Да юбілею Віктара Турава

25 кастрычніка 2026 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння кінарэжысёра, сцэнарыста, педагога, народнага артыста Беларусі і СССР Віктара Цімафеевіча Турава

Адзін з вядучых майстроў айчыннага кіно Віктар Цімафеевіч Тураў увайшоў у гісторыю сусветнага кінематографа дзякуючы яркім мастацкім фільмам пра лёс беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Нарадзіўся ён у Магілёве ў сям’і партыйнага работніка. Хлопчыку не было і пяці гадоў, калі пачалася вайна, якая захавалася ў яго памяці бамбёжкамі, акупацыяй, расстрэлам бацькі-партызана, канцлагерам у Германіі. Пасля вызвалення разам з маці і сястрой В. Тураў вярнуўся ў Магілёў. У час вучобы ў школе наведваў драматычны гурток, удзельнічаў у спектаклях народнага тэатра пры клубе чыгуначнікаў. У 1955 г. паступіў на рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. Вучань А. Даўжэнкі і М. Чыяўрэлі, В. Тураў яшчэ студэнтам пачаў працаваць на кінастудыі «Беларусьфільм», дзе зняў дакументальныя фільмы «Наш Салігорск» і «Гомельскія танцоры» (1959), «Беларусь сацыялістычная» і «Слаўны шлях» (1960). У ігравым кіно дэбютаваў кінанавеламі «Камбуд» (1961, альманах «Апавяданні пра юнацтва») і «Зорка на спражцы» (1962, паводле апавядання Янкі Брыля, увайшла ў фільм «Маленькія летуценнікі»). Міжнароднае прызнанне В. Тураву прынёс першы мастацкі фільм «Праз могілкі» (1964, паводле аднайменнай аповесці П. Ніліна). У 1994 г. рашэннем ЮНЕСКА ён увайшоў у спіс 100 лепшых кінатвораў пра Другую сусветную вайну. У 1966 г. рэжысёр зняў фільм «Я родам з дзяцінства» (1966). Кінастужка прысвечана падлеткам, якім прыйшлося рана пасталець у гады ваеннага ліхалецця.

 

            

 

Некалькі гадоў В. Тураў працаваў над экранізацыяй дылогіі А. Адамовіча «Партызаны». У выніку былі зняты два фільмы «Вайна пад стрэхамі» (1967) і «Сыны ідуць у бой» (1969). Тэма сувязі ваеннага і пасляваеннага пакаленняў адлюстравана ў кінакарцінах «Час яе сыноў» (1974, паводле аповесці А. Каштанава «Заводской район»), «Пункт адліку» (1979), «Меншы сярод братоў» (1985).

 

                                                            

 

Адной з лепшых рэжысёрскіх работ В. Турава, сапраўдным шэдэўрам беларускага кінематографа лічацца фільмы па раманах «Палескай хронікі» І. Мележа. У кінастужках «Людзі на балоце» (1981, Дзяржаўная прэмія СССР 1984) і «Подых навальніцы» (1982) паказана жыццё простых людзей, раскрыта іх душэўная высакароднасць, чысціня думак і пачуццяў.

 

                               

 

У 1993 г. В. Тураў зняў фільм «Чорны бусел» (паводле аповесці В. Казько «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел»), дзе расказваецца пра жыхароў вёскі, якая пацярпела ад чарнобыльскай аварыі. Апошнім кінатворам рэжысёра стала стужка «Шляхціц Завальня…» (1994, па матывах аднайменнай кнігі Я. Баршчэўскага), дзе ў жанры фантастычных легенд і паданняў прадстаўлена старадаўняя Беларусь. Фільмы, створаныя В. Туравым, адметныя аўтарскім пачуццём, прафесійным майстэрствам, глыбокім лірызмам.

Шмат часу аддаваў рэжысёр педагагічнай дзейнасці і грамадскай рабоце. У 1976–1981 гг. ён быў першым сакратаром праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1991 па 1996 г. з’яўляўся мастацкім кіраўніком кафедры майстэрства рэжысуры ігравога кіно Беларускай акадэміі мастацтваў. Народны артыст БССР (1979) і народны артыст СССР (1986), заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1994), лаўрэат шматлікіх прэмій і дыпломаў многіх фестываляў В. Тураў атрымаў міжнароднае прызнанне. У 1995 г. ён увайшоў у камітэт па святкаванні 100-годдзя сусветнага кінематографа. Выбранне беларускага рэжысёра стала высокай ацэнкай яго творчасці і прафесіяналізму. За вялікі ўклад у кінематаграфію В. Тураву ў 1996 г. была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. У гонар рэжысёра на фасадзе будынка кінатэатра «Радзіма» ў Магілёве і на доме ў Мінску, дзе ён жыў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. У гэтых гарадах ёсць вуліцы, названыя яго імем. З 2001 г. у Магілёве праходзяць дні кіно («Тураўская восень»), прысвечаныя творчасці рэжысёра. На Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» прыз імя Віктара Турава прысуджаецца за лепшы фільм конкурсу «Кіно маладых», на Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце – за лепшы дэбют у кінарэжысуры.