Да юбілею Валерыя Ігнатавіча Глушакова

1 верасня 2026 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Валерыя Ігнатавіча Глушакова

Творчасці Валерыя Ігнатавіча Глушакова, выдатнага опернага спевака, былі ўласцівы высокая тэхніка выканання, драматычны тэмперамент, акцёрскае майстэрства.

Нарадзіўся ён у Бабруйску. Музычную адукацыю атрымаў у класе Я. Віцінга ў Беларускай кансерваторыі (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Будучы студэнтам, сумяшчаў вучобу з работай у Белдзяржфілармоніі: прымаў удзел у акадэмічных і публічных канцэртах. Талент сапраўднага вакаліста праявіўся на выпускным экзамене, калі В. Глушакоў выканаў партыю Уладзіміра Ігаравіча з оперы “Князь Ігар” А. Барадзіна.

У 1956 г. ён скончыў кансерваторыю і быў прыняты ў трупу Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). Першай вялікай работай маладога спевака стала партыя Фаўста ў аднайменнай оперы Ш. Гуно. Затым былі партыі Лыкава ў “Царскай нявесце” М. Рымскага-Корсакава, Андрэя ў “Запарожцы за Дунаем” С. Гулак-Арцямоўскага. У хуткім часе В. Глушакоў стаў вядучым салістам тэатра і ў 1959 г. атрымаў званне заслужанага артыста БССР.

Валерый Глушакоў выдатна выканаў шэраг партый у беларускіх нацыянальных операх: Андрэй, Супонька і Пётр (“Калючая ружа”, “Калі ападае лісце”, “Зорка Венера” Ю. Семянякі), Марцін (“Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага), у якіх дасканала перадаў асаблівасці беларускага музычнага каларыту. Сапраўдным творчым дасягненнем артыста стала партыя пана Уронака (“Яснае світанне” А. Туранкова). У 1964 г. гэта опера была паказана на сцэне Крамлёўскага палаца з’ездаў у Маскве (цяпер Дзяржаўны Крамлёўскі палац).

У рэпертуар В. Глушакова ўваходзіла шмат цікавых партый, з якімі ён неаднаразова выступаў не толькі ў Беларусі, але і ў час замежных гастрольных паездак. Уменне ствараць псіхалагічна выразныя характары раскрылася ў класічных оперных партыях рускіх і замежных кампазітараў. Выканаўчай манеры спевака былі ўласцівы лірычная напоўненасць, непасрэднасць, якія ярка праявіліся ў вобразах Звездачота, Індыйскага госця (“Залаты пеўнік” і “Садко” М. Рымскага-Корсакава), Юродзівага (“Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага), Надзіра (“Шукальнікі жэмчугу” Ж. Бізэ), кавалера дэ Грые, Вертэра (“Манон” і “Вертэр” Ж. Маснэ), Герцага, Альфрэда (“Рыгалета” і “Травіята” Дж. Вердзі), Рудольфа (“Багема” Дж. Пучыні) і інш.

 

Валерый Глушакоў у ролі Звездачота ў оперы “Залаты пеўнік” М. Рымскага-Корсакава.


Для стварэння сцэнічных вобразаў В. Глушакоў знаходзіў пераканаўчую мастацкую трактоўку, кожная роля ў яго выкананні несла адпаведную задуме кампазітара сэнсавую нагрузку. Спявак дасканала валодаў сваім голасам: непрыкметна, без асаблівых намаганняў ён змяняў характар і сілу гуку ў залежнасці ад настрою і паводзін свайго героя.

 

Валерый Глушакоў у ролі Антоніа, Тамара Шымко ў ролі Луізы ў оперы “Заручыны ў манастыры” С. Пракоф’ева.

 

У 1964 г. В. Глушакоў атрымаў званне народнага артыста БССР. Ён быў узнагароджаны медалямі “За перамогу над Германіяй” (у гады Вялікай Айчыннай вайны з’яўляўся партызанскім сувязным), “30 гадоў Савецкай Арміі і Флоту”, “20 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, “40 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945”, “60 гадоў Узброенных Сіл СССР”.

У Мінску на доме, дзе жыў артыст, усталявана мемарыяльная дошка.