Гісторыя станаўлення і развіцця ўстановы
Гісторыя бібліятэкі пачынаецца 3 лістапада 1921 г., калі пры Беларускім дзяржаўным універсітэце была створана бібліятэка, якая адначасова выконвала функцыі як універсітэцкай, так і галоўнай дзяржаўнай бібліятэкі краіны. Пастановай Урада БССР ад 15 верасня 1922 г. яна была афіцыйна абвешчана Беларускай дзяржаўнай і ўніверсітэцкай бібліятэкай. Гэты дзень і лічыцца днём заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а з 2001 г. адзначаецца як дзяржаўны Дзень бібліятэк.
Першым дырэктарам установы стаў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі (1892–1967), чалавек шырокай эрудыцыі і энцыклапедычных ведаў (у красавіку 2022 г. споўнілася 130 гадоў з дня яго нараджэння). Дзякуючы яго намаганням бібліятэчная справа краіны і сістэма прафесійнай адукацыі бібліятэкараў-бібліёграфаў атрымала значнае развіццё.
Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі
Сапраўднымі скарбамі бібліятэкі сталі фонды, закладзеныя ў 1920-я гг. Стварэнню Дзяржаўнай бібліятэкі БССР дапамагалі буйнейшыя бібліятэкі Масквы і Ленінграда, Акадэмія навук СССР. Павелічэнню фондаў спрыялі прыватныя калекцыі акадэміка Я.Ф. Карскага і прафесара М.А. Янчука (па беларусазнаўстве, этнаграфіі і літаратуры), акадэміка У.І. Пічэты (па гісторыі Беларусі), акадэміка і прафесара Я.К. Грота (па славяназнаўстве), калекцыі К.К. Случэўскага, Е.Р. Раманава, П.М. Жуковіча, Я. Дылы, частка бібліятэкі беларускага гісторыка і этнографа А.П. Сапунова, кнігі з бібліятэкі Я. Купалы і інш. У канцы 1920-х гг. па колькасці экзэмпляраў і каштоўнасці збораў бібліятэка ўваходзіла ў лік лепшых бібліятэк свету.
У 1926 г. бібліятэка стала самастойнай установай, а ў жніўні 1932 г. была рэарганізавана ў Дзяржаўную бібліятэку і Бібліяграфічны інстытут БССР з прысваеннем імя У.І. Леніна. Да свайго дзесяцігоддзя яна атрымала новы, першы ў краіне спецыялізаваны будынак па вул. Чырвонаармейская, 9 (праект архітэктара Г. Лаўрова). З 1926 па 1934 г. адкрываліся філіялы бібліятэкі ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, пры Доме ўрада ў Мінску (цяпер абласныя бібліятэкі і Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь).
Будынак Дзяржаўнай бібліятэкі БССР па вул. Чырвонаармейская, 9
У пачатку 1941 г. фонд бібліятэкі дасягнуў 2 млн адзінак, а колькасць наведвальнікаў перавышала 15 тыс. У час Вялікай Айчыннай вайны акупантамі было вывезена больш за 1,5 млн дакументаў, у тым ліку найбольш каштоўныя рукапісы і старадрукі; цалкам знішчаны даведачна-бібліяграфічны апарат і абсталяванне, а будынак пацярпеў ад выбухаў.
У пасляваенны час вялася напружаная работа па ўзнаўленні страчаных фондаў, і да пачатку 1950-х гг. яны дасягнулі даваеннага ўзроўню. Паступова ўзрастаў інфармацыйны патэнцыял бібліятэкі, узмацнялася яе роля ў развіцці бібліятэчнай справы краіны. У 1972 г. установа была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а 19 мая 1992 г. перайменавана ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі (НББ).
Новы будынак
Значны этап развіцця НББ звязаны з будаўніцтвам новага памяшкання бібліятэкі, які сваёй формай нагадвае агранены алмаз, што сімвалізуе сабой каштоўнасць ведаў і бясконцасць пазнавальнага свету (аўтары праекта М.К. Вінаградаў і В.У. Крамарэнка). Нацыянальная бібліятэка была адкрыта для карыстальнікаў 16 чэрвеня 2006 г.
Цэнтральны хол першага паверха Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Стварэнню ўнікальнага вобраза Нацыянальнай бібліятэкі садзейнічае і мастацка-дэкаратыўнае афармленне будынка. Перад яго фасадам размяшчаецца помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыну (скульптар А.В. Дранец).
Помнік Францыску Скарыну
Асноўныя кірункі дзейнасці і сучасны стан бібліятэкі
Нацыянальная бібліятэка Беларусі увесь перыяд сваёй дзейнасці выконвае місію захавальніцы спадчыны беларускага народа. Універсальны фонд НББ прызначаны для задавальнення інфармацыйных патрэб розных катэгорый карыстальнікаў і ўключае больш за 10 млн экз. дакументаў на 50 мовах свету. Калекцыя нацыянальных дакументаў фарміруецца на аснове абавязковага бясплатнага экзэмпляра выданняў, што выходзяць у Беларусі. Значнай крыніцай папаўнення фондаў з’яўляецца міжнародны кнігаабмен. У бібліятэцы захоўваюцца: фонд перыядычных выданняў; найбагацейшы збор выяўленчых матэрыялаў; самая вялікая ў Беларусі калекцыя нот і аўдыявізуальных дакументаў; унікальны картаграфічны фонд; дысертацыі і аўтарэфераты дысертацый па ўсіх галінах ведаў; фонд электронных дакументаў.
Вялікую каштоўнасць мае ўнікальны збор рукапісных кніг, архіўных дакументаў, старадрукаў і рэдкіх выданняў. Сярод рарытэтаў – адзіны ў Беларусі збор кніг беларускага першадрукара Ф. Скарыны (10 выпускаў Бібліі, Прага, 1517–1519); кірылічныя выданні з друкарань Вільні, Куцейна, Магілёва, Супрасля; «Евангелле напрастольнае» (1575) і «Псалтыр» П. Мсціслаўца (1576); «Евангелле вучыцельнае» В. Гарабурды (каля 1580); выданні братоў Мамонічаў; «Апостал» (Львоў, 1574) і Біблія (Астрог, 1581) І. Фёдарава; першыя беларускія газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Дзянніца», першая нелегальная беларуская газета «Мужыцкая праўда» і інш.
Фонд архіўных дакументаў, старадрукаваных выданняў і рукапісаў НББ
Важнейшымі напрамкамі дзейнасці бібліятэкі з’яўляюцца: генерацыя электронных інфармацыйных рэсурсаў, фарміраванне электроннай бібліятэкі, вядзенне зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі, арганізацыя і функцыянаванне сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі. Асобным напрамкам дзейнасці з’яўляецца выпуск бібліяграфічнай прадукцыі, манаграфій, навуковых, навукова-папулярных, вытворча-практычных і нарматыўна-рэгламентуючых выданняў, перыядычных выданняў і выданняў з працягам (часопіс «Бібліятэчны свет», зборнікі «Бібліятэчны веснік» і «Здабыткі»). За гады свайго існавання бібліятэка падрыхтавала шэраг значных бібліяграфічных выданняў, сярод якіх зводны каталог «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм» (1969), «Белоруссия в печати XVI – начала XX столетия» (1982–1985), «Кніга Беларусі 1517–1917 гг.» (1986), нота- і фанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918–1989)» (1991) і інш. Універсальную беларусазнаўчую інфармацыю прадастаўляе штомесячны бібліяграфічны бюлетэнь «Новыя кнігі: па старонках беларускага друку», які выдаецца з 1960 г.
Вокладка бюлетэня «Новыя кнігі: па старонках беларускага друку»
Інфармацыйныя тэхналогіі ўнеслі значныя змены ў сістэму абслугоўвання чытачоў. У аўтаматызаваным рэжыме выконваюцца рэгістрацыя карыстальнікаў, пошук, заказ і выдача друкаваных дакументаў, забеспячэнне доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў. Віртуальныя сэрвісы НББ «Спытай бібліятэкара», «Віртуальны цэнтр прававой інфармацыі», «Адкрытая інфармацыя» (аб дзейнасці міжнародных арганізацый), служба электроннай дастаўкі дакументаў, віртуальная чытальная зала забяспечваюць доступ да электронных інфармацыйных рэсурсаў лепшых сусветных вытворцаў.
Нацыянальная бібліятэка з’яўляецца распрацоўшчыкам і галоўным выканаўцам шэрага навукова-даследчых праектаў у галіне бібліятэказнаўства, кнігазнаўства, бібліяграфіі і інфармацыйнай дзейнасці, прымае ўдзел міжнародных і дзяржаўных праграмах у сферы прафесійнай дзейнасці, з’яўляецца месцам правядзення міжнародных сустрэч, канферэнцый, сімпозіумаў. Тут адбываюцца культурныя мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычных місій, міжнародных урадавых і грамадскіх прафесійных арганізацый, дзеячаў культуры і мастацтва.
XVIII Міжнародныя Кірыла-Мефодзіеўскія чытанні (2022)
На базе бібліятэкі функцыянуюць інфармацыйны і сацыякультурны цэнтры, а таксама цэнтр алічбоўкі і забеспячэння захаванасці бібліятэчных дакументаў. Галоўнымі напрамкамі іх дзейнасці з’яўляюцца фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў, бібліятэчна-інфармацыйнае абслугоўванне, навукова-даследчая і метадычная работа, арганізацыя і правядзенне сацыякультурных і адукацыйных мерапрыемстваў. Наведвальнікі могуць наведаць Музей кнігі, пазнаёміцца з працай бібліятэкі, яе архітэктурнымі асаблівасцямі, мастацкім афармленнем, тэхнічным узроўнем, цікавымі выстаўкамі галерэйнага комплексу (галерэі «Атрыум», «Лабірынт», «Мабільная», «Ракурс», «Панарама»), пабываць на агляднай пляцоўцы, прыняць удзел у экскурсіі па бібліятэцы.
Музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш падрабязную інфармацыю аб дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі можна знайсці на партале НББ (http://www.nlb.by).
У якасці ілюстрацыйных матэрыялаў выкарыстоўваліся фотаздымкі А. Дрыбаса.