Да юбілею Уладзіміра Вараксіна

5 ліпеня 2026 г. спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння архітэктара, заслужанага будаўніка Беларусі Уладзіміра Вараксіна

Уладзімір Мікалаевіч Вараксін належыць да плеяды выдатных архітэктараў нашай краіны, якія стаялі ля вытокаў стварэння і развіцця беларускай савецкай архітэктуры. Яго імя заўсёды ўпамінаецца побач з імёнамі таленавітых дойлідаў – Г. Заборскага, А. Воінава, Н. Трахтэнберга.

Нарадзіўся Уладзімір Вараксін у сям’і ваеннага інжынера ў г. Омску (Расія). Пасля заканчэння школы і службы ў арміі з 1923 г. вучыўся ў Омскім мастацка-прамысловым тэхнікуме, дзе атрымаў спецыяльнасць “тэхнік – мастак – архітэктар”. З 1928 г. тры гады вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Пасля рэарганізацыі архітэктурных факультэтаў Акадэміі і Ленінградскага інстытута інжынераў камунальнага будаўніцтва У. Вараксіна пераводзяць у гэты інстытут, дзе ў 1934 г. ён абараніў дыпломны праект і атрымаў накіраванне на працу ў Беларусь.

Творчая біяграфія маладога архітэктара пачалася ў інстытуце “Белдзяржпраект” (цяпер ААТ “Інстытут Белдзяржпраект”). У гэты ж час бярэ свой пачатак дружба і супрацоўніцтва маладых дойлідаў У. Вараксіна і А. Воінава: у 1936 г. яны разам працавалі над праектам будынка Мінскага палаца піянераў і школьнікаў імя М.Ф. Гікалы (з сярэдзіны 1950-х гг. цяпер тут размяшчаецца Тэатр юнага гледача). У стварэнні інтэр’ераў Палаца прымалі ўдзел скульптары А. Бембель, А. Грубэ, А. Арлоў.


                                      


У 1936–1937 гг. У. Вараксін падрыхтаваў праекты Дома Саветаў у Слуцку, клуба запалкавай фабрыкі ў Рэчыцы, педагагічнага тэхнікума ў Крычаве, інфекцыйнай бальніцы ў Мінску. Пасля прыняцця рашэння аб пераносе сталіцы ў Магілёў У. Вараксін удзельнічаў у рэканструкцыі горада. Па яго праектах у Магілёве быў пабудаваны кінатэатр “Радзіма”, жылы пасёлак аўтарамонтнага завода.

 

 

Працягвалася і сумесная работа з мінскім архітэктарам А. Воінавым: імі быў створаны праект будынка ЦК КПБ БССР (цяпер будынак Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Будаўніцтва гэтага аб’екта пачалося ў 1939 г.

 

 

У гады Вялікай Айчыннай вайны У. Вараксін працаваў у Ніжнім Тагіле, а потым у Омску. Пасля вызвалення Беларусі ён вярнуўся ў Мінск. Па яго праектах былі пабудаваны: Беларускі інстытут народнай гаспадаркі (цяпер 5-ы корпус БДЭУ, 1954), жылыя дамы па вуліцах К. Маркса, Маскоўскай, Захарава ў Мінску, будынак абкама КПБ у Гродне (1952), кінатэатр імя Калініна ў Гомелі (1950), дастроены будынак ЦК КПБ (1946).


          


За 20 гадоў работы ў “Белдзяржпраекце” У. Вараксін спраектаваў звыш 60 розных аб’ектаў. У 1961 г. архітэктар адным з першых быў удастоены ганаровага звання “Заслужаны будаўнік БССР” (у той час у БССР яшчэ не існавала ганаровага звання заслужанага архітэктара).

Паспяхова склалася педагагічная дзейнасць Уладзіміра Мікалаевіча. З 1952 г. ён быў выкладчыкам Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), у 1954–1971 гг. – дацэнт БПІ. У 1971–1975 гг. У. Вараксін узначальваў кафедру архітэктурнага праектавання Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (цяпер Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт).