Кароткая даведка:
оперна-балетная трупа, адзін з самых высокапрафесійных калектываў Вялікага Княства Літоўскага
Назвы на іншых мовах:
Гродненский театр Тизенгауза (руская);
3347 сімвалаў
Даведка
Гісторыя тэатра ў Гродне звязана з імем графа Антонія Тызенгаўза, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), падскарбія надворнага літоўскага, адміністратара каралеўскіх эканомій. З 1765 па 1780 гг. ён з'яўляўся старастам гродзенскім і актыўна займаўся мецэнацкай дзейнасцю, дзякуючы якой у горадзе быў заснаваны тэатр, некалькі навучальных устаноў, бібліятэка, музей гісторыі прыроды, батанічны сад.
Як сведчаць гісторыкі, Гродзенскі тэатр А. Тызенгаўза існаваў з 1769 г. Спачатку гэта быў невялікі ансамбль музыкантаў і вакалістаў, якім кіраваў скрыпач Л. Сітанскі. Апантаны ідэяй развіцця капэлы, А. Тызенгаўз не шкадаваў сродкаў на запрашэнне прафесійных выканаўцаў. У 1769 г. ён падпісаў кантракт з выдатным скрыпачом Т. Вежбалоўскім, у 1772 г. са спеваком Я.Д. Гіблерам. Акрамя замежных артыстаў у складзе капэлы былі прыгонныя. У яе рэпертуар уваходзілі вакальна-інструментальныя творы, духоўная музыка, оперы, араторыі, санаты, арыі, дуэты, сімфоніі і інш. На мяжы 1771 і 1772 г. А. Тызенгаўз пачаў ствараць балетную трупу. Пошукамі артыстаў займаўся Л. Сітанскі, якога магнат накіраваў за мяжу. Музыкант наведаў Берлін, Дрэздэн, Прагу, Вену, Фларэнцыю. Падарожжа працягвалася да 1774 г. У гэты час былі заключаны дагавор з балетмайстрам і танцорам Г. Петынеці. Для работы ў тэатры і выкладання ў школе падпісаны кантракт з фларэнтыйцам К. Абатэ – капельмайстрам, кампазітарам і педагогам. У трупе тэатра працавалі вядомыя італьянскія вакалісты Дж. Кампанучы, Г. дэ Бернуцы і К. Банафіні, А. Бароні і інш. Яны не толькі выступалі ў спектаклях, але і навучалі майстэрству мясцовых спевакоў і музыкантаў. Найбольш поўная інфармацыя пра склад трупы А. Тызенгаўза змешчана ў «Рэестры асоб, названых у мемарыяле тэатра Гродзенскага за 1776 год», дзе пералічаны 76 вакалістаў, танцораў і музыкантаў. Сярод іх – прыгонныя А. Бжазінскі, Е. Валінскі, А. Дарэўская, М. Малінская, Д. Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі і інш. Тэатр да гэтага часу дасягнуў высокага прафесійнага ўзроўню і стаў шматпрофільным. З 1778 г. у пастаноўках актыўна ўдзельнічалі вучні Гродзенскай музычна-тэатральнай школы А. Тызенгаўза. У гэтым жа годзе на яго сцэне былі пастаўлены опера «Магніфік» («Велікапышны») А. Грэтры, камедыя «Севільскі цырульнік» П. Бамаршэ, балетныя пастаралі «Сялянскі балет» і «Квартэт дудароў», балетная кампазіцыя «Другі балет пекараў» (харэаграфія ўсіх Г. Петынеці) і інш. Доўгі час у тэатры захоўваліся ноты опер А. Сакіні і П. Гульельмі, П. Анфосі, перапісваліся партытуры і аркестравыя партыі для голасу, што сведчыць пра намер іх сцэнічнага ўвасаблення, аднак невядома, ці быў ён рэалізаваны.
У 1770-я гг. оперна-балетная трупа А. Тызенгаўза была адной з самых вядомых не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў Еўропе. Артысты працавалі ў спецыяльна ўзведзеным у 1772 г. будынку, праект якога распрацавалі архітэктары І.Г. Мёзер і Дж. Сака. Тэатральная зала была сфарміравана па «італьянскай крывой», мела 22 ложы ў 2 ярусах, партэр і сцэну з 5 планамі кулісных машын для перамяшчэння дэкарацый. Пасля адстаўкі А. Тызенгаўза тэатральная школа, балетная трупа і частка капэлы да 1785 г. працавалі ў Паставах. Паводле завяшчання магната частка балетнай трупы (пасля яго смерці) стала ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і пераехала ў Варшаву.