Дата рождения: 21.06.1864 Бялевічы, в., Слуцкі раён, Мінская вобласць
Дата смерти: 05.03.1940 Расія
Краткая справка: этнограф, фалькларыст, мовазнавец, даследчык побыту, звычаяў і вераванняў сялян Мазыршчыны і Случчыны, правадзейны член Інбелкульта
Псевдонимы: Смага Н.; Смага Навум; Смага Наум; Шарпат
Имена на других языках: Сержпутовский Александр Казимирович (русский);
Криптонимы: С.
Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню быту і творчасці беларускага народа.
Нарадзіўся ён у в. Бялевічы Слуцкага павета Мінскай губерні (зараз Слуцкі раён Мінскай вобласці) у сям’і лесніка. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Вызненскім народным вучылішчы, пасля заканчэння якога паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. З 1884 г. працаваў у народных вучылішчах на Мазыршчыне і Случчыне. Выкладчыцкую дзейнасць сумяшчаў са збіральніцтвам этнаграфічнага і фальклорнага матэрыялу: запісваў купальскія і вясельныя абрады, песні, казкі, паданні. У 1891 г. на старонках “Минских губернских ведомостей” з’явіўся першы нарыс А.К. Сержпутоўскага “Голос из глуши”, у якім аўтар пазнаёміў чытачоў з жыццём сялян в. Лучыцы, іх бытам, заняткамі і традыцыямі. За час настаўніцтва было надрукавана ў гэтай газеце звыш 20 публікацый.
У 1893 г. А.К. Сержпутоўскі пераехаў у Мінск, дзе працаваў пісарам у аддзяленні сялянскага пазямельнага банка, пазней у Мінскім паштова-тэлеграфным ведамстве. У 1896 г. пераехаў у Санкт-Пецярбург, стаў супрацоўнікам паштамта. Работу сумяшчаў з вучобай у Санкт-Пецярбургскім археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах. У 1904 г. скончыў інстытут і праз два гады ўладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел Рускага музея. Менавіта ў гэты час вучоны пачаў наладжваць экспедыцыі ў Беларускае Палессе і сам удзельнічаў у іх. Вынікі паездак абагульніў у нарысе “Беларусы-палешукі” (1908, рукапіс) і працах “Очерки Белоруссии” (1907–1909), “Земледельческие орудия Белорусского Полесья” (1910), “Бортничество в Белоруссии” (1914) і інш. Выдаў зборнікі “Сказки и рассказы белорусов-полешуков” (1911) і “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета” (1926), дзе поўнасцю захаваў асаблівасці мовы апавядальнікаў. Яны сталі каштоўнай крыніцай для вывучэння беларускіх гаворак. У 1930 г. А.К. Сержпутоўскі апублікаваў “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў”. За “Зборнік беларускіх прыказак і прымавак” (1908, рукапіс, збераглася толькі яго частка) вучоны атрымаў малы залаты медаль Аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства.
Вывучаючы і збіраючы фальклор, А.К. Сержпутоўскі не абмінуў увагай песню, у якой бачыў адлюстраванне духоўнага жыцця беларусаў. З сабранага найбольш цікавымі з’яўляюцца каляндарна-абрадавыя песні – калядныя, валачобныя, жніўныя і інш. Вучоны сцвярджаў, што абрадавыя творы трэба вывучаць у цеснай сувязі з асяроддзем, дзе яны бытуюць. Таму тэксты песень дапаўняў апісаннямі рытуалаў, якія іх суправаджалі. Захаваўся рукапісны зборнік “Беларускія песні”, дзе змешчаны 53 творы, запісаныя ў канцы 1890-х гг. у Мазырскім павеце. Вялікую каштоўнасць уяўляюць песні траецкія (русальныя) і талочныя, якія дапамагаюць пазнаёміцца з абрадамі і звычаямі беларуса-палешука.
Значны ўклад унёс А.К. Сержпутоўскі ў беларускае мовазнаўства. Ён вывучаў дыялекты (“Грамматический очерк белорусского наречия дер. Чудина Слуцкого уезда Минской губернии”, 1911), падрыхтаваў да друку “Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы” (1919, не захаваўся). У 1926 г. удзельнічаў у рабоце акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Пераклаў некаторыя творы Т. Шаўчэнкі (апублікаваны ў 1918 г. у часопісе “Чырвоны шлях”). Тут жа былі надрукаваны артыкулы пра станаўленне беларускай народнасці, паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыя публіцыстычных нарысаў.
Па даручэнні Рускага геаграфічнага таварыства вучоны склаў беларускую частку этнаграфічнай карты Расіі, якая была ўдастоена малога залатога медаля. Ён чытаў курс лекцый “Беларусь і яе насельніцтва” ў нядзельным рабочым універсітэце, выкладаў у беларускай школе ў Петраградзе, з’яўляўся правадзейным членам Інбелкульта. Вучоны адным з першых пачаў адстойваць неабходнасць стварэння ў складзе этнаграфічнага аддзела Рускага музея самастойнага беларускага аддзялення. Яно было адкрыта 24 мая 1931 г., займалася даследаваннем жыцця беларусаў і народаў, якія жылі на тэрыторыі нашай краіны, – яўрэяў, палякаў, латышоў, літоўцаў. Аляксандр Казіміравіч распрацаваў планы перасовачных выставак “Беларусы”, “Украіна”, “Беларусы і БССР”, адбіраў беларускія экспанаты для міжнароднай этнаграфічнай выстаўкі (адбылася ў 1939 г. у Ліверпулі). Камісія падрыхтавала 22 адзінкі, з якіх 16 былі набыты А.К. Сержпутоўскім. Сярод іх – пояс з нацыянальным арнаментам, вышытым баваўнянымі і шарсцянымі ніткамі, упрыгожаны белымі вязанымі карункамі (куплены вучоным у Рэчыцкім раёне).
Шырокае кола навуковых інтарэсаў, актыўная грамадзянская і жыццёвая пазіцыя А.К. Сержпутоўскага дазволілі яму заняць пачэснае месца сярод выдатных беларусазнаўцаў. Навуковыя працы, кнігі, шматлікія архіўныя матэрыялы вучонага і сёння прыцягваюць увагу фалькларыстаў, літаратараў, гісторыкаў, а таксама шырокай чытацкай аўдыторыі. Дарэвалюцыйныя выданні А.К. Сержпутоўскага сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Яго рукапісная спадчына захоўваецца ў Расійскім этнаграфічным музеі, Пушкінскім Доме, Дзяржаўным Рускім музеі, Расійскай акадэміі навук (усе ўстановы – у Санкт-Пецярбургу), Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.