16 жніўня 1956 г. ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР прынялі пастанову “Аб увекавечанні памяці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа”, дзе адным з пунктаў было распараджэнне аб стварэнні прысвечанага яму літаратурнага музея ў Мінску і філіяла гэтага музея ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці – на радзіме паэта.
Радзіма Я. Коласа – гэта Акінчыцы, дзе паэт нарадзіўся, Ласток, дзе прайшлі самыя раннія яго дзіцячыя гады, Альбуць – слаўная мясціна дзяцінства і ранняга юнацтва, дзе быў напісаны самы першы верш, і Смольня – месца пражывання ў сваёй уласнай хаце яго сям’і – самых блізкіх і дарагіх яму людзей. Мемарыялізацыя гэтых мясцін праводзілася паступова. Літаратурна-мемарыяльны комплекс "Смольня" афіцыйна быў адкрыты 8 чэрвеня 1967 г., сядзіба "Акінчыцы" (1982), "Альбуць" (1990), "Ласток" (1997). Размяшчаюцца ўсе гэтыя часткі філіяла на тэрыторыі Коласаўскага заказніка, створанага ў 1972 г. з мэтай захавання прыроднага комплекса мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю народнага паэта Беларусі Я. Коласа.
Сядзіба "Альбуць" знаходзіцца за 5 км ад г. Стоўбцы. Альбуць стала чацвёртым месцам службы бацькі Я. Коласа. Міхал Казіміравіч Міцкевіч, радзівілаўскі ляснік, прыняў сваё новае месца службы 22 красавіка 1890 г. У архіўных матэрыялах на рускай і польскай мовах сядзіба падаецца пад назвай Альбута. Пасяліліся ў старой хаце палясоўшчыка. Паводле архіўных дакументаў хата была пабудавана ў 1873 г., у 1891 г. згарэла ў пажары, у тым жа годзе адбудавана. У ёй Міцкевічы пражылі да 1904 г. У Альбуці прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Я. Коласа (1890–1902), адсюль ён хадзіў у народнае вучылішча ў в. Мікалаеўшчына, тут напісаў свой першы верш. Адсюль шаснаццацігадовы К. Міцкевіч паехаў вучыцца ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Сюды прыязджаў улетку з Піншчыны, дзе працаваў пасля заканчэння семінарыі. Вядома таксама, што ў Альбуці нарадзіліся малодшыя браты і сёстры Я. Коласа: Юзя (1891), Алена (1893), Юзік (1895), Міхась (1897) і Маня (1900). З Альбуццю звязана і жалобная падзея ў сям’і Міцкевічаў: 8 лютага 1902 г. памёр бацька, так і не прыдбаўшы ўласнай зямлі.
У 1990 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё мемарыяльнай сядзібы "Альбуць", на якім выступілі дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа З. Камароўская, пісьменнікі М. Лужанін, А. Вярцінскі, У. Паўлаў, А. Жалязоўскі, старшыня Дзяржкамдруку Беларусі А. Бутэвіч, сын Я. Коласа Д. Міцкевіч. Пра экспазіцыю расказала аўтар сцэнарыя музейнай экспазіцыі Я. Аляксеева, мастакі-афарміцелі В. Ламака і Т. Голубева. З нагоды адкрыцця новай коласаўскай мемарыяльнай сядзібы выступілі самадзейныя артысты са Стаўбцоўскага, Нясвіжскага, Уздзенскага і Валожынскага раёнаў.
У хаце створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы “Новая зямля”. Альбуць у ёй апісана як Парэчча. Экспазіцыя знаёміць з фотаздымкамі прататыпаў герояў паэмы, рукапісамі, выданнямі розных гадоў, прадметамі побыту сялян ХІХ–ХХ ст. У адноўленым гумне створана выстаўка “Пчалярства і рыбалоўства”, дзе прадстаўлены рэдкія на сённяшні дзень прылады пчалярства і рыбалоўства. На тэрыторыі сядзібы, абгароджанай стылізаваным пад старажытнасць парканам, адноўлены таксама вялікі хлеў, гумно, павець з гаспадарчымі прыладамі. На хаце ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
З мэтай прапаганды родных коласаўскіх мясцін Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў 2012 г. выпусціў буклет “Мілы кут маіх дзядоў”, у якім расказваецца пра мясціны, што звязаны з жыццём песняра на Стаўбцоўшчыне. У выданні змешчаны таксама матэрыял пра мастацка-мемарыяльны комплекс “Шлях Коласа”. Гэта аповед пра драўляныя скульптуры па матывах твораў паэта, якія тэматычна злучылі музейныя аб’екты і мясціны Стаўбцоўшчыны, звязаныя з імем Я. Коласа. Драўляныя скульптуры размешчаны ўздоўж дарогі Стоўбцы–Мікалаеўшчына. Гэта скульптурныя вобразы на тэмы “Дарога дзядзькі Якуба”, “Сцяжына новазямельцаў”, кампазіцыя “Песняй вітаю я вас”.
У гэтым жа буклеце расказваецца пра святочныя мерапрыемствы, якія арганізуюцца на тэрыторыі музейных сядзіб Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня. Тут адбываюцца святы народнай творчасці “Красуй, Беларусь”, літаратурныя святы “Каласавіны”, “Слова пра Коласа”, дзіцячыя святы мастацтва “Альбуцкая крынічка”. Штогод праводзяцца пленэр юных мастакоў “Дзе льецца Нёман срэбраводны”, фестывалі рамёстваў “Сядзіба новазямельцаў”, выступленні дзіцячага тэатра “Казкі жыцця”, ансамбля дзіцячага танца “Бусляняткі”. Ва ўрочышчы Бервянец, на пеўчым полі “Дубы” праходзяць рэспубліканскія святы паэзіі, фестывалі гумару “Мікалаеўшчынская прыстанька”, пленэры “Маляўнічая Бацькаўшчына”, “Фарбы восені” і іншыя мерапрыемствы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.