Да юбілею Алімпіяды Шах-Парон

5 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння заслужанай артысткі Беларусі Алімпіяды Шах-Парон

Алімпіяда Іванаўна Шах-Парон нарадзілася ў Расіі. У 1944 г. скончыла Маскоўскае гарадское тэатральнае вучылішча, у 1945 г. працавала ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у 1946 г. – у Бабруйскім абласным драматычным тэатры. З 1947 г. Алімпіяда Шах-Парон – актрыса Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага). На сцэне гэтага тэатра яна сыграла каля сотні драматычных і характарна-камедыйных роляў. Кожны вобраз, створаны актрысай, быў адзначаны непаўторнай адметнасцю, насычаны псіхалагічнымі фарбамі і адценнямі.

З самага пачатку свайго творчага шляху актрысе давялося працаваць у спектаклях айчыннага і замежнага рэпертуару. У прыватнасці, яна іграла Элізу («Хаціна дзядзькі Тома» Г. Бічэр-Стоу), княжну Мсціслаўскую («Цар Фёдар Іаанавіч» А. Талстога), Алівію («Дванаццатая ноч» У. Шэкспіра) і шмат іншых. Творчы поспех маладой актрысе прынесла роля разведчыцы Тані ў спектаклі «За другім фронтам» паводле В. Сабко. У гэтай акцёрскай рабоце А. Шах-Парон праявіла здольнасць глыбокага пранікнення ва ўнутраны свет гераіні, здольнасць да самастойнай, арыгінальнай трактоўкі вобраза. У спектаклі «Атэла» У. Шэкспіра актрыса бліскуча выконвала ролю Дэздэмоны.


А. Шах-Парон у ролі Дэздэмоны («Атэла» У. Шэкспіра)


У спектаклі «Шалёныя грошы» А. Астроўскага ёй была даручана складаная роля Лідзіі, якая мела трывалую сцэнічную трактоўку вобраза. Алімпіяда Шах-Парон здолела па-новаму прачытаць вядомую ролю, паказаць імкненне сваёй гераіні да новага жыцця па законах высокай чалавечнасці.

У гісторыі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага ёсць адзін спектакль, які стаў сапраўднай тэатральнай легендай. Гэта «Кароль Лір» У. Шэкспіра з народным артыстам Беларусі А. Кіставым у галоўнай ролі. Алімпіяда Шах-Парон выходзіла на сцэну ў ролі дачкі караля Ліра Рэганы. Актрыса ўдала даносіла да гледачоў складаную эвалюцыю характару сваёй гераіні, якая з пяшчотнай дачкі ператвараецца ў страшнага ворага свайго бацькі.

А. Шах-Парон у ролі Рэганы («Кароль Лір» У. Шэкспіра)


Нечаканым і новым быў для А. Шах-Парон вобраз разбітной, але добрай і чалавечнай вулічнай дзеўкі Іветы ў спектаклі «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта. Зусім іншы характар – Калугіна ў камедыі «Таварышы па працы» Э. Брагінскага і Э. Разанава. Пад уздзеяннем кахання на вачах гледача адбывалася цудоўнае ўнутранае і знешняе пераўтварэнне чэрствага, прамалінейнага, заціснутага рознымі ўмоўнасцямі кіраўніка вялікай установы ў мяккую, лагодную і прыгожую жанчыну.

У пастаноўцы «Трывога» А. Петрашкевіча А. Шах-Парон іграла Міхаліну – простую вясковую жанчыну, якая цвёрда змагаецца за справядлівасць. Імкненне да сцвярджэння справядлівасці падкрэслівалася актрысай і ў вобразе Валянціны ў спектаклі «Гняздо глушца» В. Розава. Змястоўная акцёрская работа атрымалася і ў пастаноўцы «Рэтра» А. Галіна, дзе А. Шах-Парон стварае вобраз Дзіяны Уладзіміраўны, жанчыны вялікага жыццёвага вопыту і чалавечнасці.

Асаблівае месца ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага займаюць творы драматурга, імя якога носіць творчы калектыў. Алімпіяда Шах-Парон стварыла цэлую галерэю выдатных жаночых вобразаў у п’есах М. Горкага: Лідзія Чабаксарава, Алена Пратасава, Сакалова, Клеапатра, Малання («Варвары», «Дзеці сонца», «Апошнія», «Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя»).


А. Шах-Парон у ролі Лідзіі Чабаксаравай («Варвары» М. Горкага)


Сярод значных роляў актрысы: баранэса Штраль («Маскарад» М. Лермантава), Понсія («Дом Бернарды Альбы» Ф. Гарсія Лоркі), фру Альвінг («Здані» Г. Ібсэна), місіс Туз («Усё ў садзе» Э. Олбі), Герарда («Дасціпная закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Хлоя («Мёртвая хватка» Д. Голсуарсі), Жэрмена («Гандляры славай» М. Паньёля і П. Нівуа) і інш.

Паспяховым быў удзел А. Шах-Парон у тэлевізійным спектаклі «Крах» паводле п’есы А. Талстога і П. Шчогалева «Змова імператрыцы», у якім актрыса выконвала ролю фрэйліны Ганны Вырубавай (1966). Яе ігра ў гэтай тэлепастаноўцы мела выключна вялікі поспех у гледачоў і стала ўзорам дакладнага выяўлення гістарычных, сацыяльных і псіхалагічных асаблівасцей паводзін сваёй гераіні. Высокім майстэрствам пазначана стварэнне вобраза Жанны Уладзіміраўны ў тэлеспектаклі «Чужыя, блізкія...» па п’есе «Жанна» А. Галіна (1998).

Алімпіяда Іванаўна Шах-Парон мела вялікі творчы дыяпазон. І якія б ролі ёй не прыходзілася іграць – станоўчыя ці адмоўныя, камедыйныя ці драматычныя, актрыса заўсёды імкнулася да сцвярджэння пазітыўнага ў чалавеку, да сцвярджэння высокіх гуманістычных ідэалаў.