Да юбілею Міхася Зарэцкага

20 лістапада 2026 г. спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, драматурга і перакладчыка Міхася Зарэцкага

Міхась Зарэцкі – пісьменнік-наватар, прыхільнік рамантычнага кірунку ў беларускай прозе 20-х гг. XX ст. Ён – аўтар твораў, якія значна ўзбагацілі беларускае мастацкае слова ў ідэйна-тэматычным, жанрава-стылявым, вобразна-выяўленчым плане і па праву далучыліся да лепшых дасягненняў нацыянальнага прыгожага пісьменства.

Нарадзіўся М. Зарэцкі (Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў) у с. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям’і дзяка. У дзесяцігадовым узросце стаў вучнем Аршанскага духоўнага вучылішча, а праз чатыры гады стаў вучыцца ў Магілёўскай духоўнай семінарыі. Калі пачаліся рэвалюцыйныя падзеі, юнак кінуў вучобу. З 1919 г. М. Зарэцкі настаўнічаў у пачатковай школе на Магілёўшчыне, узначальваў Шклоўскі валасны аддзел народнай асветы. Сур’ёзнай школай жыцця стала для будучага пісьменніка служба ў Чырвонай Арміі, дзе ён знаходзіўся на пасадзе палітработніка з 1920 па 1927 г. Працаваў у Віцебску і Полацку загадчыкам армейскага клуба. У 1924 г. уступіў у літаратурную арганізацыю “Маладняк” і стаў адным з яе кіраўнікоў. Пасля дэмабілізацыі і пераезду ў Мінск малады пісьменнік паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым працаваў у Акадэміі навук БССР. У лістападзе 1936 г. па лжывым даносе быў арыштаваны. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, рэабілітаваны ў 1957 г.

Першым друкаваным творам М. Зарэцкага стала апавяданне “Спатканне”, якое было змешчана ў 1922 г. у газеце “Савецкая Беларусь”. Пачынаў пісьменнік з традыцыйнай рэалістычна-бытавой прозы. Пра гэта сведчаць раннія творы “Цішка Бабыль”, “Як гэта часам трапляецца”, “З нашых дзён”, “Ноччу”. У сярэдзіне 1920-х гг. былі надрукаваны зборнікі апавяданняў М. Зарэцкага “У віры жыцця”, “Пела вясна” (абодва 1925), “Пад сонцам”, “42 дакументы” і “Двое Жвіроўскіх” (абодва 1926), “На чыгунцы” (1928) і інш. Змешчаныя творы атрымалі ў большасці сваёй высокую ацэнку крытыкі і былі прыхільна сустрэты чытацкай аўдыторыяй.

 

                                   

 

Міхась Зарэцкі апісваў сацыяльныя супярэчнасці жыцця, закранаў вострыя, надзённыя тэмы, якія знайшлі найбольш яскравае адлюстраванне ў апавяданнях “Ворагі”, “Адна партыя ў шашкі”, “Кветка пажоўклая”. Асаблівую цікавасць у маладога празаіка выклікалі тэмы кахання, духоўнага станаўлення чалавека, узаемаадносін паміж людзьмі. Некаторыя апавяданні – “Спакуса”, “Гануля”, “Камсамолка”, “У велікодную ноч”, “Як Настулька камсамолкай зрабілася”, “Пела вясна” – тыповая маладнякоўская проза ранняй пары, бадзёра-ўзвышаная, паэтычная, прасякнутая аптымізмам.

Значнымі аказаліся ідэйна-мастацкія пошукі М. Зарэцкага ў апавяданнях “Бель”, “Дзіўная”, “Пра майго прыяцеля”, “Радасць”, “Паэма пра чорныя вочы”, “Ракавыя жаронцы”, “Максімаліст”, “Ой, ляцелі гусі...”. Прыгаданыя творы наглядна дэманструюць бясспрэчны рост майстэрства, вастрыню сацыяльнага позірку пісьменніка, яго здольнасць адчуваць сімптомы нараджэння новага ў грамадскім жыцці, псіхалогіі чалавека. У 1928 г. з друку выйшаў раман М. Зарэцкага “Сцежкі-дарожкі”, які стаў значнай падзеяй літаратурнага жыцця. Гэта быў першы буйны празаічны твор у беларускай літаратуры, у якім быў паказаны лёс простага чалавека на фоне гістарычных падзей. У гэтым творы пісьменнік шырока выкарыстоўваў форму дыялога, у рамане шмат спрэчак, палемікі, вострых інтэлектуальных сутыкненняў. Раман “Вязьмо” (1932) быў прысвечаны калектывізацыі вёскі і стаў вынікам мастацкага асваення пісьменнікам сучаснага матэрыялу. Міхась Зарэцкі стварыў жывыя вобразы людзей, напоўненыя глыбокім сацыяльна-гістарычным зместам, апісаў перажыванні людзей, якія спрадвеку чакалі лепшага жыцця.

 

                                                              

 

Плённа працаваў пісьменнік і ў драматургіі. Яго п’есы “Віхор на балоце” (1928), “Белыя ружы” (1928–1929), “Ная” (1936) у свой час мелі вялікую папулярнасць. Драматургічныя творы М. Зарэцкага адрозніваюцца вастрынёй пастаноўкі актуальных праблем, смелым, наватарскім падыходам да іх вырашэння. Пазіцыя аўтара раскрываецца праз характары герояў, іх учынкі, эвалюцыю поглядаў і паводзін.

У розныя перыяды творчасці М. Зарэцкі выступаў як крытык, публіцыст, перакладчык. Ён – аўтар перакладаў на беларускую мову “Прыгод удалага ваякі Швейка ў сусветную вайну” Я. Гашака, “Цэмент” Ф. Гладкова.

Творчая спадчына пісьменніка прыцягвае ўсё большую ўвагу даследчыкаў, якія спрабуюць па-новаму, поўна і ўсебакова ацаніць яго ролю ў развіцці нацыянальнай літаратуры.