тэатр у каралеўскую ўласнасць. Так Дарэўская трапіла на Варшаўскую сцэну і стала балерынай “Таварыства танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці”. Усе артысты, што ўваходзілі ў гэта таварыства, паходзілі з сялян, амаль трэць з іх была з Беларусі.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — апошні кароль Рэчы Паспалітай і новы ўладар тызенгаўзскага тэатра — адразу заўважыў яркую знешнасць і бліскучыя артыстычныя даныя Дарэўскай. 24 верасня 1785 г. адбыўся балет “Гілас і Сільвія”, які звёў Станіслава Аўгуста з Апалоніяй. Хутка іх адносіны сталі большымі, чым звычайнае знаёмства. Каб дагадзіць манарху, харэографы пачалі складаць рэпертуар “пад Апалонію”. У балетах “Мірза і Ліндор”, “Рыбакі”, “Лукас і Калінета” і інш. Дарэўская нязменна і з вялікім поспехам танцавала вядучыя партыі. Яна стала першай салісткай каралеўскай трупы. Гэтаму спрыяла высокае прафесіянальнае майстэрства артысткі, а таксама падтрымка закаханага караля.
1795 год паўплываў не толькі на лёс Станіслава Аўгуста. Ён змяніў і жыццё каралеўскай прымы-балерыны. Тэатр яго вялікасці раптам аказаўся без гаспадара (пасля трэцяга, апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Панятоўскі адмовіўся ад прастола і пераехаў у Пецярбург). Апалонія Дарэўская працягвала танцаваць у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска. Аднак, калі раней гастролі радавалі, успрымаліся як змена звычных абставін, то цяпер частыя пераезды нервавалі яе. Не адчувалася той трывалай глебы, калі “Таварыства...” існавала як калектыў аднадумцаў, якому адводзіліся лепшыя сцэны, у тым ліку і “Тэатр Нарадовы”. Не магла Апалонія не ўспамінаць і момантаў, калі была поруч з Панятоўскім. Яна кахала яго, але паступова звыклася з думкай, што іх шляхі разышліся. Аднак у 1797 г., калі балерына нечакана атрымала запрашэнне пераехаць у Пецярбург, адразу згадзілася. Нядоўга давялося каханым быць разам. Праз год Панятоўскага не стала. Пасля яго смерці Апалонія Дарэўская пакінула сцэну, і як яна жыла далей (і колькі жыла) засталося невядомым.